viasna on patreon

Суд па нападзе на супрацоўніка АМАПа. Відэа не пацвярджае высновы следства

2021 2021-01-21T18:13:15+0300 2021-01-21T18:13:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/borushko_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віктар Барушка ў судзе. Фота Сяргея Сацюка / naviny.by

Віктар Барушка ў судзе. Фота Сяргея Сацюка / naviny.by

У судзе Ленінскага раёна Мінска 20 студзеня працягнуўся працэс па справе аб нападзе на супрацоўніка АМАПа. Абвінавачаны Віктар Барушка віну не прызнаў. Пра гэты суд пішуць naviny.by. 

Нагадаем, 32-гадовага Віктара Барушку абвінавачваюць у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання ў дачыненні да асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёй службовай дзейнасці (п. 5 ч. 2 арт. 147 Крымінальнага кодэкса, максімальнае пакаранне - дзесяць гадоў пазбаўлення волі). З 18 кастрычніка Барушка знаходзіцца пад вартай.

Судовае пасяджэнне вядзе Марына Запаснік, дзяржабвінавачанне прадстаўляе Аляксандр Рамановіч, адвакат - Наталля Яфімчык.

Абвінавачаны па справе аб нападзе на амапаўца: "Білі, засоўвалі дубінку ў д*пу"

32-гадовага Віктара Барушку абвінавачваюць у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання ў дачыненні да асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёй службовай дзейнасці (п. 5 ч. 2 арт. 147 Крымінальнага кодэкса, максімальнае пакаранне - дзесяць гадоў пазбаўлення волі). З 18 кастрычніка Барушка знаходзіцца пад вартай. 

Што казаў дзяржаўны эксперт

Віктар Барушка 18 кастрычніка 2020 года ўдзельнічаў у акцыі пратэсту на Партызанскім праспекце ў Мінску. Супрацоўнікі АМАПу спрабавалі яго затрымаць. Паводле версіі абвінавачвання, ён аказаў супраціў, аднаго з амапаўцаў ударыў нагой, у выніку чаго ў таго здарыўся пералом вялікай галёначнай косткі правай нагі.

Інфармацыя аб пацярпелым супрацоўніку міліцыі засакрэчаная. На працэсе ён праходзіць пад несапраўдным імём Іван Волахаў, твар закрыты балаклавай.

Барушка сцвярджае, што не біў нагой супрацоўніка АМАПу, а ўпаў з ім на зямлю ў выніку зробленай кімсьці з сілавікоў падсечкі.

Пералом нагі быў кваліфікаваны як цяжкае цялеснае пашкоджанне. Гэта пацверджана заключэннем судова-медыцынскай экспертызы, праведзенай спецыялістамі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз (ДКСЭ).

У судзе 19 студзеня выступіла экспэрт ГКСЭ. У заключэнні з нагоды траўмы Волахава адзначаецца, што эксперт "не выключае ўдару тупым прадметам". Эксперт падкрэсліла, што Волахаў не мог атрымаць падобную траўму пры падзенні, падвароце нагі. Эксперт адзначыла, што дакладна вызначыць кірунак уздзеяння траўмуючай сілы можна толькі пры ўскрыцці.

Незалежны эксперт лічыць праведзеную экспертызу няпоўнай

У незалежнага медыцынскага эксперта Івана Алекса іншая пазіцыя. У судзе 20 студзеня ён заявіў, што якасная рэнтгенаграма можа прадэманстраваць кірунак пашкоджання косці. Гэта важна для прадстаўлення аб тым, з якога боку быў нанесены ўдар.

Напрыклад, людзі атрымліваюць падобныя пераломы, калі ступня знаходзіцца на ўзвышшы, а на нагу звальваецца цяжкі прадмет. Гэта значыць, тэарэтычна Волахаў мог атрымаць пералом, калі яго ступня была на бардзюры, і ў гэты момант на яго нагу ўпаў Барушка, збіты падсечкай іншага амапаўца.

Іван Алекса прааналізаваў заключэнне дзяржэксперта ў частцы правільнасці экспертных высноў.

"Угледжваецца відавочная няпоўнасць даследаванняў", - сказаў Алекса.

Перш за ўсё ён звярнуў увагу на адсутнасць апісання рэнтгенаграмы. На гэта раней указвала і адвакат Наталля Яфімчык.

У адказ дзяржаўны эксперт заявіла, што высновы аб характары траўмы зробленыя пасля вывучэння рэнтгенаўскага здымка. Запіс аб тым, што здымак быў вывучаны, маецца ў заключэнні. Гэтага, на думку эксперта ДКСЭ, дастаткова.

Іван Алекса адзначыў, што "інструкцыя правядзення экспертызы падразумявае выразнасць апісання, якое павінна быць лагічна і паслядоўна". Ён указаў, што "ў дадзеным выпадку апісання наогул няма".

Алекса адзначыў, што няма апісання краёў касцяных абломкаў, гэта значыць немагчыма вызначыць, ці ёсць сляды кансалідацыі (зрашчэнні) косткі. А гэта дазваляе ўстанавіць даўнасць пералому. Пры гэтым, сказаў Алекса, эксперт Дзяржкамітэта ў заключэнні сцвярджае, што кансалідацыі няма.

"Аднак гэта не апісана, не адпавядае выкладзеным фактам у даследчай частцы", — сказаў Алекса.

Ён лічыць, што высновы дадатковай экспертызы можна падвергнуць сумневу ў сувязі з недакладнасцямі першаснай экспертызы. Напрыклад, у апісальнай частцы заключэння пазначана як паламаная у адным выпадку левая, у іншым правая нага (у Волахава пералом правай).

У пратаколе следчага эксперыменту згадваецца адна частка ступні, якой Барушка нібыта нанёс удар, а далучана да дакументацыі фота іншай часткі ступні.

Алекса таксама лічыць, што для паўнаты карціны трэба ўстанаўліваць шчыльнасць касцяной тканіны пацярпелага, выключыць наяўнасць у яго захворванняў, якія маглі б паўплываць на ўразлівасць косткі.

"Немагчыма ўтварэнне падобных цялесных пашкоджанняў пры абставінах, указаных у пратаколе. Для большай аб'ектыўнасці трэба правесці дадатковыя даследаванні, даследаваць ход лініі пералому, наяўнасць і кірунак дадатковых расколін. Тады кірунак траўмуючай сілы можа быць ўстаноўлены", — зрабіў выснову эксперт.

У сувязі са сказаным незалежным экспертам другі адвакат абвінавачанага Павел Матусевіч хадайнічаў аб правядзенні паўторнай экспертызы ў ДКСЭ, даследаванні і апісанні рэнтгенаграмы пацярпелага. Пракурор выступіў супраць. Суддзя пасля перапынку на нараду хадайніцтва адхіліла.

Віктар Барушка ў судзе. Фота Сяргея Сацюка / naviny.by
Віктар Барушка ў судзе. Фота Сяргея Сацюка / naviny.by

Брат абвінавачанага знайшоў відэа інцыдэнту

Суддзя пагадзілася далучыць да справы фота- і відэазапісы, прадстаўленыя братам абвінавачанага Мікалаем Барушкам.

У судзе 20 студзеня Мікалай распавёў, што калі даведаўся пра тое, што брата падазраюць у крымінальным злачынстве, то размясціў аб'явы на пад'ездах дамоў каля велазавода, дзе адбыўся інцыдэнт, а таксама ў сацыяльных сетках з просьбай да відавочцаў даць фота і відэазапісы.

Людзі сталі дасылаць відэа. Мікалай "адгледзеў тысячы гадзін відэа" ў пошуках выявы свайго брата і знайшоў чатырохсекундны фрагмент, які паглядзелі ў судзе.

Слухачам у зале суда манітор, на якім паказалі відэа, не быў бачны, але Мікалай Барушка, каментуючы запіс, сказаў, што на відэа бачна, як яго брату сапраўды робіць падсечку супрацоўнік АМАПу - але не пацярпелы, а другі, у выніку чаго нага Віктара Барушкі выварочваецца, і адбываецца сутыкненне з амапаўцаў Волахавым.

На просьбу суддзі ахарактарызаваць асобу брата Мікалай Барушка сказаў, што Віктар не вельмі ўдачлівы, але добры чалавек, "працаваў усё жыццё".

"Не ўяўляю, каб ён наўмысна прычыніў шкоду чалавеку", - сказаў брат абвінавачанага.

У судзе абвешчаны перапынак да 10 раніцы 26 студзеня. Чакаецца заканчэнне судовага следства, затым пройдуць спрэчкі бакоў, пасля чаго абвінавачаны выступіць з апошнім словам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства