Суд па справе Каратчэні: пракурор просіць паўтары гады калоніі, 69 работнікаў "Беларуськалія" паставілі подпісы ў яго падтрымку Дапоўнена
У судзе Салігорскага раёна 15 лютага працягваецца разгляд крымінальнай справы па артыкуле 363 Крымінальнага кодэксу (Супраціў супрацоўніку міліцыі). На лаве падсудных – мясцовы жыхар Аляксандр Каратчэня.
Менавіта гэты мужчына, які быў зафіксаваны на відэазапісу 9 жніўня 2020 года спакойна сядзеў на лаўцы каля "Рамонка", калі да яго падбегла некалькі амалпаўцаў з дубінкамі і безпадстаўна пачалі яго збіваць. Цяпер Аляксандру пагражае да 5 год пазбаўлення волі.
Справу разглядае суддзя Вольга Пракаповіч.
З матэрыялаў следства вядома, што 9 жніўня 2020 года паблізу крамы "Цэнтральны" ў Салігорску, супрацоўнікі РАУС хацелі затрымаць мужчыну.
- Не жадаючы быць затрыманым за адміністрацыйнае правапарушэнне і дастаўленым у РАУС для высвятлення асобы і іншых абставінаў, катэгарычна адмовіўся прайсці з міліцыянтамі, - пракаментавалі ў пракуратуры. - Ён выказаўся ў іх адрас нецэнзурнай лаянкай. Перашкаджаючы свайму затрыманню, наўмысна нанёс двум супрацоўнікам АУС ўдары рукамі ў вобласць галавы, чым прычыніў ім пабоі і фізічны боль.
Пацярпелыя - супрацоўнікі Салігорскага РАУС Арцём Міхед і Аляксей Капачэня.
"Сядзеў на лаўцы, адпачываў... амапаўцы наляцелі і збілі". Новы суд у Салігорску
Першая судовае пасяджэнне прайшло 5 лютага. Сёння суд пачаўся з апытання сведкі - намесніка начальніка Салігорскага РАУС Сяргея Салаўя. Падчас здарэння ён знаходзіўся з іншага боку вуліцы, каля аптэкі і быў заняты там затрыманнямі, а калі пабачыў валтузню – паспяшаўся на дапамогу начальніку Салігорскага РАУС Аляксандру Шаравару. Салавей паказаў на тое, што пра траўмы, нанесеныя абвінавачаным Міхеду, чуў толькі са слоў, але паказвае, што меў месца актыўны супраціў: абвінавачаны вырываўся, зрабіў счэпку рукамі, не падпарадкоўваўся законным патрабаванням супрацоўнікам міліцыі, паведамляе "Лідэр-прэс".
Апыталі яшчэ адну сведку здарэння. Яна распавяла, што што АМАПаўцы павалілі мужчыну на зямлю і скруціли, пры гэтым мужчына крычаў "Дапамажыце". Астатняе памятае дрэнна.
У судзе былі прадстаўленыя доказы таго, што 9 жніўня з 22 да 23 Каратчэня быў затрыманы ў Парку чатырох стыхій за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Маецца пратакол і пастанова суда. Яму прысудзілі 25 сутак адміністрацыйнага арышту, якія фігурант адседзеў ад званка да званка. У той час як грамадзянін Каратчэня быў затрыманы яшчэ каля 20:30, за што яго і судзяць цяпер. Тое, што Каратчэня не мог быць затрыманы з 21 да 23 на судзе пацвердзіў і Сяргей Салавей.
У другой палове дня пачаўся допыт начальніка Салігорскага РАУС Аляксандра Шаравара. Ён сцвярджае, што Каратчэня абзываў і абражаў супрацоўнікаў міліцыі, што і паслужыла падставай для затрымання, пры якім быў аказаны супраціў. Па словах начальніка РАУС, 53-гадовы Аляксандр накінуўся на праваахоўнікаў. Ці наносіліся ўдары супрацоўнікам міліцыі Шаравар не бачыў.
Бок абвінавачвання лічыць, што Каратчэня вінаваты, нягледзячы на тое, што на відэа не відаць відавочнага нанясення ўдараў. Спасылаюцца на тое, што Каратчэня часткова прызнаў сваю віну. Патрабаванні здацца міліцыі былі законныя, а цяпер паказанні супрацоўнікаў міліцыі не супярэчлівыя і верныя.
- Цялесныя пашкоджанні міліцыянтам малаверагодныя, але ў гэтых абставінах можа паслужыць прыкладам для іншых асоб, – кажа прадстаўнік абвінавачвання.
Пракурор патрабуе для Каратчэні наступнае пакаранне: прызнанне вінаватым, пазбаўленне волі на адзін год і шэсць месяцаў.
Міхед не хоча, каб абвінавачанага пазбавілі волі. Капачэня зла не трымае і просіць моцна не караць.
69 работнікаў "Беларуськалія" паставілі свае подпісы ў падтрымку Каратчэні з просьбай аб прызначэнні пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі.
- Высокі суд, прашу не пазбаўляць мяне свабоды, - такім былі апошнія словы Аляксандра.
Прысуд будзе абвешчаны ў сераду, 17 лютага у 11: 30.