viasna on patreon

Працягнуўся суд над рок-музыкантам Ігарам Банцарам. Ён абвясціў сухую галадоўку і адмовіўся ад адваката Дапоўнена

2021 2021-03-04T16:30:00+0300 2021-03-04T17:45:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bancer.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Банцэр у судзе. Фота: TUT.BY

Ігар Банцэр у судзе. Фота: TUT.BY

Справу прадстаўніка горадзенскага андэграўнду Ігара Банцара пачалі разглядаць у судзе Ленінскага раёну Гродна трэцяга сакавіка. Банцара вінавацяць паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу. Яго вінавацяць у тым, што танцаваў без штаноў перад машынай ДАІ, перадае "Радыё Свабода". Публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаннем інфармацыі БелаПАН.

Справу разглядае судздзя Наталля Козел. Пракурор — Сяргей Нічыпарук. Пацярпелы міліцыянт — Сяргей Багдзевіч.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, 5 верасня гарадзенец выйшаў на вуліцу з забаўляльнай установы на вуліцы Горкага, убачыў машыну міліцыі, падышоў да лабавога шкла і пачаў дэманстраваць геніталіі. Паводле дзяржаўнага абвінавачання, ён быў у ап’яненні, агаліў свае палавыя органы і дэманстраваў іх міліцыянту і кіроўцу ў службовай машыне. Сваю віну фігурант прызнаў часткова.

Да пачатку суду фігурант трымаў у руках аркуш з надпісам «Справядлівасьці няма», упаў на падлогу, нібыта страціў прытомнасць.

«Шмат людзей прыйшло. Адразу стала душэўна, як на вечарыне», — сказаў Банцар да пачатку паседжання.

Што кажа абвінавачаны?

Банцар паведаміў суду, што нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, сваім пастаянным месцам жыхарства назваў «планету Зямля». «Я касмапаліт... Праз локдаўн я жыў у Беларусі», — адзначыў ён.

«Мяне судзяць за танец», — паведаміў ён судздзі, калі тая зрабіла яму заўвагу, каб ён не танцаваў у судзе.

Банцар заявіў хадайніцтва, каб паседжанне вялося толькі на беларускай мове. Суд яго адхіліў. У судзе ён абвясціў сухую галадоўку, бо справа, на ягоную думку, мае палітычныя матывы. Таксама ён адмовіўся ў судзе ад адваката: «Канстытуцыя мяне абароніць». Адвакат сышоў з залі.

Што кажа пацярпелы?

Пацярпелы міліцыянт Ленінскага РАУС Горадні Сяргей Багдзевіч сядзеў за стырном міліцэйскай машыны, калі ўбачыў, што побач з машынай «танцуе голы мужык». Потым той збег у натоўп. Багдзевіч узяў дручок, выйшаў з машыны, аднак не пабег у натоўп за Банцарам, таму што быў адзін.

«У сувязі з мітынгамі і ўсёй гэтай абстаноўкай я адзін не пабег у натоўп, бо невядома, якія там грамадзяне», — сказаў міліцыянт.

«То бок вы не пабеглі за мной і не спынілі крымінальнае злачынства праз палітычную абстаноўку?» — удакладніў Банцар.

«Бо я расцаніў гэта як пʼяную выхадку. Я ня думаў, што гэта крымінальна трэба караць», — адказаў пацярпелы.

«Ён вельмі свабодны, а гэта ў нашай краіне нельга», — сказала пасля суду маці Ігара Банцара Тамара Мікалаеўна.

Допыт абвінавачанага

Чацвёртага сакавіка разгляд справы працягнуўся, паведамляе Гарадзенская Вясна.

Ігар Банцэр на пачатку працэсу трымаў у руках плакат “Галадоўка” і віншаваў канвой з днём міліцыі. Таксама актывіст адмовіўся сядаць і ўвесь час стаяў. На пачатку паседжання ён атрымаў ад суддзі два папярэджанні.

Сведкам на працэсе выступіў супрацоўнік Ленінскага РАУС Гародні Андрэй Каралько. Пасля пракурор прапанаваў перайсці да допыту абвінавачанага і змяніць парадак разгляду справы. Суддзя Козел спытала, ці на гэтай стадыі патрэбен Банцару адвакат, той заявіў, што не патрэбен. Пасля гэтага суддзя пастанавіла змяніць парадак разгляду справы і перайсці да допыту Банцара.

Далей пракурор і суддзя задавалі Банцару пытанні, ён падрабязна на іх адказваў.

У матэрыялах справы гаворыцца пра тое, што Ігар Банцар быў у стане алкагольнага ап’янення. Ігар, які адмовіўся ад адваката і абараняе сябе сам, заявіў, што ужо даўно не ўжывае алкаголю, яшчэ з 2008-га году. І што сваім танцам не збіраўся нікога абразіць. Ён нават папрасіў прабачэння ў тых, хто абразіўся тым, што пад час танца ён зняў порткі і паказаў ніжнюю бялізну, хоць пры гэтым заявіў, што не шкадуе пра здзейснены ўчынак і не бачыць у ім аніякага парушэння грамадскага парадку. Бо нават падчас таго, як ён зняў порткі, на ім былі стрынгі і ў дадатак ён прыкрываўся барсеткай. Аніякіх недазволеных грамадскай мараллю і заканадаўствам частак цела, па словах музыкі, ён не збіраўся дэманстраваць. Ён называе свае дзеянні постмадэрновым арт-перфомансам.

Пасля перапынку пракурор агучыў пратакол агляду дыску, на якім відэа танца Банцара. Зрэшты, апошні і не адмаўляў, што гэта ён. Пасля прагляду відэа хацелі паслухаць сведку па прозвішчы Канюшка, але таго не было. Пракурор настаяў на выкліку гэтага сведкі.

Суддзя аб'явіла перапынак да заўтра, 5-га сакавіка, калі ў 10.30 працягнецца гэты судовы працэс.


Ігар Банцар — рок-музыкант з Горадні, лідэр стрыт-панкавага гурту Mister X. Называе сябе «легендай андэграўнду» і «зоркай рок-н-ролу». Яму 41 год, жанаты з экс-кіраўніцай незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі Анжалікай Арэхвай, мае траіх дзяцей 8, 10 і 16 гадоў. Раней не судзімы.

Банцар лічыць сябе апалітычным, аднак летась хадзіў на вулічныя пратэсты, дзе яскрава праяўляў сябе: махаў бел-чырвона-белым сьцягам на даху аўтамабіля, танцаваў перад судом з ружовым сцягам. Летась тройчы сядзеў па адміністрацыйных справах за мітынгі, агулам 18 сутак.

20 кастрычніка Банцара затрымалі па крымінальнай справе аб хуліганстве — за тое, што танцаваў перад міліцыяй без штаноў. 4,5 месяца ён пад вартай. Яго прымусова вазілі ў Навінкі на псіхіятрычную экспэртызу, тая паказала, што ён адэкватны. У горадзенскім СІЗА трымалі ў адзіночнай камэры, змяшчалі ў карцар. З турмы ён перадаў пажаданне сустрэцца з натарыюсам і напісаць тэстамэнт.

Незадоўга да затрыманьня ў кастрычніку Ігар Банцар даў "Радыё Свабода" невялікае інтэрв'ю, якое раней не публікавалася.

— 10 гадоў паміж кампаніямі 2010 і 2020 году працаваў нізавы актывізм. Людзі выхаваныя на нейкіх прыкладах, размовах, сустрэчах. Усё гэта як у скарбонку кладзеш, і з цагліначак складаецца падмурак. Тут эфэкт матылька: мы гэта зрабілі сёння, а эфэкт заўтра, праз год, праз 10 год. Тое, што ў Беларусі зараз адбываецца, я спадзяюся, скончыцца.

Усё мае плён. Хтосьці ходзіць у ружовым, хтосьці спыняе тэатральную пастаноўку і кажа: «Мы ня можам з сябе рабіць вялікіх актораў, калі затрымліваюць нашых супрацоўнікаў», хтосьці звальняецца з міліцыі, хтосьці звальняецца з простай працы. Роля асобы ў гісторыі — наколькі гэта важна?

Хачу ў турму, каб кніжку напісаць. То бок у турму не хачу, але няма варыянту, бо ў мяне тры кніжкі ляжаць, толькі калі пасадзяць надоўга, будзе час. Мая карэктарка кажа, што ёй было б зручней правяраць у электронным варыянце, а я кажу, што буду пісаць лісты. Тады яна кажа, каб пакідаў шырокія радкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства