Праверка "Офіса па правах людзей з інваліднасцю". Пераслед 21 студзеня Дапоўнена
21 студзеня праваабаронцы "Вясны" працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Мінск
Увечары ў Мінску на вуліцы Харкаўскай затрымалі больш за дзесяць ўдзельнікаў дваравога Маршу. Паведамляецца, што іх даставілі ў Фрунзенскае РУУС, пасля чаго некаторых даставілі ў ЦІП. 22 студзеня над імі чакаюцца суды. Спіс затрыманых:
- Вярбіцкі Павел
- Гурыновіч Таццяна
- Доўгі Уладзімір
- Карусейчык Ілля
- Канаваленка Уладзіслаў
- Лапцэвіч Сяргей
- Лубцэвіч Віктар
- Макараў Максім
- Няборская Таццяна
- Няборская Юлія
- Новік Анастасія
- Паляшчук Таццяна
- Пушкарова Юлія
- Стралкоў Дзмітрый
- Чарапоўскі Багдан
- Швайка Вадзім
- Уткіна Алена
- Янчук Вольга
Праверка "Офіса па правах людзей з інваліднасцю"
Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю праводзіць праверку ў дачыненні да службовых асоб праваабарончай арганізацыі "Офіс па правах людзей з інваліднасцю", паведамілі ў прэс-службе КДК.
У ведамстве заявілі, што праверка звязаная з пытаннямі "магчымага неправамернага завалодання ў перыяд з 2020 года па цяперашні час грашовымі сродкамі, атрыманымі ўстановай у выглядзе дабрачынных узносаў і міжнароднай дапамогі для мэт аказання дапамогі беларускім грамадзянам з інваліднасцю".
"Па выніках праверкі з улікам сабраных матэрыялаў будзе прынята рашэнне ў рамках дзеючага Крымінальна-працэсуальнага заканадаўства", — сказана ў паведамленні.
Па інфармацыі "Белсат", у бухгалтаркі "Офіса па правах людзей з інваліднасцю" Таццяны Крышталь дома адбыўся вобшук: забралі кампутар і тэлефон. Раніцай да праваабаронцы Міхаіла Мацкевіча, які раней супрацоўнічаў з Офісам, сёння невядомыя ламіліся ў кватэру. Цяпер тэлефон Міхаіла недасяжны з 10:25.
Днём у "Офісе па правах людзей з інваліднасцю" адбыўся вобшук. Вынялі дакументы і тэхніку. У ДФР на допыт забралі кіраўніка Офіса Сяргея Драздоўскі і юрыста Алега Граблеўскі. Праз некалькі гадзін іх вызвалілі. У іх для праверкі вынялі кампутары і тэлефоны.
У Маскве затрыманы фігурант крымінальнай справы жнівеньскіх падзеяў
Як паведамляе Tribuna, у Маскве затрыманы баец Аляксей Кудзін, які з'яўляецца абвінавачаным ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення). 19 лістапада ў судзе Маладзечанскага раёна быў прызначаны разгляд крымінальнай справы супраць адзінаборца. Аляксей Кудзін не з'явіўся на суд, суддзя Вольга Дубовік абвясціла яго ў вышук. Цяпер Кудзіна чакае экстрадыцыя ў Беларусь і суд.
Суд над Аляксеем Кудзіным не адбыўся. Яго абвясцілі ў вышук
Ліда
Як паведамляе "БАЖ", затрыманы ўчора ў Бярозаўцы Лідскага раёна незалежны журналіст Юрый Дзяшук застаецца за кратамі на 72 гадзіны. Журналіста змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Родныя мяркуюць, што затрыманне Дзешука звязанае з крымінальнай справай, якую завялі з нагоды падтрымкі асуджанага на 5 гадоў зняволення актывіста Вітольда Ашурка ў судзе.
20 студзеня ў Лідзе міліцыя затрымлівала многіх, хто прысутнічаў на агалошванні прысуду Ашурку. На фэйсбук-старонцы журналісткі Вольгі Быкоўскай размешчана відэа, дзе людзі ў залі суда абураюцца прысудам Ашурку і крычаць “Ганьба!” і “Верым! Можам! Пераможам!”. Але на відэа выразна бачна, што Юрый Дзяшук (справа ў белым шаліку) заняты выключана журналісцкай працай — ён увесь час здымае відэа на тэлефон.
Гомель
Як паведамляе "Гомельская Вясна", палітычнага зняволенага праваабаронцу Леаніда Судаленку пасля 72 гадзінаў затрымання пакінулі пад вартай яшчэ на 10 дзёні перавялі ў СІЗА. Ён застаецца ў статусе падазраваемага па арт. 342 КК (фінансаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Валанцёрку "Вясны" Марыю Тарасенку адпусцілі з ізалятару дадому пасля трох сутак затрымання.
Рэчыца
Сёння днём прапала сувязь з рэчыцкай актывісткай кампаніі «Гавары праўду» Таццянай Ласіцай. Вядома, што яна павінна была ў 15:00 вылеціць у Вільню. Але ў мінскім аэрапорце паведамілі, што сваім квітком яна не скарысталася. Вядома, што за паўгадзіны да вылета Таццяна прыслала паведамленне, што на яе складаюць пратакол, па якім артыкуле — не ўдакладніла. Магчыма, яе затрымалі на кантролі ў аэрапорце. 6 студзеня ў яе дома адбыўся ператрус па крымінальнай справе супраць Уладзіміра Няпомняшчых.
Як паведаміла раніцай 22 студзеня "Гомельская Вясна", Таццяна Ласіца знайшлася ў гомельскім ізалятары. На якой падставе яна затрыманая — пакуль невядома.
Баранавічы
Да ўладальніка крамы з нацыянальнай сымболікай «Росквіт» у Баранавічах, берасцейскага абласнога каардынатара руху «За свабоду» Юрыя Казакевіча прыйшлі супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю — правяраць інфармацыю аб нявыплаце падаткаў, піша "Радыё Свабода".
«У краму прыйшла пазачарговая праверка з ДФР у сувязі з тым, што ў іх было нейкае паведамленне, быццам я ўхіляўся ад выплаты падаткаў у буйным памеры», — паведаміў Казакевіч агенцтву БелаПАН.
Паводле яго, прайшлі тры ператрусы: у краме, машыне і дома. У кватэры забралі кампутар і тэлефон.
«Лічу, што ў тым, што адбываецца, ёсьць палітычная падаплёка. Але і эканамічная таксама, бо ўлады любым спосабам выціскаюць грошы з прадпрымальнікаў і яшчэ больш зацікаўленыя ў гэтым, калі чалавек яшчэ і актывіст», — заявіў Казакевіч.
Ён падкрэсліў, што ўсе падаткі ў яго выплачаныя своечасова і ў поўным аб’ёме.
Інфармацыя дапаўняецца.
Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?
Сабралі інфармацыю аб тым, куды можна звяртацца, каб даведацца, дзе знаходзіцца затрыманы.