Магілёўскаму актывісту Цурпанаву прысудзілі тры гады "хіміі" за абразу суддзяў
У судзе Магілёўскага раёна вынесены прысуд у дачыненні да актывіста і праваабаронцы Валадара Цурпанава, які абвінавачваўся адразу па двух эпізодах абразы суддзяў паводле артыкула 391 КК РБ. Суддзя Халадцоў пастанавіў пакараць Цурпанава 3 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія"). Менавіта такое пакаранне запрасіла дзяржабвінаваўца Вікторыя Чаркас. Валанцёры "Магілёўскай вясны" паведамляюць падрабязнасці працэсу.
У ходзе судовага працэсу па адміністрацыйнай справе ў верасні гэтага года Цурпанаў дазволіў сабе неадназначнае выказванне ў адрас суддзі суда Ленінскага раёна Вікторыі Паляковай, а 14 кастрычніка ў падобных умовах - у адрас суддзі Кастрычніцкага раёна Вольгі Краўчанка. За гэта ў дачыненні да актывіста завялі дзве крымінальныя справы.
23 снежня ў судзе Магілёўскага раёна прайшло першае пасяджэнне па справе. На ім выступіла пацярпелая суддзя Вольга Краўчанка, а таксама сведкі - журналісты Алесь Асіпцоў і Аляксандр Сідарэўскі, супрацоўнікі Ленінскага РАУС Уладзімір Паўлаў і Цімур Пахоменка, судовы сакратар Зубрыновіч.
Яшчэ адна пацярпелая па крымінальнай справе - суддзя суда Ленінскага раёна Вікторыя Палякова - папрасіла разглядаць справу без яе прысутнасці.
Суддзя Халадцоў палічыў, што абвінавачаны зрывае судовы працэс сваімі выказваннямі, і пастанавіў выдаліць яго з залы суда. Праблемы пачаліся з самага пачатку: на патрабаванне суддзі ўстаць за трыбуну, актывіст адказаў адмовай, паколькі патрабаваў павагі (логіка ў тым, навошта яму стаяць, калі сам суддзя сядзіць). Затым Халадцоў пачаў задаваць пытанні біяграфічнага характару, на што Цурпанаў заўважыў, што ўсе неабходныя дадзеныя ёсць у матэрыялах справы. Праз усяго толькі 7 хвілін пасля старту працэсу суддзя запатрабаваў ад Цурпанава пакінуць залу суда. Калі актывіст адмовіўся гэта зрабіць, з залы пайшоў сам суддзя Халадцоў. Працэс працягнуўся толькі праз паўгадзіны.
Калі Цурпанава пасля перапынку на абед паўторна з'явіўся ў зале, суддзя зноў перапыніў працэс і нават выклікаў міліцыю, ад якой патрабавалася вывесці актывіста. Зрэшты, Валадар растлумачыў супрацоўнікам, што ён, як абвінавачаны, з'яўляецца самым важным удзельнікам працэсу.
На наступным дзень, 24 снежня, пасяджэнне працягнулася, але актывіста на яго не пусцілі супрацоўнікі міліцыі і таму ён не змог прамовіць апошняе слова. На гэтым пасяджэнні дзяржабвінаваўца Вікторыя Чаркас запрасіла для яго 3 гады "хіміі". У свайго выступе яна адзначыла, што Цурпанаў, "абараняючы правы людзей, сам жа парушае законы".
Абвінавачаны Цурпанаў, у сваю чаргу, падаў у пракуратуру Магілёва "яўку з павіннай" - заяву аб няяўцы ў якасці абвінавачанага на судовае пасяджэнне пры наяўнасці позвы. Сваёй дзеяй праваабаронца хоча паказаць абсурднасць сітуацыі.
На абвяшчэнне прысуду Цурпанава таксама не пусцілі.