За тры ўдары па капоце машыны ДАІ мужчыну судзяць па трох артыкулах Відэа
У судзе Маскоўскага раёна г. Мінска 19 лютага пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 33-гадовага Аляксандра Дзяркача, якога абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 342 – "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх";
- арт. 364 – "Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў";
- ч. 1 арт. 218 – "Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці".
Справу разглядае суддзя Юрый Машкетаў. Пацярпелы - інспектар ДАІ Андрэй Дубовіч.
У судзе прысутнічае прадстаўнік грамадзянскага істца - вядучы спецыяліст аддзела фінансаў ГУУС Мінгарвыканкама Алена Глянцэвіч.
Абаронца заявіла хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы квітанцыі аб аплаце ў адрас ГУУС 1604 рублі 6 капеек, якую кампенсаваў бацька абвінавачанага. Прадстаўніца ГУУС хадайнічала аб далучэнні дакумента з удакладненымі патрабаваннямі па суме нанесенай шкоды - 2001 рубля 12 капеек. Абодва хадайніцтвы былі задаволеныя.
Што кажа абвінавачванне?
Паводле абвінавачвання, Аляксандр Дзяркач увечары 9 жніўня на скрыжаванні пр. Машэрава і вул. Заслаўскай у Мінску з мэтай публічнага выказвання свайго меркавання ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў рукамі. Таксама ён з іншымі грамадзянамі выйшаў на праезную частку дарогі і блакаваў яе для праезду спецтранспарту, непадпарадкаваўся законным патрабаванням лейтэнанта міліцыі Дубовіча, які быў у форменным абмундзіраванні ў аўтамабілі ДАІ з уключанымі пробліскавымі маячкамі і патрабаваў ад грамадзянаў спыніць супрацьпраўныя дзеянні, пакінуць праезную частку.
Ён жа ў групе актыўных удзельнікаў, з мэтай перашкодзіць законным дзеянням супрацоўнікаў АУС па ахове грамадскага парадку, маючы азлобленасць у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, знаходзячыся на праезнай частцы наносіў удары рукамі і нагамі па аўтамабілі ДАІ (5 удараў рукой па капоце і 3 удары нагой па дзвярах), наўмысна прадэманстраваў пагрозу прымянення гвалту да Дубовіча.
У выніку ў аўтамабіля ДАІ былі дэфармаваныя левая пярэдняя дзверца, правае пярэдняе крыло, што пацягнула маёмасную шкоду для ГУУС на суму 2204 рублі.
Аб чым распавёў падсудны?
Аляксандр Дзяркач па арт. 342 КК сваю віну прызнаў цалкам, а па арт. 364 і 218 – часткова.
Падчас дачы паказанняў, указаў, што бачыў рэкламу ў сацыяльнай сетцы аб нейкім масавым мерапрыемстве ў Мінску, першапачаткова 9 жніўня ён быў у ГЦ «Замак», потым пайшоў гуляць па горадзе – быў выхадны дзень, добрае надвор'е. На праспекце Машэрава ён убачыў невялікую колькасць людзей, яму стала цікава, ён вырашыў застацца паглядзець, што адбываецца.
Першапачаткова на дарозе нікога не было, абвінавачаны быў адзін, але вакол было няшмат людзей без сімволікі. Сам ён таксама лозунгаў не выкрыкваў, у далоні не пляскаў, кажа, што ўвогуле апалітычны. Калі пачаліся выбухі і пачалі ездзіць хуткія, Аляксандр Дзяркач выбег на дарогу:
"Спалохаўся, былі вельмі гучныя выбухі, якіх я за свае 33 гады ніколі ў Мінску не бачыў. Я выбег у шокавым стане".
Іншыя людзі пабеглі, ён таксама пабег за імі. Руху не было інтэнсіўнага на дарозе, але ён перашкодзіў праехаць машыне ДАІ, якая суправаджала аўтазак. Падсудны не адмаўляе, што ўключаныя пробліскавыя маячкі на машыне ДАІ азначаюць, што такую машыну трэба бесперашкодна прапусціць. Аляксандр Дзяркач кажа, што падняў руку, каб машына спынілася, каб яна не збіла яго.
Таксама адзначыў, што пад эмоцыямі паказаў сярэдні палец, чым, верагодна, абразіў супрацоўніка ДАІ, але асабістай непрыязнасці да супрацоўнікаў унутраных спраў няма.
Акрамя таго, Аляксандр Дзяркач тры-чатыры разы ляпнуў далонню па капоце, не вельмі моцна, бо супрацоўнік ДАІ да гэтага збавіў ход. Лічыць, што ад яго дзеянняў не мог быць пашкоджаны аўтамабіль. Па словах абвінавачанага, ён не здзяйсняў пяць удараў па капоце, а менавіта 3-4 хлапкі, а па пярэдняй дзверцы зусім не наносіў удараў. Кажа, што на відэа гэта відаць.
Аляксандр Дзяркач адзначае, што не чуў, каб супрацоўнік міліцыі казаў пра тое, што грамадзяне павінны разысціся і даць магчымасць машыне праехаць.
Затрыманы абвінавачаны быў 21 кастрычніка супрацоўнікамі САХР і міліцыі. Гэта было знята на аператыўнае відэа.
Аляксандр Дзяркач раскайваецца ў тым, што ўзяў удзел у незаконным масавым мерапрыемстве, калі выбег на праезную частку, і магчыма спалохаў супрацоўніка ДАІ, калі ляпнуў па катопе аўтамабіля. Частка заяўленай кампенсацыі аплаціў бацька па ўласнай ініцыятыве, з мэтай магчымага вызвалення падсуднага пад хатні арышт, а пазней яшчэ частка – каб знялі арышт з маёмасці: аўтамабіля, ноўтбука, мабільнага тэлефона.
Падчас допыту ў следчага Аляксандр Дзяркач казаў, што вырашыў далучыцца да групы грамадзян, якія хацелі блакаваць дарогу. Бачыў машыну ДАІ, якая сігналіла, каб людзі вызвалілі праезную частку, але яны ніяк не рэагавалі. Ён пачаў выказвацца нецэнзурнай лаянкай на адрас супрацоўніка ў аўтамабілі, пасля паказаў яму сярэдні палец правай рукі, нанёс каля 3-4 удараў па капоце, затым адышоў у бок ад машыны.
У судзе абвінавачаны ўдакладніў, што пратакол мог быць запісаны з памылкамі.
Пацярпелы заявіў кампенсацыю маральнай шкоды за парушэнне сну
Пасля ў судзе быў дапытаны пацярпелы - 23-гадовы інспектар ДАІ Андрэй Дубовіч. Ён распавёў, калі пад'ехаў на скрыжаванне пр. Машэрава і Заслаўскай, на праезнай частцы было шмат людзей, былі чутныя заклікі аб блакаванні руху. Таксама была чутная нецэнзурная лаянка, у тым ліку ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.
Абвінавачаны перагарадзіў праезд, у адрозненне ад іншых удзельнікаў - ён быў з барадой і без маскі, нанёс 3-4 удары па капоце ў момант павольнага руху машыны ДАІ, а таксама паказаў нецэнзурны жэст. Андрэй Дубовіч лічыць, што абвінавачаны выказваў негатыў у дачыненні да яго, як яму здаецца - выказваўся нецэнзурнай лаянкай у яго адрас. Былі і іншыя ўдзельнікі, якія стукалі па машыне.
Усе дзеянні Дзеркача пацярпелы успрымаў як пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да сябе. Першапачаткова Дубовіч быў дэзарыентаваны, калі ад'язджаў назад, абвінавачаны магчыма нанёс 2-3 удары па левай дзверцы. Ад дзеянняў падсуднага на машыне ўтварыліся ўвагнутасці.
Праехаць супрацоўніку ДАІ не ўдалося, таму ён па камандзе з дзяжурнай часткі з'ехаў з месца падзей.
Свае маральныя пакуты Андрэй Дубовіч ацаніў у 700 рублёў, але просіць перавесці кампенсацыю на лячэнне дзіцяці. Маральная шкода была ў тым, што супрацоўнік ДАІ адчуваў сябе прыгнечана, не мог заснуць некалькі дзён, знаходзіўся ў стрэсе, прымаў супакойваючыя прэпараты.
Таксама ў працэсе былі заслуханыя патрабаванні па грамадзянскай пазове. Так як частка заяўленай кампенсацыі ГУУС Мінгарвыканкама была аплачана ў добраахвотным парадку, то супрацоўніца ГУУС да наступнага пасяджэння будзе ўдакладняць дадзеныя і іскавыя патрабаванні.
Выступілі тры сведкі - супрацоўнікі АУС, якія знаходзіліся ў аўтазаку, што суправаджала машына ДАІ. Яны паказалі, што ў корпус аўтазака прыляцела бутэлька з запальнай сумессю, уся машына была ў газе, хтосьці адламаў дворнік, хтосьці разбіў бакавое шкло, былі разбітыя фары. Было бачна, што людзей было шмат, што яны таксама здзяйснялі нейкія дзеянні ў дачыненні да машыны ДАІ: крычалі, замахваліся рукамі, стукалі па капоце, але хто канкрэтна здзяйсняў такія дзеянні сказаць не могуць.
Ёсць разыходжанне ў паказаннях сведак па адлегласці ад машыны ДАІ да аўтазака, колькасці людзей, якія выйшлі на блакаванне руху. Таксама, двое сведак сказалі, што грамадзяне блакавалі рух каля 7-10 хвілін, а трэці сказаў - каля хвіліны. Акрамя таго, апошні сведка адзначыў, што быў выстаўлены грамадзянскі транспарт для блакавання дарогі.
Пасля гэта ў судзе быў абвешчаны перапынак да 10.00 23 лютага.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс.