viasna on patreon

"У той вечар адбылася трагедыя — гібель Тарайкоўскага". Судзяць палітвязня за падзеі 10 жніўня на "Пушкінскай"

2021 2021-02-05T14:13:51+0300 2021-02-10T16:41:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kananovich_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Ленінскага раёна 5 лютага разглядае крымінальную справу па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса супраць 24-гадовага палітзняволенага інжынера-праграміста Рамана Канановіча. Яго абвінавачваюць ва ўзвядзенні барыкад з дапамогай жалезнай агароджы ў ноч з 10 на 11 жніўня каля ст. м. "Пушкінская", дзе тады загінуў пратэстовец Аляксандр Тарайкоўскі. Віну палітвязень не прызнае. Справу разглядае суддзя Таццяна Шоцік, якая сёння асудзіла за гэтыя даты на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму мастака Аляксандра Нурдзінава. Судовае следства над праграмістам заняла толькі дзве гадзіны. Раману Канановічу пагражае да 8 гадоў пазбаўленні волі. "Вясна" з дапамогай валанцёраў назірае за гэтым судовым працэсам і распавядае пра акалічнасці гэтай справы.

Раман Канановіч. Фота: spring96.org
Раман Канановіч. Фота: spring96.org

У чым абвінавачваюць хлопца?

Згодна абвінавачванню, Раман Канановіч "9 жніўня і ў наступныя дні прыняў удзел у загадзя спланаваных масавых беспарадках у Мінску, якія выявіліся ў непасрэдным здзяйсненні пагромаў, узброенага супраціву прадстаўнікам улады, супрацоўнікам ОУС у форменным абмундзіраванні". Пракурор зачытваў абвінавачванне Канановічу на некалькі хвілін, дзе менавіта пра дзеянні Рамана гаворыцца некалькі сказаў — астатняе тычыцца абстрактнай групы людзей "натоўпу". 

У выстаўленым Канановічу абвінавачванні гаворыцца, што ён "10 жніўня, быдучы дасведчаным з розных крыніц аб планаваных супрацьпраўных дзеяннях, прыбыў на ўчастак мясцовасці па адрасу на Прытыцкага, 32-28, для выражэння незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэстаў праз дэструктыўную дзейнасць, накіраваную, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, прыняў актыўны ўдзел у сумесных дзеяннях натоўпу, якія груба парушаюць грамадскі парадак".

Па абвінавачванні, Раман 10 і 11 жніўня каля метро "Пушкінская" "прыняў актыўны ўдзел у масавых беспарадках, якое выявілася ў пагромах", а таксама прынясенні шкоды ў філіалу "Мінскія цеплавыя сеці" РУП "Мінскэнэрга" шляхам "разкамплектавання металічнай канструкцыі ў выглядзе 12 жалезных штыроў", размешчаных па адрасе вуліца Прытыцкага, 32-28, "выняў з іншымі неўстаноўленымі асобамі не менш за чатыры металічныя пруты з агароджы" і перамясціў іх да барыкадаў з мэтай "палягчэння сабе і іншым удзельнікам масавых беспарадкаў, стварэння перашкоды для перамяшчэння супрацоўнікаў і транспарту АУС".

Па абвінавачванні, дзеянні Рамана і іншых асобаў вечарам 10 жніўня пацягнулі парушэнне працы руху пяці аўтобусаў і тралейбусаў, а таксама "парушылі грамадскі  спакой і правы добрапрыстойных грамадзян на свабоднае перамяшчэнне". Але ніякіх матэрыяльных патрабаванняў названыя арганізацыі не прад'явілі Раману.

Віну Раман Канановіч не прызнае. З канца кастрычніка яго трымаюць пад вартай.

На думку пракурора Аляксандра Рамановіча, віна палітвязня даказана паказаннямі самога Канановіча, сведак і пісьмовымі матэрыяламі справы. Але абаронца Рамана заявіў, што невінаватасць Канановіча падцвярджаецца відэазапісам з месца падзеяў, якая зафіксавала, што ён не знаходзіўся каля агароджы на Прытыцкага. 

"У мяне было адно жаданне — вызваліць праход, каб бесперашкодна дабрацца дадому". Што кажа сам Раман Канановіч?

Раман адмовіўся ад дачы паказанняў, толькі зачытаў з загадзя падрыхтаванага ліста свой аповяд аб падзеях вечара 10 жніўня:

"10 жніўня пасля 21 вечара я прыехаў да свайго стрыечнага брата на праспект Пушкіна, 47. Пасля 10 вечара я выйшаў з братам і накіраваўся ў арку, якая знаходзіцца на Прытыцкага, 38. Прайшоўшы скрозь арку, я ўбачыў кучу людзей, якія знаходзіліся на вуліцы на зялёнай зоне, а таксама на паркоўцы. Яны былі ў масках і мелі з сабой сімволіку ў выглядзе бчб-сцягоў. Я накіроўваўся на сваю здымную кватэру на ст. м. "Міхалова". Я пайшоў у бок м. "Пушкінская", але на шляху ўбачыў агароджу, якое перашкаджала праход мне і іншым людзям. Адзначу, што агароджа знаходзілася ў ляжачым стане і з-за яго памераў, становішча і яго канструкцыі, стоўпіліся побач людзей, я не мог яго абыйсці, не заходзячы на зялёную зону і праезную частку. Агароджу я не ламаў, не раз'ядноўваў, не бачыў яе ў першапачатковым стане, не бачыў, дзе яна знаходзілася да гэтага моманту.

Потым я ўбачыў, як незнаёмыя мне людзі цягнуць агароджу, спрабуючы яе перасунуць цалкам на зялёную зону, каб вызваліць праход, каб бесперашкодна ппрацягнуць шлях, таму я падышоў дапамагчы. У маіх паказаннях пазначана, што я ўзяўся за сетку агароджы, тузануў яе і паклаў назад — у гэтым мае дзеянні фактычна і выяўляліся. Агароджа магла быць ссунута з іншага канца, дзе яе цягнулі іншыя людзі. Аднак сетка, за якую ўхапіўся я, у мяне зрушыць не атрымалася. Таму я адпусціў секцыю і пайшоў далей. Іншыя па-мойму таксама яго адпусцілі. Пры мне ніхто, уключаючы мяне, агароджу на праезную частку не перацягнуў. Я працягнуў рух да метро "Пушкінская" па тратуары. Прайшоўшы каля 250 метраў, я зразумеў, што рух далей праблематычны. Раней у сваіх паказаннях я паказваў, што міліцыя заступіла праход да метро, але гэта не зусім дакладна, таму што, як я даведаўся пасля, у той вечар на ст. м. "Пушкінская" загінуў грамадзянін Тарайкоўскі на скрыжаванні вуліцы Прытыцкага і праспекта Пушкіна. На відэазапісах супрацоўнікі знаходзіліся за гэтым скрыжаваннем.

У метро я спускацца не стаў, паколькі зразумеў, што яно не працуе. Таму я вырашыў, што мне лепш пераначаваць у сваёй цёткі, якая пражывае каля ст. м. "Спартыўная". Як я згадаў раней, у той вечар адбылася трагедыя — гібель Тарайкоўскага. Паводле інфармацыі МУС, гэта здарылася каля 23 гадзін вечара 10 жніўня. Я не бачыў і не чуў пра гэтыя падзеі, знаходзячыся на ст. м. "Пушкінская". На той момант мяне ўжо там не было.

Я ішоў да цёткі. Зыходзячы з майго эмацыйнага стану, я не звяртаў увагі, што адбываецца навокал. У мяне была толькі думка: хутчэй дабрацца дадому. У матэрыялах крымінальнай справы далучаны відэазапіс, згодна з якім відавочна, што мяне побач з агароджай на праезнай частцы не было. Не гледзячы на тое, што бачныя толькі сілуэты, можна адрозніць па прадметах адзення. Я быў апрануты ў кашулю з доўгім рукавом, джынсы, кепку і быў без маскі. А на відэа — усе сілуэты альбо ў масках, альбо ў шортах, альбо ў майках, альбо без галаўных убораў. У цёткі я быў каля 23 гадзін вечара, што пацвярджаецца яе паказаннямі. У мяне было адно жаданне — вызваліць праход, каб бесперашкодна дабрацца дадому".

У судзе была дапытаная цёця Канановіча, ягоная дзяўчына, сябр-калега з працы, а таксама былі зачытаныя паказанні стрыечнага брата, так як ён у дадзены момант за мяжой. Відэа, якое праглядзелі ў залі суда, сведчыць, што ў інкрымінаваны час Рамана ўжо не было каля агароджы на "Пушкінскай".

Судовае следства заняла толькі дзве гадзіны. Раману Канановічу пагражае да 8 гадоў пазбаўленні волі. Судовыя спрэчкі прызначаныя на 10 лютага. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства