viasna on patreon

Cлучака пакаралі годам "хіміі" за раскіданыя шрубы каля будынка РАУС Дапоўнена

2021 2021-01-06T10:40:00+0300 2021-01-06T10:44:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sluck_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У сераду, 6 студзеня, суд Слуцкага раёна вынес прысуд па крымінальнай справы па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) у дачыненні да 34-гадовага случака. Суддзя Аляксандр Шутко пакараў яго годам "хіміі". Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён вечарам 4 жніўня пасля адмененага ўладамі мітынгу Святланы Ціханоўскай рассыпаў "вожыкі" на тэрыторыі каля будынка Слуцкага РАУС. У выніку былі пашкоджаныя шыны аўтамабіляў двух супрацоўнікаў міліцыі, на месцы канфіскавалі 38 будаўнічых шрубаў, а дзеянні жыхара Слуцка кваліфікавалі як хуліганства. У судзе пацярпелыя заявілі, што не маюць прэтэнзій. Пракурор прасіў суд пакараць случака паўтара гадамі "хатняй хіміі", але суддзя прызначыў больш жорсткае пакаранне.

Будынак Слуцкага РАУС
Будынак Слуцкага РАУС

Як паведамляе kurjer.info, справу разглядае суддзя Аляксандр Шутко (намеснік старшыні суда), дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае памочнік пракурора Нарута.

Паводле абвінавачання, грамадзянін А. 4 жніўня 2020 года каля 19.00, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, з хуліганскіх памкненняў на аўтамабілі таксі паехаў у магазін «будаўнічы гіпермаркет», дзе купіў шрубы. Пасля на гэтым жа таксі паехаў да будынка РАУС, размешчанага па вуліцы Уласаўца, дзе рассыпаў набытыя шрубы з мэтай пашкодзіць колы службовага транспарту, тым самым здзейсніўшы злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства).

Перад дачай паказанняў у судзе 5 студзеня абвінавачаны папрасіў яго "моцна матэрыяльна не караць, бо ў жонкі анкалогія" і папрасіў далучыць выпіску з медыцынскай карты жонкі да справы. Суд гэтае хадайніцтва задаволіў. Грамадзянін А. сваю віну прызнаў цалкам.

Жыхар Слуцка патлумачыў, навошта ён здзейсніў свае дзеянні:

"4 жніўня ехаў з працы і ўбачыў, што ў горадзе стаяць аўтазакі, затым паехаў дадому. Пасля гэтага выпіў, выклікаў таксі і вырашыў паглядзець, што адбываецца ў горадзе. Убачыў, як АМАП гвалтоўна забірае людзей у аўтазакі. Пасля паехаў у будаўнічую краму, купіў шрубы і, седзячы на заднім сядзенні таксі, рассыпаў іх па вуліцы Уласаўца ад будынка РАУС да пракуратуры",перадае словы абвінавачанага ў судзе kurjer.info.

Абвінавачаны адзначыў, што "калі б ён быў цвярозы, то такога б не было".

Таксама ў судзе прысутнічалі двое пацярпелых — супрацоўнікі праваахоўных органаў, колы машын якіх апынуліся пракалоты. Грамадзянскія пазовы яны заяўляць адмовіліся і прэтэнзій да грамадзяніна А. не маюць, бо абвінавачаным былі прынесеныя прабачэнні і кампенсаваная сума, якую пацярпелыя выдаткавалі на паслугі СТА.

Па інфармацыі kurjer.info, у судзе выступіў сведка — кіроўца таксі, на якім у той дзень ездзіў абвінавачаны і з акна аўтамабіля якога раскідваў шрубы. Мужчына распавёў, па якім маршруце ездзіў з абвінавачаным, а таксама растлумачыў, што не бачыў, як грамадзянін А. кідае што-небудзь у акно, бо сачыў за дарогай.

У судзе быў прагледжаны запіс з камеры відэарэгістратара аўтамабіля, які быў прыпаркаваны на стаянцы каля РАУС. На запісе відаць, як грамадзянін А. сядзіць у машыне таксі на заднім сядзенні і раскідвае шрубы.

Пракурор Нарута папрасіў суд 5 студзеня пакараць случака абмежаваннем свабоды без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў. Але суддзя Аляксандр Шутко 6 студзеня прызначыў больш жорсткае пакаранне і асудзіў яго да абмежавання свабоды з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год, піша kurjer.info.

У Магілёве распачаўся суд за раскіданыя самарэзы каля будынкаў сілавых органаў

Суд Ленінскага раёна Магілёва 5 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кдэкса (хуліганства) у адносінах да 50-гадовага Сяргея Базукі. Яго абвінавачваюць у тым, што 26 кастрычніка і 11 лістапада раскідаў на службовых стаянках каля абласнога ўпраўлення міліцыі, Камітэту дзяржаўнага кантролю, 11-га ўпраўленьня ГУБАЗіК ды Следчага камітэту самарэзы, каб супрацоўнікі гэтых ведамстваў прабілі колы службовых машын.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства