viasna on patreon

Віцебск: Судзяць дзяўчыну, якая нібыта пашкодзіла міліцэйскі “бус”

2021 2021-02-05T17:42:32+0300 2021-02-05T17:46:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cd76c5e6fb5e779b5242c1be6c1adacb_xl.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юля Кашаверава. Фота: Віцебская Вясна.

Юля Кашаверава. Фота: Віцебская Вясна.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 4 лютага працягнуўся разгляд крымінальнай справы 22-гадовай віцяблянкі Юліі Кашаверавай, былой медсястры 103-й асобнай мабільнай брыгады. Дзяўчыну абвінавачваюць у злосным хуліганстве (арт 339 КК РБ).

Паводле следства, на маршы пратэсту 4 кастрычніка 2020 году яна пашкодзіла мікрааўтобус міліцыі і сарвала маску з амапаўца, піша TUT.BY.

На судзе выступіў супрацоўнік АМАП, які распавёў, што ў дзверы бусіку «урэзаўся» хлопец, якога яны затрымлівалі, а «натоўп спрабаваў адбіць яго».

Паводле следства, 4 кастрычніка мінулага года Юлія Кашаверова рухалася ў калоне разам з іншымі ўдзельнікамі несанкцыянаванага мерапрыемства. Каля дома № 74 на Маскоўскім праспекце да пратэстоўцаў пад'ехала міліцыя. Аднаго з мужчын затрымлівалі. Удзельнікаў шэсця гэта абурыла, яны спрабавалі адбіць яго. У адказ супрацоўнікі ўжылі газавыя балончыкі. Падчас сутычкі з міліцыяй Кашаверова, як сцвярджае следства, пашкодзіла мікрааўтобус Ford Transit, які належыць УУС аблвыканкаму: «ўдарыла па ім нагой не менш за тры разы, нанёсшы ўмяціну і драпіны, а таксама кінула ўслед аўтамабілю драўляную трэску». Тым самым прычыніла шкоду на 841 рубель, паведаміў дзяржабвінаваўца. Раней, дарэчы, сілавікі паведамлялі аб 405 рублях шкоды, частку сумы абвінавачаная ўжо кампенсавала.

Апроч таго, паводле дадзеных следства, Кашаверова сарвала медычную маску і форменную шапку з камандзіра звяна АМАПу Аляксея Альхімовіча. На першым судовым паседжанні 20 студзеня Аляксей Альхімовіч распавёў, што ён і яго калегі па загадзе свайго кіраўніцтва затрымалі маладога хлопца, «які кіраваў калонай, быў, напэўна, яе арганізатарам».

Юля Кашаверава ў калоне ў бірузовай куртцы. Фота: БелаПАН
Юля Кашаверава ў калоне ў бірузовай куртцы. Фота: БелаПАН

Амапавец Кішковіч: «Стукнуўся ён аб машыну моцна...»

На працэсе 4 лютага яшчэ адзін сведка з боку абвінавачання – супрацоўнік АМАП Максім Кішковіч, паведаміў, што хлопец, якога затрымлівалі, бегучы, стукнуўся аб міліцэйскі мікрааўтобус:

«Нам паступіла ўказанне затрымаць хлопца ў чырвонай куртцы… Мы падышлі да яго, каб затрымаць, але ён паспрабаваў уцячы. Бег і не заўважыў нашую машыну, стукнуўся аб яе, прама ў дзверы пасярод аўтамабіля, адскочыў і ўпаў. Я яшчэ здзівіўся: як можна было не заўважыць на сваім шляху немаленькі аўтамабіль?»

«Удар у аўтамабіль быў моцны?» – удакладніў суддзя Сяргей Будрэвіч

«Так, стукнуўся ён аб машыну моцна, на паскарэнні», – пацвердзіў амапавец. У мікрааўтобус хлопца закінулі і на ім жа даставілі ў РАУС. 

У пашкоджанні гэтага самага аўтамабіля і вінавацяць Юлію Кашавераву.

Кішковіч распавёў на судзе, што чуў у той дзень размову калег, што, маўляў, пашкоджанне на мікрааўтобусе магло зʼявіцца і ад таго, што ў яго «урэзаўся затрыманы».

«Як выглядала пашкоджанне? Гэта была ўмяціна ці драпіна, паласа?» – спытаў суддзя. «Гэта не тое што ўмяціна, хутчэй за драпіна з пацёртасцямі, пасярод дзвярэй. Вертыкальная, крыху касая, сантыметраў 20 даўжынёй. Можа, больш». – «Па пратаколе, на мікрааўтобусе было тры пашкоджанні. А вы заявілі пра адно. Чаму?» – «Я бачыў самую вялікую драпіну, якая на ўзроўні вачэй. Тое, што знаходзілася ніжэй, уважліва не разглядаў».

kashaverava-01.png
Скрыншот з аператыўнай здымкі МУС

«Людзі спрабавалі нас спыніць...»

Па словах Кішковіч, дэманстранты перашкаджалі затрымліваць хлопца: «Людзі спрабавалі нас спыніць. Чапляліся за вопратку, тузалі за рукі, крычалі. У нейкі момант я ўбачыў, што на зямлі ляжыць форменная шапка. Падняў яе і закінуў у аўтамабіль. Чыя яна, ня высвятляў: там было не да гэтага, бо натоўп націскаў і замінаў нам. Ужо калі адʼязджалі, я чуў, што людзі білі па аўтамабілі», – расказаў амапавец.

Юлію Кашеверову амапаўцы затрымалі, калі шэсце ўжо завяршылася і дзяўчына выйшла з крамы на вуліцы Церашковай.

«Нам па рацыі прыйшла інфармацыя, што цяпер трэба затрымаць дзяўчыну ў бірузовай куртцы, якая нанесла ўдары па службовым мікрааўтобусе. Мы ўбачылі, што гэтая дзяўчына зайшла ў краму, і чакалі, калі яна выйдзе. Потым затрымалі і адвезлі ў райаддзел. Яна паводзіла сябе спакойна, прадʼявіла дакументы, але сказала, што ні на якія пытанні без адваката адказваць не будзе», – патлумачыў сведка.

Сведка: «Ён ляжаў каля бардзюру і не варушыўся»

Сведка з боку абароны Арцём Філімонаў пацвердзіў, што хлопец, якога затрымлівалі амапаўцы, упаў на зямлю:

«Хлопец у чырвонай куртцы бег уздоўж мікрааўтобуса – і раптам упаў… Ён ляжаў каля бардзюру, без руху, то бок зусім не варушыўся. Людзі спалохаліся, кінуліся да яго, каб дапамагчы. Я таксама падышоў, таму што я медык і гэта мой абавязак. Але міліцыянты ўзялі яго, зацягнулі ў машыну і павезлі», – расказаў сведка.

Працэс над Юліяй Кашаверавай працягваецца 5 лютага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства