У Слоніме за абразу супрацоўніка міліцыі судзяць маці ў дэкрэце
У Слонімскім раённым судзе разгляд справы ў дачыненні да Кацярыны Салевіч, якую абвінавачваюць па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса, адклалі да выздараўлення пацярпелага.
Справу разглядае суддзя Наталля Радзівонік.
Дзяржабвінавачанне прастаўляе Юлія Ягоўдзік.
Кацярыну Салевіч абвінавачваюць у тым, што 25 жніўня яна наўмысна публічна абразіла прадстаўніка ўлады ў тэлеграм-канале "Слонім для жыцця". Пацярпелым прызнаны міліцыянт АМАП ГУУС Мінгарвыканкама старшы сяржант міліцыі Сяргей Асколкаў, фатаграфію і асабістую інфармацыю якога яна рэпостнула. Паводле матэрыялаў следства, пад рэпостам дзяўчына размясціла паведамленне "з тэкстам абразлівага зместу, якія прыніжае гонар і годнасць Асколкава".
У матэрыялах таксама пазначана, што эксперт аддзела лінгвістычных экспертыз УГСКЭ РБ па Гродзенскай вобласці прызнаў адно са слоў у паведамленні "грубым, вульгарным, абразлівым".
21 снежня пацярпелы Сяргей Асколкаў не з'явіўся ў суд праз хваробу: разгляд справы адкладзены да яго выздараўлення.
Кацярына Салевіч — жыхарка Слоніма. Яна спецыяліст па арганізацыі дзяржзакупак, мае вышэйшую адукацыю. Цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку: у гэтым годзе ў яе нарадзілася дзіця. Акрамя яго, у сям'і ёсць яшчэ адно пяцігадовае дзіця.