Хроніка пераследу і судовыя рашэнні за 18 снежня Дапоўнена
18 снежня ў Беларусі працягваюцца затрыманні, выклікі ў міліцыю, суды і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў. ПЦ "Вясна" фіксуе факты палітычнага пераследу.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Суддзя суда Ленінскага раёна г. Мінска Юлія Інчына вынесла рашэнне па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да Ірыны Мышкавец. Жанчыну вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 18 кастрычніка, здзейсненным паўторна на працягу года (ч. 3 арт. 23.34 КаАП). Да гэтага справу неаднаразова адпраўлялі на дапрацоўку, аднак сёння Юлія Інчына палічыла віну Ірыны Мышкавец даказанай і пакарала яе 15 суткамі арышту. Заўвагу адваката, што скончыўся тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці і справа павінна быць спыненая, бо з моманту правапарушэння мінула два месяцы, суддзя праігнаравала.
Жыхару Глыбокага Аляксандру Шарабайку за сцяг над домам прысудзілі штраф у памеры 40 базавых велічыняў. Па словах Аляксандра, суддзя спытаў у яго, колькі часу ў яго вісеў сцяг. Ён адказаў, што ў сакавіку было б пяць гадоў.
Сёння з працы забралі і адвезлі ў Першамайскае РУУС 68-гадовую Святлану Старадубец. У пастарунку на жанчыну склалі пратакол па арт. 23.34 КаАП за вывешаны герб "Пагоня" памерам фармату А4 ў вакне яе кватэры на чацвёртым паверсе. Сёння ж адбыўся і суд. Суддзя Таццяна Ліннік прызнала Святлану Старадубец вінаватай і пакарала штрафам у 10 базавых велічынь (270 рублёў).
Суддзя Наталля Мінчанка пакарала Сяргея Калінкевіча з Белаазёрска штрафам у 25 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 25 лістапада і непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.
Таксама судовы працэс адбыўся ў дачыненні да Ларысы Несцяровіч з Бярозы. Жанчыну вінавацілі па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі пратэсту 26 лістапада. Справу разглядала старшыня суду Наталля Вакульчык. Яна абвясціла перапынак да 22 снежня.
Суддзя суда Бярозаўскага раёну Зміцер Кавалевіч 18 снежня адмовіў у задавальненні скаргі на незаконнае затрыманне Ірыны Грышчук і змешчэнне яе ў ІЧУ Бярозы на 72 гадзіны. Жанчына была затрыманая 13 снежня.
Глыбоцкага журналіста-фрылансера Змітра Лупача выклікаюць у РАУС Пастаўскага раёна, паведамляе БАЖ.
Участковы міліцыянт В.Е. Гарбуль, які даслаў позву, сказаў журналісту, што адразу пасля складання пратакола па арт. 22.9 КаАП справу Змітра Лупача разгледзіць Пастаўскі раённы суд. Журналіста вінавацяць у супрацы з тэлеканалам “Белсат”, а падставай для адміністрацыйнага пераследу стаў відэасюжэт пра вёску Дразды ў Пастаўскім раёне.
Нагадаем, сёлета гэта пятая адміністрацыйная справа, заведзеная на журналіста паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”). Раней па гэтым артыкуле яго судзілі ў Шаркаўшчыне, Паставах і Глыбокім.
Як паведамляе Белсат са спасылкай на УУС Мінаблвыканкаму, сем жыхароў Мінскай вобласці падазраюцца ў абразе прадстаўніка ўлады, крымінальная справа распачатая паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (максімальнае пакаранне – тры гады абмежавання волі).
Адзін з фігурантаў знаходзіцца ў Нямеччыне. Астатнія пражываюць на тэрыторыі Мінскай вобласці, іх дапыталі і яны даюць прызнальныя паказанні, кажуць у міліцыі.
«У верасні, пад выдуманымі нікнэймамі фігуранты размяшчалі абразлівыя каментары ў адрас супрацоўніка Жодзінскага ГАУС. У якасці пляцоўкі для выказвання сваіх думак выбралі сацыяльную сетку «Аднакласнікі» і тэлеграм-канал «Жодзіна для жыцця», - адзначаецца ў прэс-рэлізе УУС.
Тым часам у Мінску 21-гадовая дзяўчына размясціла абразлівы каментар у тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» пад апублікаванай там фатаграфіяй з асабістымі дадзенымі працаўніка аднаго са сталічных РУУС.
Па гэтым факце была распачатая крымінальная справа паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (максімальнае пакаранне – тры гады абмежавання волі). Дзяўчына затрыманая і змешчаная ў ІЧУ.
Таксама паведамляецца, што комплексная праверка прыйшла ў краму «Адметнасць» у Горадні, дзе гандлююць нацыянальнай сімволікай: аддзел гандлю гарвыканкаму, супрацоўнікі міліцыі і МНС.
Таксама супрацоўнікі МНС і УУС завіталі ў рэдакцыю Hrodna.life з праверкай. Адзін чалавек быў у цывільным, не прадставіўся і сышоў.
Hrodna.life асвятляюць праўдзівыя падзеі ў Беларусі і рэгіёне, з чым, верагодна, і быў звязаны ператрус. Адна з апошніх навін, якая выйшла перад захопам рэдакцыі была прысвечана пенсіянерцы, якую КДБ затрымаў па падазрэнні ў тэрарызме.
Як паведамляе "Гарадзенская Вясна", грамадскую актывістку і незалежную назіральніцу за выбарамі з аграгарадку Абухава Галіну Дзербыш падазраюць па арт. 289 Крымінальнага кодэкса ("Акт тэрарызму").
Жанчына была затрыманая яшчэ 10 снежня, у яе доме прайшоў вобшук. Па версіі спецслужбаў Галіна Дзербыш нібыта мае дачыненне да "групы Мікалая Аўтуховіча".
Афіцыйную паперу пра тое, што жанчына затрыманая, яе старэйшая дачка атрымала толькі праз тыдзень - 17 снежня. Фармальнай падставай для затрымання стала тое, што па словах дачкі Дзербыш, у іх доме быў знойдзены чэк з Ваўкавыскай запраўкі. Насамрэч сям'я ездзіла па сабаку ў Камянецкі раён Берасцейскай вобласці. Па дарозе назад на аб'езнай дарозе каля Ваўкавыску яны запраўляліся на запраўцы №69.
У Галіны Дзербыш другая група інваліднасці.
Учора і сёння да рабочых - удзельнікаў стачкі і іх родных, а таксама мірных жыхароў гораду Салігорску прыходзілі з вобшукамі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Стачком ААТ "Беларуськалій".
Пад выглядам барацьбы з "экстрэмісцкімі заклікамі" ў рабочых канфіскуюць кампьютары і ноўтбукі, тэлефоны, планшэты і іншую электронную тэхніку, аглядаюць абстаноўку ў кватэрах і праводзяць аператыўныя відэаздымкі.
"У аднаго з гаражан так стукнулі нагой кошку, што зламалі ёй сківіцу, і кошка памерла", - адзначаецца ў паведамленні.
На 9.30 гадзін раніцы сёння выклікалі ў следчы камітэт на допыт сябра Каарадынацыйная Рады Паўла Белавуса. Допыт цягнуўся чатыры гадзіны, піша Белсат.
«Выйшаў! Па падпісцы аб неразгалошванні не маю права нават артыкул назваць і справу, па якіх праходжу ў якасці сведкі», - паведаміў Павел у сваім Facebook.
17 снежня ў Мінску супрацоўнікі САХР затрымалі Дзяніса Насовіча. Спачатку яго даставілі ў Следчы камітэт Савецкага раёна сталіцы ў якасці падазраванага па крымінальнай справе паводле арт. 346 Крымінальнага кодэкса ("Здзек над гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі"), а пасля адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна.
Інфармацыя будзе дапаўняцца