Берасцейца асудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі" за паклёп у дачыненні да камандзіра АМАПа
У Брэсце 6 студзеня асудзілі па артыкуле 188 Крымінальнага кодэкса (паклёп) 28-гадовага берасцейца Максіма Смірнова за рэпост у тэлеграм-канале пра камандзіра атрада АМАП УУС Брэсцкага аблвыканкама Максіма Міховіча. Пацярпелы АМАПавец прасіў суд строга не караць абвінавачанага, матывуючы гэта тым, што "Аляксандр Лукашэнка абвясціў 2021 год Годам народнага адзінства". Суд Маскоўскага раёна Брэста пакараў хлопца двума гадамі абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
Паводле абвінавачвання, Максім Смірноў раніцай 14 верасня 2020 года з дапамогай свайго мабільнага тэлефона размясціў у адным з рэгіянальных тэлеграм-каналаў інфармацыю асабістага характару пра камандзіра Брэсцкага АМАПа Максіма Міховіча. Інфармацыя суправаджалася тэкстам, "які змяшчаў паклёпніцкія, ілжывыя і ганьбіцкія супрацоўніка міліцыі звесткі".
Да Максіма Смірнова да суда была прыменена мера стрымання – падпіска аб нявыездзе і належных паводзінах. У судзе абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну, сказаў, што раскайваецца, і ў зале суда папрасіў прабачэння ў пацярпелага.
Пацярпелы Максім Міховіч папрасіў суд строга не караць абвінавачанага, матывуючы гэта тым, што "Аляксандр Лукашэнка абвясціў 2021 год Годам народнага адзінства". Матэрыяльных прэтэнзій да абвінавачанага пацярпелы не прад'яўляў.
Пракурор прапанаваў пакараць берасцейца за паклёп двума гадамі абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Але суддзя Маскоўскага раёна Брэста Яўген Брэган пакараў хлопца двума гадамі абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, піша "Брэсцкая Вясна".
Як заўважыла брэсцкае выданне "Бінокль", камандзір брэсцкага АМАПу Максім Міховіч значыцца ў санкцыйным спісе Еўрапейскага Саюзу. Санкцыі ў дачыненні да яго ўведзеныя "за кампанію рэпрэсій і запалохвання, якая праводзіцца сіламі АМАП у Брэсце пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, у прыватнасці за адвольныя арышты і жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі".