Заводскі суд разглядзеў справу па блакаванні дарогі 10 жніўня. Міхаіла Фірага асудзілі на 3 гады "хіміі" Дапоўнена
У судзе Заводскага раёна 23 снежня пачаўся разгляд крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да Міхаіла Фірага.
Старшынствуе суддзя Алена Капцэвіч.
У віну Міхаілу Фірага ставіцца тое, што ён у стане алкагольнага ап’янення з групай грамадзянаў блакіраваў рух транспарту на перакрыжыванні завулка Тучынскага і вуліцы Кальварыйскай 10 жніўня з 00.30 да 01.35 гадзін. Яго дзеянні кваліфікаваныя па арт. 342 Крымінальнага кодэкса – “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”.
Падсудны віну прызнаў, адмовіўся ад паслуг прадстаўленага абаронцы, сказаў, што раскайваецца ў здзейсненным. Да гэтага Міхаіл Фірага прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, быў вызвалены за 3 гады і 23 дні да сканчэння тэрміну пад асабістае паручальніцтва.
Міхаіл Фірага ў судзе распавёў, што быў дома, потым пайшоў у “Карону” па вуліцы Кальварыйскай і купіў слабаалкагольны напой, выпіў яго ў скверы, потым даехаў да ст. м. "Маладзежная". Яму было цікава паглядзець на спецтранспарт міліцыі. На месцы ён убачыў, што там перакрытая дарога, было шмат людзей, супрацоўнікі АМАПу кідалі ў натоўп светла-шумавыя гранаты. У нейкі момант невядомы хлопец прапанаваў абвінавачанаму перасунуць “забор” на праездную частку, ён зрабіў так, як яго прасілі. У гэты момант на даразе быў грамадскі транспарт. Міхаіл Фірага хацеў збегчы, бо ўбачыў супрацоўнікаў АМАПу, якія пад’ехалі на машыне бліжэй да яго. Ён не змог далёка збегчы – яго затрымалі.
Суддзя запытвала, чаму абвінавачаны не прыбраў з дарогі “забор”, чаму вырашыў збегчы з месца і што б ён рабіў, калі б АМАП не пад’ехаў да яго бліжэй? Міхаіл Фірага сказаў, што не можа адказаць на такія пытанні, бо “не ўсведамляў” сваіх дзеянняў.
У судзе выступілі сведкамі бацька і знаёмы падсуднага.
Бацька Міхаіла Фірага распавёў у судзе, што ў ноч з 9 на 10 жніўня знаходзіўся на выбарчым участку – чакаў вынікаў выбараў. Каля 4 гадзін раніцы ён пайшоў дадому, сына там ужо не было. Ноччу сын яму патэлефанаваў і сказаў, што на вуліцы стральба, “вайна”, бацька дакладна не памятае, што ён сказаў сыну ў той момант. Другі раз сын патэлефанаваў і паведаміў, што ён ужо затрыманы.
“Калі шчыра, калі падманулі ўвесь народ, на яго месцы павінен быў быць я, калі бы я не працаваў, я быў бы там!”, - сказаў бацька Міхаіла Фірага.
Суддзя ўсё спрабавала даведацца ў сведкі, як звязаны неправільна падлічаныя галасы выбаршчыкаў і барыкады на праезднай часцы. Бацька абвінавачанага запытаў: “А сталяць у людзей можна?” На што Алена Капцэвіч стала даводзіць, што страляніна пачалася нібыта пасля ўзвядзення барыкадаў пратэстоўцамі, і менавіта гэта стала падставай для прымянення гвалту з боку сілавікоў.
Сведка вельмі эмацыйна распавёў, што бачыў жорскія затрыманні на ўласныя вочы, і ён нічога не мог зрабіць. Сына характаразаваў як неагрэсіўнага, бязвольнага.
Судовае пасяджэнне працягнулася ў 9.45 24 снежня.
Міхаілу Фірага задалі некалькі дадатковых пытанняў. Пасля сканчэння судовага следства слова ўзяла дзяржабвінаваўца. Яна звярнула ўвагу, што на падставе ч. 1 арт. 43 КК варта прызнаць у дзеяннях абвінавачанага рэцыдзіў злачынства, смякчаючымі абставінамі - шчырае раскайванне і поўнае прызнанне віны, а абцяжарваючымі абставінамі - здзяйсненне злачынства ў стане алкагольнага ап'янення, а таксама тое, што раней ён ужо здзяйсняў злачынства і судзімасць не пагашаная. Прасіла суд прызнаць Міхаіла Фірага вінаватым і пакараць абмежаваннем волі тэрмінам на тры гады з накіраванне ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
У апошнім слове Міхаіл Фірага сказаў, што ён вінаваты і быў не правы.
Суд агучыў прысуд Міхаілу Фірагу ў 14.45 24 снежня. Алена Капцэвіч асудзіла яго на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Праваабрончы цэнтр “Вясна” з дапамогай валанцёраў адсочвае судовы працэс.