viasna on patreon

Палітвязень Сяргей Спарыш: кампазітар, які працаваў зваршчыкам

2021 2021-01-18T12:39:16+0300 2021-01-20T12:22:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sparysh_hrydzin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Спарыш. Фота Уладзіміра Грыдзіна (RFE/RL)

Сяргей Спарыш. Фота Уладзіміра Грыдзіна (RFE/RL)

Па стане на 18 студзеня ў Беларусі налічваецца 185 палітвязняў. "Вясна" працягвае распавядаць пра людзей, якія крымінальна пераследуюцца ў нашай краіне па палітычных матывах. Вікторыя Спарыш распавяла пра свайго мужа Сяргея — актывіста партыі "Народная грамада".

25 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, ужываючы фізічную сілу, выцягнулі Сяргея Спарыша з уласнай кватэры. Падставай для затрымання стаў вынесены раней адміністратыўны арышт на 15 сутак за ўскладанне кветак на Вайсковых могілках у Мінску восьмага траўня. Дзевятага ліпеня стала вядома,што ў дачыненні да Сяргея ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 342.

Кампазітар і філосаф

Сяргей нарадзіўся і вырас у сям'і мастакоў. Разам з мамай Жанай напісаў першую карціну, калі яму яшчэ не было пяці гадоў. Але ў школе запал да творчасці знайшла выйсце не ў маляванні, а ў музыцы. Сяргей скончыў Гродзенскае музычнае вучылішча як музыказнаўца, граў на скрыпцы. Потым — вучыўся ў Акадэміі музыкі на кампазітара. У 18 гадоў, будучы дыпламантам Міжнароднага конкурсу маладых кампазітараў, даў свой першы аўтарскі канцэрт і напісаў сімфонію.

У той час ён распавядаў у інтэрв'ю, што сімфонія паўстала пад уражаннем ад асобы і філасофіі рымскага імператара Марка Аўрэлія. Ягоны настаўнік, беларускі кампазітар Віталь Радзівонаў, адзначаў, што Сяргей ведае на памяць імёны пяцідзесяці рымскіх цэзараў. Ягоная жонка Вікторыя пацвярджае, што ён выдатны суразмоўца, які гадзінамі можа гаварыць на абсалютна розныя тэмы: і, хоць яны знаёмыя ўжо 14-ы год, слухаць яго ніколі не становіцца сумна.

"Сяргей вельмі адукаваны і разумны чалавек, — распавядае яна. — Але пры ўсім гэтым ніколі не быў напышлівым. Ён шмат чытае і аналізуе, імкнецца шукаць інфармацыю ў некалькіх крыніцах, параўноўваць думкі. У першую чаргу ён гуманітарый, яго цікавяць пытанні філасофіі, мовы, літаратуры, мастацтва. Сяргей выдатна ведае гісторыю, у асноўным яго цікавіць антычнасць і падзеі XX і ХХІ стагоддзяў".

Вялікую ўвагу ён надае самаадукацыі, а важная частка ягонага жыцця — вывучэнне філасофскіх тэкстаў і трактатаў. Найбольшую цікавасць для Сяргея Спарыша прадстаўляюць працы стоікаў і эканамічныя трактаты.

"Ён не проста чытае, але і крытыкуе іх, — адзначае Вікторыя Спарыш. — Акрамя гэтага, ён займаецца пабудовай уласных канцэпцый. Ён майстар слова, і для яго важна дакладна данесці свае думкі да аўдыторыі".

Менавіта таму ён вывучае мовы: ведае англійскую, польскую, а таксама трохі іспанскую і нямецкую. На нямецкай ён нават напісаў у СІЗА верш, які прысвяціў усім тым, хто пераследуецца (пераклад — жонкі Сяргея Вікторыі Спарыш):

Geschwister

Ein Blut,
Ein Seele
Ein Geist.
Wir sind Bruder und Schwester
für dieser Tag und für die Ewigkeit.
Wir sind Bruder und Schwester
für dieser Welt und für alle anderen,
ob sie existieren,
oder nicht.

Ein Blut,
Ein Seele,
Ein Giest,
Ein Glut,
Ein Ehre
und einzige treue reine Mut.

Братья и сёстры
Одна кровь,
Одна душа,
Один разум.
Мы братья и сёстры
В этот день и на вечно,
Для этого мира и для всех остальных,
Существуют они или нет.

Одна кровь,
Одна душа,
Один разум,
Одно пламя и честь.
И только настоящее, чистое мужество.

“У лістах ён ні на што не скардзіцца”

Але музыку Сяргей перастаў пісаць у 2010 годзе: расчараваўшыся ў акадэмічнай адукацыі, ён сышоў працаваць зваршчыкам на завод МЗКЦ, каб знутры адчуць патрэбы і праблемы працоўнага. Там ён працаваў каля сямі гадоў.

"Ён працаваў з вялікім энтузіязмам, — кажа Вікторыя. — Але ў яго было расчараванне з нагоды становішча працоўнага на заводзе, працэсаў, якія там адбываліся. Сяргей вельмі патрабавальны да прафесійным якасцям — сваім і людзей, якія яго атачаюць, нецярпіма ставіцца да халтуры і ашуканства”.

Акрамя гэтага, Вікторыя адзначае гатоўнасць Сяргея заўсёды прыйсці на дапамогу. Хоць ён здаецца знашне адхіленым, не будзе выліваць душу староннім, у цяжкую хвіліну заўсёды падтрымае сяброў. Яшчэ ён любіць хатніх жывёл, асабліва сабак. Дзевяць гадоў таму ён не змог прайсці міма кошкі, якая сядзела на сметніку: з тых часоў яна жыве ў Спарышаў.

Лісты Сяргея да жонкі
Лісты Сяргея да жонкі

"Цяпер Сяргей захоўвае аптымістычны настрой, не сумуе, а ў лістах часам нават спрабуе жартаваць, — распавядае Вікторыя. — Ён чытае ўсё, што можна здабыць у мясцовай бібліятэцы, і працягвае ўдасканальваць нямецкую і гішпанскую. Яму падаравалі Біблію на нямецкай мове. Шкада, што цяпер увялі часовую забарону на перадачу непадпісных выданняў. Таксама Сяргей шмат разважае аб будучыні ў плане філасофскіх канцэпцый. Нягледзячы на складанасці ў ліставанні, лісты ідуць са спазненнем у месяц, за снежань было тры лісты, ён ні на што не скардзіцца".

Жонка Сяргея кажа, што для яго, як і для іншых палітвязняў, важнай падтрымкай становяцца лісты.

Адрас для лістоў Сяргею: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства