viasna on patreon

У Баранавічах судзяць выкладчыка па плаванні за "кактэйль Молатава" ў багажніку аўто

2021 2021-02-02T14:48:03+0300 2021-02-02T15:55:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pavedajla_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд над Аляксеем Павядайлам

Суд над Аляксеем Павядайлам

У судзе Баранавічаў і Баранавіцкага раёна другога лютага пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Аляксея Павядайлы — трэнера-выкладчыка па плаванні ў мясцовай спартыўнай школе. Аляксея абвінавачваюць па ч. 1 арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса  "Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў". Працэс вядзе суддзя Вольга Раманюк.

У пачатку судовага пасяджэння абвінавачаны заявіў хадайніцтва, каб суд быў закрытым. Яго патрабаванні падтрымалі яго адвакат Таццяна Асіпнека і дзяржаўны абвінаваўца — старшы памочнік Баранавіцкага міжраённага пракурора Аляксандр Ярашэвіч. Аднак суддзя адмовіла ў задавальненні хадайніцтва і пакінула суд адкрытым.

Паводле абвінавачвання, Аляксей Павядайла вырабіў, захоўваў і перавозіў у аўтамабілі "Аўдзі А6" гаручае рэчыва, з якой яго затрымалі 11 жніўня ў Баранавічах. Машыну тады спыніў патруль ДАІ, іх увагу прыцягнула балаклава ў багажніку. Аляксея затрымалі і на наступны дзень знайшлі гаручую сумесь. Сумесь была адпраўлена на экспертызу, і, згодна з яе вынікамі, склад сумесі быў блізкім да складу "кактэйлю Молатава".

Павядайла згодны з тым, што перавозіў і захоўваў гэтую сумесь, але адмаўляе яе выраб. Паводле яго слоў, ён захоўваў і выкарыстоўваў яе для асабістых бытавых патрэбаў.

Варта адзначыць, што першапачаткова Аляксея падазравалі па арт. 339 КК (хуліганства) – нібыта ён здзейсніў пашкоджанні «Табакерок» у горадзе, аднак у выніку справа не была ўзбуджаная, бо не было знойдзена доказаў яго дачынення да гэтага.

Памочнік пракурора Ярашэвіч запытаў для абвінавачанага два гады пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму. Меру стрымання дзяржабвінаваўца прасіў змяніць з падпіскі аб нявыездзе на ўтрыманне пад вартай, а таксама прасіў спагнаць працэсуальныя выдаткі (кошт экспертызы) у суме 531 рубля.

Адвакат Асіпенкі, у сваю чаргу, папрасіла суд улічыць мноства станоўчых характарыстык Аляксея, наяўнасць у яго двух маленькіх дзяцей (2018 і 2020 года нараджэння). Яна лічыць, што ў судзе не даказана наяўнасць у абвінавачанага прамога намеру (што неабходна для кваліфікацыі справы па ч.1 арт. 295-3 КК), яе падабаронны не ўсведамляў, што перавозіць «кактэйль Молатава». Адвакат папрасіла суд вынесці апраўдальны прысуд. Але калі суд усё ж такі палічыць Павядайла вінаватым, то ў такім выпадку ўлічыць усе змякчальныя абставіны і прызначыць мінімальна магчымае пакаранне ў выглядзе штрафу.

У сваім апошнім слове Аляксей Павядайла сказаў наступнае:

"Я годны грамадзянін Беларусі, У мяне дзве вышэйшыя адукацыі, у мяне каля 100 вучняў, якія за мяне перажываюць, добрая характарыстыка з войска (снайпер-выведнік) - я атрымаў званне лейтэнанта запасу, і камандзіры прасілі застацца па кантракце. Я люблю сям'ю, люблю сваіх дзяцей, і калі суд угледзіць маю віну, то прашу не пазбаўляць волі".

Прысуд будзе абвешчаны чацвёртага лютага ў 10.00.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства