"Расклейвалі ўлёткі з інфармацыяй пра супрацоўніка міліцыі і старшыню выбарчай камісіі". Суд за паклёп у Смаргоні
Суд Смаргонскага раёна 8 лютага пачаў разгляд крымінальнай справы Руслана Валюка і Інэсы Маркавай. Іх абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт 188 Крымінальнага кодэкса (Паклёп), за што пагражае штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, ці абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў.
Справу разглядае суддзя Людміла Міхневіч, дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Андрэй Клышэвіч.
Маладыя людзі абвінавачваюцца ў распаўсюдзе ўлётак у горадзе шляхам іх расклейвання, у якіх утрымліваліся “заведама ілжывыя” звесткі, якія зганьбілі супрацоўнікаў міліцыі.
"У сярэдзіне верасня на вуліцах Смаргоні з'явіліся ўлёткі з інфармацыяй пра мясцовых міліцыянераў і чыноўнікаў. Начальніка аддзела аховы правапарадку Смаргонскага РАУС Руслана Ткачова аўтары ўлётак абвінавачвалі ў тым, што ён кіраваў затрыманнямі пратэстоўцаў 9–11 жніўня, і ў злоўжыванні службовым становішчам. А пра намесніка дырэктара школы №5 Аксану Шаўлюк было сказана, што яна сказіла вынікі галасавання на ўчастку, дзе працавала старшынёй камісіі," - паведамляла тады “Еўрарадыё”.
24 і 25 верасня ў жыхароў Смаргоні, якіх міліцыя звязала з расклейваннем улётак, прайшлі ператрусы. Паводле інфармацыі з тэлеграм-канала "Смаргонь", як мінімум сямёра былі затрыманыя. Ім паведамілі, што за распаўсюд заведама лжывых звестак пра супрацоўнікаў МУС і мясцовых чыноўнікаў распачатая крымінальная справа па артыкуле 188 Крымінальнага кодэкса — "Паклёп".
Як паведамляе праваабаронца Алесь Дзергачоў, напачатку судовага пасяджэння 8 лютага суддзя выдаліла з залі Сяргея Трая, у якога быў бел-чырвона-белы шалік, а затым і актывістку Людмілу Сульжыцкую, якая з-за хваробы не магла сядзець пад час паседжання.
У судзе ж высветлілася, што паколькі ў паказаннях Руслана Валюка, які мае абаронцу, і Інэсы Маркавай, якая яго не мае, ёсць пярэчанні, то закон патрабуе забяспечыць дзяўчыну прызначаемым дзяржавай адвакатам.
На гэтай падставе суд адклаў разгляд справы прыкладна на тыдзень для вырашэння пытання забеспячэння дзяўчыны адвакатам з мясцовай калегіі адвакатаў.