viasna on patreon

Айцішніку, якога збіў бус сілавікоў, прысудзілі тры гады «хіміі»

2021 2021-02-05T16:50:24+0300 2021-02-05T16:57:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chikileu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сцяпан Чыкілёў. Фота RFERL

Сцяпан Чыкілёў. Фота RFERL

Суддзя Фрунзенскага суду сталіцы Натальля Бугук 5 лютага вынесла прысуд інжынэру-праграмісту Сцяпану Чыкілёву, якога 15 лістапада збіў міліцэйскі бус на сустрэчнай паласе, паведамляе "Радыё Свабода". Хлопца абвінавачвалі ў злосным хуліганстве (арт. 339 КК), нібыта ён пашкодзіў бусы сілавікоў.

Сцяпана Чыкілёва асудзілі на 3 гады абмежавання волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яго вызвалілі ў залі суду да ўступлення прысуду ў законную сілу.

Дзяржабвінаваўца Крысьціна Асран сцвярджала, што 15 лістапада Сцяпан Чыкілёў з хуліганскіх намераў, наўмысна, беспрычынна разам з групай асобаў зрабіў не менш як тры кідкі ў бок міліцэйскіх аўтамабіляў, у выніку чаго былі пашкоджаныя сама меней 3 міліцэйскія аўтамабілі — дэфармаваліся лакафарбавыя пакрыцці бусаў, і тым самым вайсковай частцы 3033 нанесена матэрыяльная шкода ў суме 1180 рублёў. Інжынэр-праграміст абвінавачваўся ў злосным хуліганстве паводле часткі 2 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу.

Што адбылося на праспекце Пушкіна 15 лістапада апоўдзень

На шматлікіх відэа, якія знялі і журналісты, і камэры відэаназірання, відаць, як хлопец у шэрай куртцы замахваецца рукоў у бок міліцэйскіх бусаў. Рух на праспекце Пушкіна ў той момант быў перакрыты. У гэты момант па сустрэчнай паласе едзе яшчэ адзін сіні бус, які і збіў пешахода. Сілавікі выскачылі з аўтамабіля, зацягнулі туды хлопца і з'ехалі. Красоўкі яго так і засталіся на дарозе. Увечары маладога чалавека з пастарунку даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі са шматлікімі траўмамі, а праз пару дзён вярнулі на Акрэсціна. У адносінах да інжынэра-праграміста Сцяпана Чыкілёва завялі крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 339 — злоснае хуліганства.

Двое з шасці сведак апазналі Сцяпана Чыкілёва

У судзе сведкамі выступілі шэсць байцоў спэцыяльнага атраду хуткага рэагавання. Сведак дапытвалі без высвятленьня іх асобы, асабістых дадзеных, каб забясьпечыць іх непазнавальнасць. Твары іх цалкам закрытыя балаклавамі, на вачах цёмныя акуляры, усе яны выступалі пад несапраўднымі прозвішчамі.

Толькі двое з шасці сказалі, што пазналі Сцяпана па целаскладзе і прычосцы.

У бусіку і аўтазаку Чыкілёва моцна пабілі — з пастарунку яго забрала «хуткая»

Сам жа Сцяпан Чыкілёў на судзе расказаў, што пасля затрымання яго жорстка білі ў мікрааўтобусе. Падзеі памятае слаба, бо траціў прытомнасць.

«Памятаю, што мяне зацягнулі ў бус, нацягнулі куртку на галаву. Паклалі на падлогу, супрацоўнік міліцыі націснуў каленам на грудзі, было цяжка дыхаць. Траціў прытомнасць, у бусе білі, ужылі электрашокер. Потым перасадзілі ў аўтазак і доўга вазілі па горадзе», — расказаў Сьцяпан падчас допыту ў судзе.

У Фрунзэнскім РУУСе дзяжурная адвакатка настаяла, каб Сцяпану выклікалі хуткую дапамогу. У лякарні хуткай дапамогі мэдыкі дыягнаставалі спалучаную траўму, страсенне мозгу, шматлікія сляды ўдараў, драпіны, пашкоджанне ныркі. Пацярпеламу наклалі швы, на шыю надзелі фіксавальны каўнер. У шпіталі мужчыну трымалі пад канвоем, праз тры дні перавялі на Акрэсьціна, а потым у Жодзіна, дзе ён праседзеў амаль 3 месяцы.

Дзяржабвінаваўца Крысціна Асран папрасіла прызначыць Чыкілёву пакараньнем тры гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову. Адвакатка Крысціна Печкурава настойвала, што яе падабаронны невінаваты.

34-гадовы Сцяпан Чыкілёў — вядучы інжынэр-праграміст буйной ІТ-кампаніі. Калегі кажуць, што ён «нарадзіўся праграмістам», «чалавек-легенда», «звышмегаўраўнаважаны і добразычлівы хлопец».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства