viasna on patreon

Другі дзень суда над Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай

2021 2021-02-16T23:23:23+0300 2021-02-17T11:56:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_andreeva_chultsova_011.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года. Фото: АВ / Белсат

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года. Фото: АВ / Белсат

У судзе Фрунзенскага раёну Менску 16 лютага адбылося другое паседжанне ў справе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, паведамляе Белсат. Дзяўчат вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Справу разглядае суддзя Наталля Бугук.

17:55 На сёння суд завершаны. Працяг працэсу – 17 лютага а 10:00.

17:50 Выклікалі сведку з «Менсктрансу» Рамана Прановіча. Ён пацвердзіў, што страты скампенсавалі ў поўным аб’ёме.

«Прэтэнзіяў ў «Менсктрансу» няма, бо ўсё страты скампенсаваныя ў поўным аб’ёме», – заявіў Раман Прановіч.

17:45 Суддзя зачытвае стэнаграму стрыму, пададзеную абаронай, з удакладненнямі і выпраўленнямі ў параўнанні са стэнаграмаю следства.

17:40 Прадстаўнікі місіі ЕЗ сышлі з паседжання. У калідоры пачалі прыбіраць рамкі, праз якія прапускалі людзей. У судзе цяпер зачытваюць характарыстыкі Кацярыны Андрэевай і розныя даведкі.

17:15 У судзе пералічваюць рэчы, якія вынялі ў Кацярыны Анрэевай дома. «Атрымаць доступ не ўяўляецца магчымым», – словы пракурора ў дачыненні тэлефона Кацярыны.

17:05 У суд выклікаюць сведку Рамана Прановіча, начальніка ўпраўлення арганізацыі перавозак дзяржаўнага прадпрыемства «Менсктранс».

Раман Прановіч, начальнік упраўлення арганізацыі перавозак дзяржаўнага прадпрыемства «Менсктранс». Фота: Белсат
Раман Прановіч, начальнік упраўлення арганізацыі перавозак дзяржаўнага прадпрыемства «Менсктранс». Фота: Белсат

16:40 Пракурор далей зачытвае стэнаграмы званкоў у міліцыю: скаргі на тое, што людзі збіраюцца, што аўтамабілі сігналяць і што людзі адчыняюць дзверы ў пад’езды і не даюць зачыняць. Звоняць таксама са скаргамі, што ў пад’ездзе хтосьці хаваецца. Яшчэ адзін чалавек пазваніў у 102 з падзякай (верагодна, пасля разгону. – Заўвага belsat.eu).

16:30 Бацька Кацярыны Андрэевай атрымаў апошняе папярэджанне ад суддзі, бо нібыта перашкаджаў весці паседжанне.

Бацька Кацярыны Андрэевай: Высокі суд, дазвольце звярнуцца.

Суддзя: Не дазваляю.

Пракурор зачытвае расшыфроўванні званкоў жыхароў плошчы Пераменаў у міліцыю са скаргамі на мітынг. Адзін мужчына званіў са скаргаю на маладых людзей, якія блакуюць рух. Другі просіць нікуды не перадаваць інфармацыю, бо ў яго «сям’я, дзеці». Яшчэ адна жанчына просіць прыслаць аўтазакі. Паводле пракурора, агулам паступіла больш за дзясятак скаргаў на нумар 102.

16:15 У судзе пачалі глядзець відэазапіс допыту Дар’і Чульцовай. На відэа Даша адмаўляецца адказваць на пытанне следчага. Камера ляжыць на стале, як быццам схаваная. Суддзя папрасіў выключыць відэа і перайсці да наступных доказаў.

З калідору выклікаюць сведку Рамана Прановіча – гэта начальнік упраўлення арганізацыі перавозаў дзяржаўнага прадпрыемства «Менсктранс». Яго няма.

16:05 Пракурор задае пытанні Кацярыне:

– Вы распавядалі, што свяцілі ліхтаром, дрон лятаў. Чаму вы баяліся гэтых з’яваў?

Быць можа таму, што маіх калегаў раней збівалі, ламалі косці і стралялі ў журналістаў? Вы б не баяліся?

– У стрыме вы як журналіст мусілі агучваць тое, што адбывалася, ці агучвалі тое, што кажуць іншыя крыніцы інфармацыі?

– Я дастаткова кампетэнтная, каб разабрацца, што агучваюць.

– Ці ўваходзіла ў вашыя абавязкі неабходнасць агучваць тое, што паведамляюць іншыя крыніцы інфармацыі?

– У нас у журналістыцы прынята спасылацца на крыніцы інфармацыі. […] Мая мэта была – правесці рэпартаж.

– Якім чынам кіроўцы маглі дапамагчы абараніць людзей у тым раёне ад прыезду спецтэхнікі?

– Адкуль я ведаю? Я спасылалася на буйныя навінавыя тэлеграм-каналы.

– У чым была неабходнасць адпірацца, падаць на падлогу?

– Магчыма, таму, што маіх калегаў пры затрыманнях збівалі каленам у жывот, ламалі ім косці, таму, што стралялі ў маю калегу-фаторгафа. Гэта ўсё рабілі сілавікі. […] А вам бы не было страшна на маім месцы?

– Вы меркавалі, што да вас можа ўжывацца фізічная сіла ў сувязі з тым, што вы не ажыццяўляеце ніякай супрацьзаконнай дзейнасці?

– Не, я так не думала. Я выконвала свае прафесійныя абавязкі.

Адвакат Кацярыны Андрэевай Сяргей Зікрацкі просіць далучыць запыт абароны да адмыслоўца НАН дзеля ацэнкі, ці ўтрымлівае запіс заклікі, а калі так, то якія. Суддзя вызначыць пазней, пасля даследавання доказаў.

15:55 Прагляд закончыўся, абарона зрабіла заўвагі, што некаторыя фразы з пратаколу не гучалі ў прадэманстраваным відэа. Пракурор зачытвае пратакол дадатковага агляду доказаў і цытуе некаторыя фрагменты стрыму. Зачытвае з выразам і па-беларуску. Цяпер глядзяць гэтыя фрагменты, якія цытаваў пракурор.

15:40 У судзе глядзяць апытанне, якое дзяўчаты рабілі на плошчы Пераменаў у межах стрыму. Паводле абвінавачвання, гэта таксама доказ віны журналістак. Агулам гэта больш за 10 фрагментаў стрыму.

У стрыме людзі скандуюць «Жыве Беларусь», Каця распавядае, што адбываецца, размаўляе з людзьмі. Нават канваіры ў судзе глядзяць відэа з зацікаўленасцю, перадаюць нашыя карэспандэнты.

15:35 Суд глядзіць стрым, калі рэшткі пратэстоўцаў атачылі сілавікі. Каця не вытрымала і пракаментавала: «Гэта страшна». Суддзя вынесла ёй папярэджанне: «Вам дадуць апошняе слова, і вы зможаце выказацца».

15:30 Суд глядзіць ужо канец стрыму.

«Паглядзіце на гэтых смелых хлапцоў, якія спачатку збеглі, а потым вярнуліся на праезную частку. А цяпер стаяць насупраць ГУБАЗіК і не сыходзяць», – гэта пракуратура лічыць таксама доказам каардынацыі і заклікаў.

15:10 У стрыме Кацярына Андрэева канстатуе тое, што адбываецца на плошчы Пераменаў. Суддзя глядзіць у паперы, імаверна, у стэнаграму ад адваката Кацярыны.

Даша і Каця выглядаюць стомленымі, але яны радыя пабачыць родных і блізкіх, якім удалося прайсці. Часам у клетку свеціць сонца. Каця прыкрывае вочы: напэўна, ёй бракуе сонца і неба, яна часам глядзіць у высокае вакно з кратамі.

15:05 Абаронца Кацярыны Сяргей Зікрацкі просіць прагледзець відэазапіс цалкам, бо толькі гэтак будзе зразумела, як вялі трансляцыю. Суд будзе глядзець толькі фрагменты, якія фігуруюць у пратаколе, «з мэтаю працэсуальнай эканоміі».

З судовай залы выдаляюць мужчыну. Нібыта фатаграфаваў альбо запісваў відэа.

15:00 Пракурор цытуе выказванні Кацярыны Андрэевай са стрыму, якія, як мяркуецца, даказваюць яе віну. Усё цытаты – канстатацыя фактаў. Адзіны заклік – «заклікаем быць асцярожнымі». Агулам больш за 10 цытатаў. У суддзе пачалі глядзець пачатак стрыму.

Ахова патрабуе ад людзей, якія не трапілі ў судовую залу, каб тыя не сядзелі на лесвіцы.

14:55 Пракурор дэманструе два дыскі DVD з запісам стрыму. Пракурор пачынае зачытваць цытаты Каці. Абарона падала альтэрнатыўную стэнаграму.

14:50 Абарона просіць далучыць адказы мабільных аператараў пра тое, што ў дзень акцыі мабільны інтэрнэт у Менску быў абмежаваны. Гэта важна, бо калі інтэрнэту не было, то стрым немагчыма глядзець і «каардынаваць». Суддзя задаволіў хадайніцтва.

Да справы далучылі чэкі аб аплаце стратаў «Менсктрансу».

Сілавік у адказ людзям, якія патрабуюць адчыніць дзверы зала, сказаў: «дома откройте холодильник и смотрите».

14:45 Адвакат кажа, што некаторыя цытаты са стрыму, якія ёсць у матэрыялах справы, прыведзеныя некарэктна. Просіць далучыць параўнаўчае даследаванне са стэнаграмаю. Пракурор супраць. Суддзя хадайніцтва залаволіў.

14:40 Адвакат просіць суд запытаць у ДАІ інфармацыю пра затрымкі транспарту 15-га лютага. Пракурор супраць. Суддзя пастанавіў задаволіць часткова, запыту ў ДАІ не будзе.

У калідоры засталося чакаць шмат людзей. Жанчына пытаецца, чаму такая сакрэтнасць і чаму суд закрыты. Ахова адказвае: няма месцаў.

14:30 Суд пачаўся. У судовую залу прайшлі не ўсе. Ахова адмаўляецца гаварыць, чаму людзей перасталі пускаць. Незалежных журналістаў увогуле не запрасілі.

Адвакат просіць суд запатрабаваць у «Менсктрансу» зводку пра затрымкі транспарту 15-га лютага. Пракурор супраць. Суддзя адхіліў хадайніцтва адваката.

14:16 На суд прыйшло вельмі шмат людзей. Зараз у судовую залу будуць запускаць сваякоў. Незалежных журналістаў у судовую залу не пусцілі, туды трапілі толькі дзяржаўныя.

andreeva_chulcova_sud2.jpg
Барыс Гарэцкі прыйшоў на суд над Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Фота ТК / Белсат

Як праходзіць суд над журналісткамі "Белсат" Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай

Паседжанне мусіла пачацца а 10:00, але затрымалася прыблізна на паўгадзіны. На суд пусцілі толькі акрэдытаваных журналістаў – карэспандэнты «Белсату» трапіць у залу не здолелі. Абмежаванне абгрунтавалі каронавірусам, аднак людзі, якія апынуліся па-за дзвярыма, казалі, што ў зале прысутнічала ўсяго каля 15–20 чалавек, а вольных месцаў хапала.


Нагадаем, Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў.

Стрым яны вялі з кватэры на 14-м паверсе дому, што на Смаргоўскім тракце, куды іх запрасілі гаспадары. Пасля завяршэння акцыі спецназаўцы са зброяй выламалі дзверы ў кватэру і затрымалі дзяўчат.

20 лістапада журналісткам выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для дзяўчат абралі меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай ды этапавалі ў жодзінскую турму. У Жодзіне трымалі ў асобных камерах. Напярэдадні суда дзяўчат этапавалі ў Менск.

Кацярына і Дар’я сваёй віны не прызналі. Акрамя таго, Каця наагул адмовілася даваць паказанні падчас следства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства