За перакрыццё дарогі ў Серабранцы адзін з удзельнікаў асуджаны да трох гадоў "хіміі"
29 снежня суд Ленінскага раёна абвясціў прысуд у дачыненні да Іллі П., якога абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за перакрыцце праезнай часткі ў сталічным мікрараёне Серабранка 23 верасня.
Суддзя Таццяна Шоцік пастанавіла прызнаць Іллю П. вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, што пацягнула парушэнне працы транспарту пры адсутнасці прыкметаў больш цяжкага злачынства, і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраванне ва ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады.
Меру стрымання да накіравання адбыцця пакарання змяніць з заключэння пад вартай на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.
Таксама судом было вынесена прыватнае вызначэнне ў адрас сярэдняй навучальнай установы, дзе вучыўся малады чалавек, для арганізацыі прафілактычнай працы, каб пазбегнуць здзяйснення аналагічных злачынстваў у далейшым іншымі навучэнцамі, а аб прынятых мерах паведаміць суду не пазней аднаго месяца з дня пастановы.
Да гэтага, прайшло два судовыя пасяджэнні, дзе былі апытаныя абвінавачаны і сведкі, вывучаныя пісьмовыя матэрыялы крымінальнай справы, прайшлі спрэчкі бакоў.
Суд пачаў разглядаць другую справу па блакаванні дарог у сталічнай Серабранцы
Дзяржабвінаваўца Рамановіч у сваім выступе адзначаў, што віна Іллі П. даказаная падчас судовага следства, сам абвінавачаны віну прызнаў.
Пры гэтым Ілля П. паказаў, што сапраўды ступіў на праезную частку, аднак знаходзіўся побач з бардзюрам, ніякіх актыўных дзеянняў не здзяйсняў, лозунгі не выкрыкваў. Праз некаторы час яны з сябрамі вырашылі рухацца па дарозе, кампанія села ў машыну і паехала ў бок мікрараёна Чыжоўка. Аднак Ілля П. папрасіў высадзіць яго каля кінатэатра "Салют", пасля чаго ён зноў накіраваўся на мітынг, дзе далучыўся да пратэстоўцаў, выкрыкваў лозунг "Жыве Беларусь", а пасля з групай людзей выйшаў на праезную частку, спыніўшы аўтамабілі, якія рухаліся па дарозе, у тым ліку і тралейбус №30.
Падчас свайго ўдзелу ў мітынгу Ілля П. нікога з прадстаўнікоў улады не бачыў, патрабаванняў іх не чуў. Аб тым, што да згаданага месца прыехаў АМАП, даведаўся з інтэрнэту.
Віна падсуднага, на думку пракурора, пацвярджалася паказаннямі сведак, у тым ліку сябры абвінавачанага - Даніілы Бурынскага, пісьмовымі матэрыяламі справы: у тэлефоне Іллі П. былі выяўленыя фота і відэа з месца правядзення мітынгу, пасля размешчаныя абвінавачаным у Instagram; выхад на праезную частку пацвярджаецца запісам відэарэгістратара тралейбуса №30.
Прасіў пакараць Іллю П. абмежаваннем волі тэрмінам на тры гады з накіраванне ва ўстанову адкрытага тыпу.
Абаронца падсуднага акцэнтавала ўвагу на тым, што Ілля П. не бачыў супрацоўнікаў АМАП, не чуў іх патрабаванняў, указала на неадпаведнасць паказанняў Бурынскага падчас папярэдняга следства і ў судзе, прасіла суд крытычна паставіцца да яго паказанняў як сведкі. Таксама абаронца адзначала, што Ілля П. заўсёды сцвярджаў, што знаходзіўся адзін, а яго сябры з'ехалі, ён не з'яўляўся арганізатарам, а проста быў удзельнікам сярод іншых пратэстоўцаў. Адвакатка прасіла суд пры вынясенні прысуду ўлічыць прызнанне віны і раскаянне Іллі П. у зробленым, адсутнасць нанесенай шкоды і абмежавацца штрафнымі санкцыямі.
У апошнім слове абвінавачаны раскаяўся ў зробленым, сказаў, што не ведаў, што яго дзеянні прынясуць столькі гора яго сям'і, усвядоміў, што здзейсніў злачынства і гатовы сплаціць кампенсацыю за зробленае.
Аднак суд падтрымаў прапанову дзяржабвінаваўцы.
Ілля П. плануе абскардзіць рашэнне суда ў апеляцыйным парадку.