За разбітае ў аўтобусе шкло да трох гадоў пазбаўлення волі. У Бярозе судзяць Вадзіма Сычыка Дапоўнена
У судзе Бярозаўскага раёна 21 студзеня пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 36-гадовага Вадзіма Сычыка, якога вінавацяць па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса.
Працэс вядзе старшыня суда Наталья Вакульчык, бок абвінавачання прадстаўляе пракурор Дзмітрэнка.
Згодна з абвінавачваннем, Вадзім Сычык 10 жніўня ў перыяд часу з 22.50 па 23.00 груба парушаючы грамадскі парадак і з хуліганскіх намераў наўмысна адзін раз кінуў неўстаноўленым прадметам і знішчыў бакавое шкло аўтобуса маркі МАЗ, які рухаўся па вуліцы Леніна ў Бярозе і ў якім у той момант знаходзіліся супрацоўнікі Бярозаўскага РАУС. Сваімі дзеяннямі нанёс маёмасную шкоду філіялу “Аўтамабільны парк №8 г. Бярозы” на суму 270 рублёў.
Абвінавачаны сваю віну прызнаў часткова: не адмаўляе кідка, але кажа, што не меў хуліганскіх намераў і не кідаў наўмысна ў аўтобус запальнічку.
Вадзім Сычык жанаты, мае двух малалетніх дзяцей, раней не быў судзімы, знаходзіцца пад вартай з 11 снежня.
У сваіх паказаннях на судзе ён распавёў, што 10 жніўня выйшаў прагуляцца ў вячэрні час, у нейкі момант убачыў вялікую колькасць людзей па вул. Леніна, вырашыў паглядзець, што там адбываецца. Захацеў прыкурыць, у яго была вялікая запальнічка, але яна не спрацавала. Ён звярнуўся да некалькіх людзей і папрасіў прыкурыць, але яму ніхто не дапамог. З-за гэтага абвінавачаны моцна раззлаваўся і хацеў разбіць аб зямлю запальнічку, кінуў яе ў бок праезнай часткі, крышачка адарвалася і трапіла ў аўтобус, які праязджаў міма – шкло пакрылася "сетачкай". Аўтобус спыніўся, з яго сталі выбягаць салдаты з дубінкамі, Вадзім Сычык спалохаўся, што яго могуць збіць, і ўцёк. Ён бачыў, што іншыя людзі пазней кідалі нешта ў гэты аўтобус: бутэлькі, каністры і іншыя прадметаў.
У момант здарэння з Вадзімам Сычыкам знаходзіўся яго знаёмы Мікалай Кулак, які стаяў у метрах 10 ад яго. Да гэтага абвінавачаны прапаноўваў знаёмаму сваю непрацуючую запальнічку, але той адмовіўся яе браць.
Кажа, што асабліва не паліць, толькі часам, “каб жонка не бачыла”. Цыгарэты пры ім былі, камянёў не было. Хто знаходзіўся ў аўтобусе, куды трапіла запальнічка, абвінавачаны папярэдне не ведаў.
Шкоду аўтобуснаму парку ён ужо кампенсаваў.
У судзе былі апытаныя сведкі
Кіроўца аўтобусу Анатоль Грыцук у той дзень перавозіў супрацоўнікаў міліцыі. У цэнтры Бярозы было вельмі шматлюдна, шумна, машыны сігналілі. Аўтобус суправаджала машына ДАІ, але ў нейкі момант аўтобус падрэзала легкавая машына, ён адстаў.
Потым хтосьці з натоўпу кінуў прадмет, кіроўца нічога не бачыў, але чуў удар па бакавым шкле. Анатоль Грыцук не спыняўся, паехаў далей. Пазней убачыў, што шкло не разбілася, а пакрылася дробнай сеткай. Хто і што менавіта кінуў - кіроўца не бачыў, але яму падалося, што гэта была пластыкавая бутэлька з каменчыкамі.
Выступіў у судзе ў якасці сведкі галоўны інжынет філіяла "Аўтапарк №8" Дзмітрый Радзівонаў, сказаў, што гарвыканкам запрасіў аўтобус, каго будуць перавозіць дакладна не ведаў. Кіроўца быў ад аўтапарку. Пасля даведаўся, што перавозілі супрацоўнікаў міліцыі і ў аўтобусе было пашкоджана шкло. Яго пазней замянілі.
Наступным выступіў супрацоўнік крымінальнага вышуку Бярозаўскага РАУС Віктар Іванюк. 10 жніўня ён нёс службу ў Белаазёрску, потым прыехаў у Бярозу, бо там былі хваляванні. На плошчы было шматлюдна. У аўтобусе ён знаходзіўся каля лабавога шкла, кажа, што бачнасць была выдатная.
Бачыў падсуднага, ён знаходзіўся з левага боку ад аўтобуса разам з Кулаком на адлегласці 10-12 метраў, кінуў прадмет, шкло разбілася. На думку Іванова, Вадзім Сычык кінуў у шкло камень. Таксама кажа, што ведае абвінавачанага даўно, у сяброўскіх адносінах з ім.
Кажа, што іншыя людзі ў аўтобус таксама кідалі бутэлькі, але яны не даляталі да аўтобуса, бо людзі знаходзіліся далёка. Усе ведалі, што ў аўтобусе знаходзяцца супрацоўнікі міліцыі.
Адзначыў, што ў супрацоўнікаў АУС і ў яго асабіста ніякіх прэтэнзій да Вадзіма Сычыка няма, ён ведае, што маёмасная шкода была кампенсаваная. З асабістай размовы з падсудным яму зразумела, што чалавек ўсведамляе тое, што здзейсніў. Не настойвае не пакаранне абвінавачанага.
У суд не з'явіліся сведкі Кулак і Карпінчык. Дзяржабвінаваўца настаяў на іх выкліку.
Быў абвешчаны перапынак для выкліку сведак да 27 студзеня 15.00.
Праваабрончы цэнтр "Вясна" адсочвае гэты судовы працэс.