viasna on patreon

Мужчыну, які хадзіў на акцыі пратэсту з расійскім сцягам у Мінску, асудзілі за супраціў міліцыі

2020 2020-12-21T13:43:25+0300 2020-12-21T13:43:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aliuki_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Першамайскага раёна Мінска 21 снежня асудзіў па ч. 1 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў) 46-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка Святаслава Зайцава. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён супраціўляўся пры затрыманні 17 верасня пасля Ланцуга салідарнасці ва Уруччы. У той вечар Зайцаў хацеў далучыцца да акцыі з расійскім сцягам, але быў затрыманы і збіты супрацоўнікамі АМАПу ў аліўкавай форме. З РУУС Першамайскага раёна з чэрапна-мазгавой траўмай яго даставілі ў рэанімацыю, а потым у хірургічнае аддзяленне, куды прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і заключылі яго пад варту, прыкаваўшы кайданкамі да бальнічнага ложку на 72 гадзіны. Пацярпелыя супрацоўнікі АМАПу, звесткі якіх у матэрыялах справы былі змененыя, а самі ў суд прыйшлі ў балаклавах і кепках, толькі на судзе сказалі, што Зайцаў ужываў да іх гвалт, падчас следства яны гэтага не заяўлялі. Аднак першапачаткова дзеянні мужчыны былі кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 363 КК – супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў з ужываннем гвалту. Суддзя Святлана Чараповіч прызнала Святаслава Зайцава вінаватым паводле ч. 1 арт. 363 КК, выключыўшы з абвінавачвання "гвалт" у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, і пакарала мужчыну двума гадамі абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). "Вясна" сачыла за судом, распавядаем яго падрабязнасці. 

Ілюстрацыйнае фота onliner.by
Ілюстрацыйнае фота onliner.by

У чым абвінавацілі мужчыну?

Зайцаў на суд з'яўляўся самастойна. Яго мера стрымання – заклад у 100 базавых. Паводле першапачатковага абвінавачвання Святаслаў Зайцаў 17 верасня "будучы абвінавачаным у актыўным удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, затрыманы ўчастковым РУУС Першамайскага раёна Куляшовым, аказаў супраціў, спалучаны з ужываннем гвалту: у момант затрымання Куляшовым Зайцаў рэзка развярнуўся пры захопе, у выніку чаго ён упаў на асфальт, пасля чаго Зайцаў нанёс яму не менш за два ўдары драўлянай палкай у вобласць спіны, а таксама аказаў супраціў супрацоўнікам АМАПу, а менавіта вырываўся ад захопу, не даваў завесці рукі за спіну, выстаўляў рукі наперад, хапаўся за форменнае абмундзіраванне, упіраўся нагамі, спрабаваў сесці на зямлю, спрабаваў вызваліцца і нанёс не менш за тры ўдары Мацюшэнку". Аднак суд перакваліфікаваў справу з часткі 2 на частку 1 артыкула 363 Крымінальнага кодэкса, бо з паказанняў пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі не вынікала, што Зайцаў прычыніў ім гвалт.

Пацярпелымі па гэтай справе былі прызнаныя супрацоўнік Першамайскага РУУС Аляксандр Куляшоў, а таксама два супрацоўнікі мінскага АМАПа. У мэтах "абяспячэння мер бяспекі" імёны і прозвішчы супрацоўнікаў АМАПу былі змененыя на "Дубаўца" і "Мацюшэнку", участковага — не.  У судзе яны давалі паказанні ў балаклавах і кепках, то бок з "прымяненнем мер, якія забяспечваюць непазнавальнасць асоб". Таксама ў матэрыялах былі змененыя анкетныя звесткі і трох сведак супрацоўнікаў АМАПа. Паводле абвінавачвання Зайцаў сваімі дзеяннямі прычыніў супрацоўнікам міліцыі фізічныя пашкоджанні ў выглядзе пашкоджанняў, а таксама фізічную і маральную шкоду. Аднак на судзе ні пра якую шкоду або пашкоджанні пацярпелыя не заяўлялі.

Абвінавачваны віну прызнаў часткова, так як, па яго словах, "дзейнічаў у стане афекту":

"Я прызнаю, што быў здзейснены супраціў супрацоўнікам АМАПу, але дзейнічаў я ў гэты момант без намеру, а менавіта ў стане афекту, бо я спрабаваў вызваліцца ад неўстаноўленых ад мяне асобаў".

Што адбылося ўвечары 17 верасня ва Уруччы?

МУС: Мужчына распыліў газавы балончык у твар супрацоўніка міліцыі

18 верасня прэс-сакратар МУС паведаміла, што ўвечары 17 верасня ва Уруччы "удзельнік пратэстнай акцыі распыліў газавы балончык у твар міліцыянта":

"Увечары 17 верасня каля станцыі метро "Уручча" праходзіла несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Міліцыя патрабавала ў прысутных разысціся, але гэта ігнаравалі. Некаторыя грамадзяне "аказвалі актыўны супраціў", а адзін распыліў у твар міліцыянта слёзатачывы газ і ўцёк".

МУС паведаміла пра трох затрыманых, якія былі дастаўлены ў Першамайскае РУУС для разбіральніцтва.

Адным з затрыманых быў як раз абвінавачаны — 46-гадовы Святаслаў Зайцаў. Але як стала вядома ў судовым працэсе, у Першамайскім РУУС не змаглі апытаць мужчыну, бо ад атрыманых траўмаў пры затрыманні яго забрала "хуткая" ў рэанімацыю.

Вядома, што па факце распылення газавага балончыка ў супрацоўніка міліцыі была ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу – гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Крымінальная справа ў дачыненні да Святаслава Зайцава было выдзелена ў асобную вытворчасць, праўда, па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса – супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў з ужываннем гвалту.

Зайцаў: Мая пазіцыя з грамадзянамі з БЧБ-сцягамі кардынальна адрозніваецца

Святаслаў Зайцаў распавёў, што ўвечары 17 верасня пасля працы ён паехаў у краму "Санта" каля ГЦ "Спектр". Калі ён ужо выйшаў з прадуктамі з крамы, то ўбачыў каля дарогі групу грамадзян з БЧБ-сцягамі, "з якімі грамадзянская пазіцыя ў яго кардынальна адрозніваецца".

"Я лічу, што сваю грамадзянскую пазіцыю трэба даносіць да гэтых грамадзян. Таму што маё меркаванне накіраванае на памяншэнне радыкалізацыі, на тое, каб грамадзяне разумелі, што свае патрабаванні трэба фармаваць менавіта ў законных формах, і меркаванне павінна быць накіраванае не на дэструкт, а на кансэнсус і знаходжанне выхаду з сітуацыі, якая склалася", — распавёў Зайцаў на судзе.

Па словах абвінавачанага, людзі 17 верасня, якія знаходзіліся каля праезнай часткі каля метро Уручча, выказвалі сваё меркаванне — "проста стаялі з БЧБ-шнымі сцягамі". Мужчына вырашыў далучыцца да пратэстоўцаў.

"Я паставіў прадукты і стаў побач. Я добра разумею, што мая пазіцыя канфліктна ў гэтым асяроддзі. Я стараюся, каб людзі разумелі, што ёсць розныя бакі: ёсць Расія, ёсць ЕЗ — нам з імі гандляваць, нам з імі будаваць нейкія стасункі. Як бы падзеі не развіваліся, усё роўна напрамкі трэба падтрымліваць, таму што есць не будзе чаго.

Таксама я спрабую да людзей даносіць інфармацыю, нягледзячы на тое, што ў нас вельмі канфліктныя адносіны з сілавымі органамі, пры гэтым у нас усё ж такі адна з самых дэкрыміналізаваных краін у свеце. У рамках гэтага, хаця бы трэба спрабаваць будаваць адносіны з нізавымі органамі правапарадку, для таго, каб удзельнічаць у добраахвотных дружынах, каб разумець, наколькі гэта складана і цяжка.

Там [сярод пратэстоўцаў] ёсць грамадзяне, якія прыслухоўваюцца да гэтай пазіцыі і добра яе ўспрымаюць. Але ёсць грамадзяне, якія вельмі радыкальныя адносна ўсяго таго, што адбываецца, яны сваё меркаванне выказваюць эмацыйна і праблематычна. Таму я заўсёды ў такіх сітуацыях запытваюся, ці можна я падыму расійскі сцяг, каб заявіць гэтую пазіцыю. І ў рамках гэтага звычайна завязваецца дыялог: часам рэагуюць вельмі агрэсіўна, аж да кідання ў мяне з фізічнай спробай нешта даказаць", — патлумачыў сваё далучэнне да акцыі 17 верасня Зайцаў.

Са словаў Зайцава, у яго заўсёды з сабой расійскі сцяг. Як ён распавёў, з дапамогай яго ён імкнецца людзям даносіць сваю пазіцыю.

Як распавядае абвінавачаны, калі ён 17 верасня дастаў расейскі сцяг, то да яго падышоў хлопец з БЧБ-сцягам, у якога ён спытаў, ці можа падняць свой сцяг. Аднак тут жа прыехаў міліцэйскі бус. Большасць грамадзян з сімволікай разбегліся, засталося некалькі чалавек, якія сталі размаўляць з міліцыяй. Зайцаў таксама пайшоў размаўляць з супрацоўнікамі. Зайцаў запытаў у іх, як зрабіць гэтыя мерапрыемствы законнымі. Па словах абвінавачанага, тут жа супрацоўнікі міліцыі сказалі, што калі пратэстоўцы не разыйдуцца на працягу 20 хвілін, то прыедзе АМАП. Зайцаў адышоў у бок, да яго далучылася іншыя пратэстоўцы.

—  Гэтая тая група, з якой, як Вы кажаце, у вас процілеглы пункт гледжання ў адносінах да дзеючай улады, сістэмы? — удакладніла суддзя Чараповіч.
— Так, — адказаў Зайцаў.

Пазнаў міліцыю па паху

"Проста было прынятае рашэнне сыходзіць з гэтага мерапрыемства, і мы ўсе сыходзілі, але кожны са сваім меркаваннем і накірункам. Усе рухаліся ў бок выхаду з метро".

Таксама на судзе Зайцаў распавёў, што ў яго праблемы са зрокам, выразна чалавека ён можа разгледзець толькі ў 20 сантыметрах.

Па словах абвінавачанага, калі ўсе пачалі сыходзіць да метро, ён заўважыў нейкую бойку — "грамадзянскі канфлікт". З-за дрэннага зроку, ён не змог дакладна разглядзець, што адбываецца.

"Я ўспрыняў гэта, што адзін з агрэсіўных грамадзян [пратэстоўцаў] спрабуе даказаць сваю пазіцыю. Мне падалося, што хударлявы тонкі скача на буйнога вялікага і хоча плюнуць яму ў твар [як стала вядома потым па словах Зайцава, тонкі — супрацоўнік міліцыі]. Я падумаў, што калі зараз завяжацца бойка, то прыедзе АМАП. Таму я вырашыў падысці да іх і разняць гэты канфлікт".

Зайцаў распавёў, што па паху зразумеў, што гэта не грамадзянскія асобы, а міліцыя. "Яны пахнуць спецыфічна", — кажа Зайцаў.  Раней — ён думаў, што гэта ўдзельнік акцыі. Калі ён зразумеў, што гэта міліцыя, то вырашыў сысці адтуль у метро. Але, калі ён ужо перайшоў дарогу, то на яго скокнулі, у выніку чаго яго развярнула. У гэты момант, на мужчыну пачаў хтосьці рухацца, Зайцаву стала страшна і ён пачаў уцякаць. Але яго хутка дагналі. Па словах мужчыны, з-за дрэннага зроку, ён не мог ідэнтыфікаваць іх як супрацоўнікаў міліцыі:

"Я думаў, што гэта нейкія будаўнікі ў шэрай абвіслай форме, якія штосьці хочуць ад мяне".

Супрацоўнік міліцыі: "Пі*дзі яго"

Падчас судовага допыту, Зайцаў распавёў, што калі да двух супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі мужчыну, падышоў трэці супрацоўнік, то ён сказаў: "Пі*дзі яго". Пасля гэтага мужчыну пачалі біць па корпусе. Зайцаў пачаў уцякаць, але спатыкнуўся і ўпаў. У гэты час, па словах Зайцава, супрацоўнікі пачалі збіваць мужчыну: па твары, па галаве.

"Прычым удары наносіліся не толькі рукамі, але і цвёрдымі прадметамі. У выніку гэтага я пачаў губляць прытомнасць".

На відэа, знойдзенае ў тэлеграм-чаце "Уручча 97 pro", Зайцаў — у зялёнай вятроўцы, у башлыку і з заплечнікам.

З РУУС у БХМД

Мужчына сцвярджаў на судзе, што сам ніякіх удараў супрацоўнікам міліцыі ён не наносіў і намеру на супраціў у яго таксама не было. Таксама па словах абвінавачанага, ён не ўспрымаў 17 верасня дзеянні асоб, якіх ён не мог ідэнтыфікаваць як супрацоўнікаў міліцыі, як затрыманне. Святаслаў Зайцаў практычна не памятае, як яго даставілі ў РУУС. Там ён ляжаў у несвядомым стане на падлозе да прыезду "хуткай". Мужчыну адразу даставілі ў рэанімацыю бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, дзе ён прабыў да раніцы. Потым яго перавялі ў хірургічнае аддзяленне. Тры супрацоўнікі міліцыі прыходзілі да яго ў бальніцу і прыносілі пратакол аб затрыманні і заключылі яго пад варту на 72 гадзіны, прыкаваўшы яго кайданкамі да бальнічнага ложку. У шпіталі ён прабыў 10 дзён, там яму дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму і шматлікія гематомы на целе.

На судзе Зайцаў распавёў, што часта ходзіць з драўлянай палкай для хады праз траўму правай нагі. Таксама ён сказаў, што хацеў у той вечар на акцыі падняць на ёй расійскі сцяг.

Што казалі пацярпелыя на судзе?

Супрацоўнік Першамайскага РУУС: Гэта мая лагічнае выснова

Супрацоўнік Першамайскага РУУС Аляксандр Куляшоў распавёў на судовым працэсе, што ў той вечар дапамагаў затрымліваць Зайцава. Адразу ён пабег за ім, а калі дагнаў, то абхапіў яго тулава рукамі са спіны. Па словах участковага, у Зайцава была палка ў руках і ён пачаў ёй размахваць. Куляшоў упаў на калені на зямлю і яго нехта ўдарыў два разы па спіне, аднак ён не бачыў, хто і чым наносіў удары. Супрацоўнік міліцыі на судзе адзначыў, што не выключае, што гэтыя ўдары маглі наносіцца выпадковым чынам. Фізічны пашкоджанняў і шкоды ён ніякіх не атрымаў. Ён меркаваў, што гэта менавіта Зайцаў біў яго палкай. Куляшоў выказаў здагадку гэта, таму што ў Зайцава ў руках была палка.

— Вы мяркуеце, што гэта быў удар палкай, толькі таму што ў абвінавачанага ў руках была палка? — удакладніла суддзя Чараповіч ў Куляшова.

Супрацоўнік міліцыі пацвердзіў, што гэта толькі яго лагічнае выснова.

З-за істотных супярэчнасцяў на судзе былі зачытаныя паказанні Куляшова, дадзеныя падчас следства 19 верасня — як сведкі. Тады на допыце ён сведчыў, што ўдары наносіліся па ім мэтанакіравана. Але на судзе ён ужо сказаў, што ўдары маглі быць і выпадковыя. 

1-ы супрацоўнік АМАПа: Ён размахваў рукамі, удараў не было

Другім пацярпелым у судзе быў дапытаны супрацоўнік АМАПа ў балаклаве і кепцы са змененымі імем і прозвішчамі — "Артур Дубавец". Ён распавёў, што 17 верасня прыехаў у аліўкавай форме без апазнавальных знакаў у складзе мабільнай групы АМАПу дапамагаць забяспечваць грамадскі парадак на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства каля "Спектру". Па словах супрацоўніка АМАПу, Зайцава яны вырашылі затрымаць, калі той пачаў уцякаць. 

"Мы падбеглі да яго, узялі яго пад рукі. Было актыўнае непадпарадкаванне супрацоўнікам органам — ён размахваў рукамі, у яго ў руках была палка, хапаўся за форменнае абмундзіраванне. Калі мы яго вялі ў транспартны сродак, Зайцаў размахваў рукамі, а мы спрабавалі выбіць у яго палку. Ён размахваў рукамі, удараў не было. Я не магу сцвярджаць, што ён хацеў гэтым зрабіць", — распавёў супрацоўнік АМАПу пра затрыманне і супраціў Зайцава.

На ўдакладняючыя пытанні суддзі і дзяржабвінавачання, ці былі гэта мэтанакіраваныя ўдары Зайцава па супрацоўнікам АМАПа «Дубавец» сказаў, што ён размахваў рукамі, вырываючыся, такім чынам ён "спрабаваў нанесці ўдар у вобласць галавы". Паводле абвінавачання, Зайцаў спрабаваў нанесці "Дубаўцу" яму ўдары палкай.

"Удараў не было, але спроба была. Асабіста мне ніякай шкоды нанесены не было, ён аказваў мне непадпарадкаванне", — сказаў "Дубавец".

На судзе "Дубавец" таксама распавёў, што Зайцава таксама спрабавалі адбіць іншыя пратэстоўцы, крычалі "Адпусціце", праз гэта яны на час страцілі над ім кантроль. Таксама супрацоўнік АМАПа заявіў на судзе, што ў дачыненні да Зайцава ўжывалася спецсродка — гумавая палка. Падстава — непадпарадкаванне. Па словах "Дубаўца", у вобласць нагі супрацоўнік АМАПа нанёс абвінавачанаму прыкладна два ўдары.

— Я ляжаў на зямлі, а вы мяне білі? — спытаў у яго Зайцаў.
— Так.

Аднак і тут меліся супярэчнасці з тым, што казаў "Дубавец" падчас следства. Падчас першага допыту супрацоўнік АМАПа ўвогуле не заяўляў, што яму наносіліся якія-небудзь удары і пра спробы гэтага, але тады па яго словах, ён бачыў, як Зайцаў ўдарыў яго напарніка [«Мацюшэнку»]. Падчас вочнай стаўкі з абвінавачаным ён паўтараў гэтыя паказанні. А падчас суда "Дубавец" усё наадварот сказаў, што Зайцаў спрабаваў яго ўдарыць, а ці ўдарыў ён іншага супрацоўніка АМАПу — ён не бачыў. Супрацоўнік АМАПа сказаў, што падтрымлівае паказанні, дадзеныя падчас суда.

"Я цяпер аналізаваў сітуацыю".

На пытанне суддзі, як ён мог даць такія паказанні, супрацьлеглыя тым «што даваў на судзе, бо яго папярэджвалі аб крымінальнай адказнасці за дачу ілжывых паказанняў,» Дубавец " сказаў, што не можа сказаць, чаму так атрымалася. Супрацоўнік Амапу настойваў, што Зайцаў «размахваючы рукамі, зрабіў намах у вобласць галавы». У канцы судовага допыту, ён сказаў, што ўсё ж такі бачыў, што зайцоў наносіў удары яго напарніку.

2-й супрацоўнік АМАПу: У любым выпадку ўдар быў нязначны

Трэці пацярпелы па гэтай справе — супрацоўнік АМАПу "Мацюшэнка". Ён таксама на судзе даваў паказанні ў балаклаве і кепцы.

"Зайцаў аказваў актыўнае непадпарадкаванне. Не ведаю, якую мэту ён пераследваў пры гэтым. Мяркую, каб пазбегнуць затрымання. Зайцаў размахваў палкай, спрабаваў вырваць руку, упіраўся нагамі, здзяйсняў рухі корпусам, каб пазбегнуць затрыманне, перамяшчаўся актыўна. Калі да нас падбег супрацоўнік АМАПа "Дубавец", Зайцаў здзейсніў спробу ўдару з прававой рукі — гэта быў канкрэтны выразны ўдар у галаву", — распавядае пра затрыманне і супраціў Зайцава "Мацюшэнка".

На судзе "Мацюшэнка" сказаў, што не бачыў мэтанакіраваных удараў Зайцава яго напарніка. Як і "Дубавец", падчас першага допыту "Мацюшэнка" не заяўляў аб нанясенні ўдараў яму Зайцавым. Аднак пасля прагляду ім відэа, ён памяняў свае паказанні і пачаў сцвярджаць, што ўсё ж удары яму наносіліся.

"У любым выпадку ўдар быў нязначны альбо датычны. Першапачаткова на ім не акцэнтавалася ўвага, потым пры праглядзе відэа мне была акцэнтаваная ўвага следчым, што мне быў нанесены ўдар. Там ужо пачалі аднаўляць падзеі ў памяці", — тлумачыць супярэчнасці "Мацюшэнка".

Адвакат Зайцава звярнуў увагу, што супярэчнасці ў паказанні 2-га супрацоўніка АМАПа меліся нават па перыядзе часу.

Пакаранне

Дзяржаўная абвінаваўца запрасіла ў суда пакаранне для Святаслава Зайцава ў выглядзе 12 месяцаў абмежавання волі. Суддзя суда Першамайскага раёна Святлана Чараповіч перакваліфікавала абвінавачванне Зайцава з часткі 1 на частку 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэкса, гэта значыць суд прызнаў, што гвалту да супрацоўнікаў міліцыі 17 верасня Зайцаў не ўжываў, але асудзіла яго да двух гадоў "хатняй хіміі" за супраціў супрацоўнікам органам унутраных спраў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства