"Завязалася бойка, адзін з міліцыянтаў зваліўся на асфальт". У Гомелі пачаўся суд над Аляксеем Губічам Дапоўнена
У Цэнтральным судзе Гомеля 28 студзеня распачаўся суд над 24-гадовым Аляксеем Губічам, якога вінавацяць па артыкуле 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Справу разглядае суддзя Віктар Казачак.
Судовае пасяджэнне зрабілі закрытым, нікога апроч удзельнікаў працэсу і сведкаў не пусцілі ў залю.
Вядома, што 20 верасня Аляксей удзельнічаў у Маршы справядлівасці. У хлопца быў з сабой бел-чырвона-белы сцяг.
“У раёне цырка АМАП пачаў разганяць пратэстоўцаў, завязалася бойка”, - распавядала маці Аляксея Наталля.
Паводле пастановы, якую падпісаў старшы следчы Аляксандр Шчаглоў, падазраваны 20 верасня, паміж 15:00 і 15:30, на скрыжаванні вуліц Савецкай і Пушкіна ў Гомлі здзейсніў гвалт у дачыненні да інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі Паўла Шапавалава, паведамляе belsat.eu.
У прыватнасці, Губіч спачатку нанёс «нявыяўленым чынам адзін удар па задняй паверхні правай нагі» Шапавалава.
«Калі ў выніку дадзенага ўдару Шапавалаў П.А. упаў на зямлю і схапіў Губіча А.В. за ногі, таксама паваліўшы яго на зямлю, апошні, працягваючы свае злачынныя дзеянні, вырваў з захопу свае ногі і нанёс імі не менш за два ўдары па галаве Шапавалава П.А., прычыніўшы яму сінякі і раны на галаве, якія адносяцца да цялесных пашкоджанняў, што не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя або нязначную ўстойлівую страту працаздольнасці», – гаворыцца ў пастанове.
Аляксей знаходзіцца ў СІЗА Гомля з 20 кастрычніка.
У судзе 28 студзеня адбыліся спрэчкі бакоў, якія працягнуцца на наступным судовым пасяджэнні.
Пацярпелы супрацоўнік міліцыі Павел Шапавалаў вылучыў абвінавачанаму 2 000 рублёў маральнай кампенсацыі.
Наступнае пясяджэнне прызначанае на 1 лютага. Пачатак у 10 гадзін.