Суд па справе аб "скрадзенай" міліцэйскай рацыі: пракурор запрасіў два гады "хіміі"
20 верасня 2020 года ў Брэсце была чарговая акцыя пратэсту. Каля 16 гадзін дня Дзмітрый Шчурко апынуўся ў эпіцэнтры падзей. А пасля стаў абвінавачаным па крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 205 Крымінальнага кодэкса - "Крадзеж". За судовым працэсам сочыць "Берасцейская Вясна".
Як Дзмітрый Шчурко распавёў на першым пасяджэнні, якое адбылося 9 снежня, у тую нядзелю ён быў на скрыжаванні вуліц Савецкай і Гогаля. Пад'ехаў бус без апазнавальных знакаў, адкуль выйшлі людзі ў чорнай вопратцы і балаклавах. У людзей у цёмным адзенні, як адзначыў мужчына, быў такі выгляд што яны "мелі намер напалохаць". Людзі побач з Дзмітрыем сталі арганізоўвацца ў счэпку, у выніку чаго, растлумачыў абвінавачаны, ён апынуўся заціснуты паміж сцяной крамы Colin's і людзьмі. Завязалася бойка. Дзмітрыя пачалі "круціць трое людзей", якія не прадставіліся. Мужчына пытаўся, якія падставы для затрымання, на што атрымаў адказ: "Ляжаць, не рухацца!" з мацюкальнымі словамі.
Дзмітрыя "адбілі" пратэстоўцы, пасля чаго мужчына ўбачыў рацыю, якая ляжала на зямлі. Ён яе падняў, "ні з якога падсумку не выхопліваў". Як неаднаразова запэўніў Шчурко на судзе, ён зрабіў гэта, каб далучыць рацыю як рэчдок ў справе аб спробе выкрасці яго невядомымі.
Дзяржабвінаваўца Цыбуля, акрамя пытанняў аб тым, з якой мэтай абвінавачаны забраў рацыю, задавала пытанні тыпу: "Чаму афіцыйна не працуеце?" А судья Святаслаў Каліна такія пытанні не здымаў.
Таксама пракурора цікавіла, ці казаў нешта Шчурко ў рацыю. Абвінавачаны сказаў, што калі рацыя апынулася ў яго, ён у эфір сказаў:
"У мяне ваша рацыя".
Адказу на сваё паведамленне ён не пачуў.
Акрамя таго, на тым судовым пасяджэнні быў прагледжаны відэазапіс на дыску. Яго ўзялі з Інтэрнэту і выкарыстоўвалі арыгінальны назоў - "Так АМАП у Брэсце атрымліваў адпор: сутыкненні, газ, стральба".
На відэа была нарэзка з падзей, якія адбываліся 20 верасня ў цэнтры Брэста, у тым ліку момант дзе людзі ў чорным распыляюць з балончыка ў твары людзей газ, як мяркуецца пярцовы. На гэтым жа запісе быў мужчына, які выбягае з натоўпу з паднятай над галавой рацыяй - у гэтым мужчыне абвінавачаны прызнаў сябе.
На другім пасяджэнні, 18 снежня, паказанні даваў сакрэтны сведка. Гэта быў той самы амапавец, у якога нібыта выкралі рацыю. Сведку назвалі выдуманым імём Івановым Дзмітрыем Пятровічам. У зале суда ён не з'явіўся: даваў паказанні з іншага пакоя, без відэасувязі, са змененым голасам.
На судзе супрацоўнік АМАПу распавёў, што 20 верасня нёс службу па ахове правапарадку ў Брэсце. У пэўны момант ім паступіў загад ачысціць дарогу ад пратэстоўцаў. Калі ён збіраўся вяртацца ў аўтамабіль, выявіў прапажу рацыі. Сведка тлумачыў, што кішэня для рацыі знаходзіцца на грудзях, спераду. Калі ён дастае рацыю, яна аказваецца ў яго на ўзроўні твару. Пры гэтым запэўніў, што сама яна не магла выпасці. А момант, калі ў яго вынялі рацыю 20 верасня, ён не ўбачыў і не адчуў.
Затым на пасяджэнні адвакат заявіў хадайніцтва аб прызначэнні экпертызы на вызначэнне кошту рацыі: абвінавачаны засумняваўся, што ў дадзены момант рацыя каштуе 894 рублі, у столькі ацаніла яе кошт УУС Брэстаблвыканкама. Нагадаем, што рацыю Шчурко добраахвотна вярнуў яшчэ 22 верасня. Суд хадайніцтва адхіліў.
Пракурор запрасіў для Дзмітрыя Шчурко два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
У апошнім слове абвінавачаны сказаў, што ў яго не было тайнага намеру або выкарыстання рацыі ў асабістых мэтах.
Прысуд па справе будзе агучаны 23 снежня ў 10.30.