Віцебск: год "хіміі" — за "здзек" са сцяга
Першага сакавіка суд Кастрычніцкага раёна Віцебска асудзіў 24-гадовага грамадзяніна Ш. да аднаго года абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, паведамляе сайт Вярхоўнага суда. Яго прызналі вінаватым па артыкуле 370 Крымінальнага кодэкса.
Суд устанавіў, што абвінавачаны Ш. у стане алкагольнага ап'янення знаходзіўся каля крамы ААТ "Веста" ў Віцебску. На вачах у старонніх ён дастаў з насценнага кранштэйна будынка крамы флагшток з дзяржаўным сцягам Беларусі і дэманстратыўна кінуў яго на зямлю, у выніку чаго пашкодзіў наверша флагштока. Яно разбілася, прычыніўшы ААТ "Веста" маёмасную шкоду — 21,77 рублёў.
Абставінамі, якія змякчаюць адказнасць, прызнаныя поўнае прызнанне віны, чыстасардэчнае раскаянне, пакрыццё шкоды. Акалічнасцю, якая абцяжарвае адказнасць, прызнанае здзяйсненне злачынства асобай у стане алкагольнага ап'янення.