viasna on patreon

За каментар у "Аднакласніках" – 1,5 года "хатняй хіміі" і 2000 рублёў кампенсацыі?

2021 2021-02-18T17:37:57+0300 2021-02-18T18:47:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/femida_3_7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Илюстрацыйнае фота БелаПАН.

Илюстрацыйнае фота БелаПАН.

У судзе Бярозаўскага раёна ў другой палове дня 17 лютага пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Віталя Талсцяка па абвінавачванні яго ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). 

Справу вядзе суддзя Людміла Рудзіна. Дзяржабвінавачанне падтрымлівае намеснік пракурора Дзмітрый Яфімаў.

Пацярпелы - старшы ўчастковы інспектар Баранавіцкага РАУС Сяргей Коўш.

На пачатку працэса абвінавачаны хадайнічаў аб тым, каб суд праходзіў у закрытым рэжыме. Ад паслуг абаронцы адмовіўся.

Суд адхіліў заяўленае хадайніцтва.

Паводле абвінавачвання, Віталь Талсцяк, маючы намер на абразу супрацоўніка органаў унутраных спраў Баранавіцкага РАУС, з помсты за выкананне ім службовай дзейнасці па ахове грамадскага парадку ў перыяд правядзення мітынгаў на тэрыторыі горада, звязаных з выбарамі прэзідэнта Беларусі, 27 жніўня прыкладна ў 21.59 гадзін знаходзячыся па месцы свайго жыхарства, выкарыстоўваючы ў якасці сродку здзяйснення злачынства мабільны тэлефон, размясціў у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" са сваёй старонкі негатыўны каментар пад фатаграфіяй участковага Сяргея Каўша. У наступным фатаграфія службовай асобы з абразлівым подпісам была прагледжана неабмежаванай колькасцю карыстальнікаў. Тым самым Талсцяк прынізіў гонар і годнасць прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў і здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Абвінавачаны прызнаў віну цалкам.

Віталь Талсцяк распавёў у судзе, што зарэгістраваны ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" даўно, гадоў 5-7. Увечары 27 жніўня ён вярнуўся дадому пасля працы, пасварыўся з жонкай. Прачытаў навіны ў "Аднакласніках", убачыў фатаграфію пацярпелага, пад якой было пазначана, што ён удзельнічаў у разгонах мірных дэманстрантаў. Ён адкрыў каментары і напісаў свой.

Праз некалькі дзён ўсвядоміў, што здзейсніў памылку, хацеў выдаліць каментар, але функцыя выдалення ўжо не працавала. Пасля да Віталя прыйшлі з міліцыі, правялі ператрус і апытанне.

Кажа, што не знаёмы з пацярпелым, але калі размяшчаў каментар быў у дрэнным настроі і разумеў, што на фота супрацоўнік міліцыі.

Вельмі раскайваецца ў зробленым, прасіў прабачэння раней перад ім, шкадуе аб тым, што зрабіў. Прызнае, што надпіс з'яўляецца абразлівым, але тады гэтага не разумеў.

"За ўвесь час працы ніхто не казаў нічога дрэннага за спіной"

Пасля гэтага быў дапытаны пацярпелы Сяргей Коўш.

Ён распавёў, што з 1999 года па лістапад 2020 года працаваў на пасадзе ўчастковага РАУС, і па родзе дзейнасці ведае многіх у баранавіцкім раёне, як і многія жыхары ведаюць яго. Але з Віталём Талсцяком ніколі не перасякаўся.

У канцы жніўня Сяргею Каўшу сталі тэлефанаваць людзі, з якімі ён знаёмы вельмі даўно, і дасылаць інфармацыю з "Аднакласнікаў", дзе была размешчана яго фатаграфія і каментары пад ёй. Некаторыя карыстальнікі сацсеткі выступалі ў абарону пацярпелага, было 5-6 абразлівых каментароў, яму было непрыемна чытаць і чуць у наступным пра гэта ад знаёмых.

Так, Віталь Талсцяк напісаў: "Ты капитан – тварь". Сяргей Коўш звярнуўся да кіраўніцтва, каб абаранілі яго гонар і годнасць, бо абразлівыя выказванні былі не абгрунтаваныя. Пры гэтым ён у жніўні выконваў свае службовыя абавязкі. Лічыць, што каментар Талсцяка быў абразлівым.

"За ўвесь час працы ніхто не казаў нічога дрэннага за спіной. Калі казалі ў твар прама – тады я пачынаў адміністрацыйны працэс у дачыненні да такога чалавека, паводле заканадаўства", - адзначыў Сяргей Коўш.

Пасля размяшчэння інфармацыі ў сацсетцы, на старонку да пацярпелага прыходзіла па 100 чалавек, і ён быў вымушаны закрыць свой акаўнт.

Абвінавачаны ўжо пасля таго, як была ўзбуджаная крымінальная справа, тэлефанаваў Сяргею Каўшу і прапаноўваў прыехаць у Баранавічы паразмаўляць, але пацярпелы сказаў, што ўбачацца на судзе.

Міліцыянер заявіў кампенсацыю аб прычыненай маральнай шкодзе ў памеры 2000 рублёў і просіць спагнаць яе з падсуднага.

Таксама Сяргей Коўш думае, з прычыны таго, што Віталь Талсцяк усвядоміў сваю віну і мае траіх малалетніх дзяцей, яго не варта караць строга.

Пацярпелы прасіў выдаліць з залы суда жанчыну, якая вядзе аўдыёзапіс. Але суд адмовіў, бо аўдыёзапіс адкрытага судовага паседжання весці не забаронена.

Віталь Талсцяк прызнаў заяўленыя пазоўныя патрабаванні і пагадзіўся добраахвотна часткова выплаціць суму да вынясення рашэння па справе.

Аб чым распавялі сведкі? 

У судзе былі дапытаныя сведкі па справе. Так Кацярына Собаль распавяла, што ніколі раней з абвінавачаным не сустракалася, пацярпелага таксама не ведае. Але яна размяшчала таксама каментар пад фота Сяргея Каўша, дзе было напісана, што ён збіваў мірных грамадзянаў. Па словах Кацярыны Собаль, фота ў "Аднакласніках" выклаў тэлемайстар Пётр Зяневіч. Сведка кажа, што ў яе быў эмацыйны ўсплёск, і яна напісала слова "мразь", пра што цяпер шкадуе. Пакуль яе не прыцягвалі да адказнасці, але яна чакае суда. Таксама яна сказала, што пакінула каментар, больш не заходзіла на старонку, іншыя каментары не чытала, а следчы, які прыязджаў дадому, сказаў, што яна павінна быць сведкай і сказаць, што яна паддалася ўплыву Зяневіча.

Сведкам выступіла жонка абвінавачанага Вольга Талсцяк, якая распавяла, што яны з мужам 27 жніўня пасварыліся, ён быў на эмоцыях, адкрыў "Аднакласнікі", убачыў фота міліцыянера і абразлівыя каментары і "выплюхнуў". Потым хацеў выдаліць, але магчымасці не было, кожны дзень шкадуе і перажывае з нагоды зробленага. Характарызуе яго са станоўчага боку, кажа, што дапамагае па хаце і з дзецьмі.

Пасля гэтага былі даследаваны пісьмовыя матэрыялы справы.

У спрэчках бакоў пракурор Дзмітрый Яфімаў прасіў прызнаць Віталя Талсцяка вінаватым у здзяйсненні злачынства па арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Змякчальнымі абставінамі прасіў лічыць траіх дзяцей на ўтрыманні ў абвінавачанага, абцяжваючых абставінаў - не ўстаноўлена. Прасіў суд прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў. Таксама прасіў спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды на меркаванне суда.

Пацярпелы сказаў, што яму няма чаго дадаць, а рашэнне аб пакаранне - пакінуць на меркаванне суда. Іскавыя патрабаванні падтрымаў.

Абвінавачаны сказаў, што заяўленае пакаранне лічыць строгім, так як ён адзін працуе ў сям'і і ў яго трое дзяцей.

У апошнім слове Віталь Талсцяк сказаў, што раскайваецца ў зробленым, прызнае віну цалкам і прасіў суд строга не судзіць.

Абвяшчэнне прысуду адбудзецца 19 лютага ў 11.30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства