viasna on patreon

Скарга Міколы Дзядка на парушэнні яго правоў дзяржавай на працягу трох гадоў знаходзіцца на фінальнай стадыі

2020 2020-12-16T19:59:22+0300 2020-12-17T12:49:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mikola_dzyadok_svaboda_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Камітэт па правах чалавека ААН разглядае зарэгістраванае ў красавіку гэтага года індывідуальнае паведамленне журналіста "Новага Часу", актывіста анархісцкага руху і палітвязня Міколы Дзядка. Мікола паскардзіўся ў ААН на сістэматычнае парушэнне беларускімі ўладамі яго правоў з 2017 па 2019 год. Цяпер актывіст зноў затрыманы і з 12 лістапада знаходзіцца за кратамі ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 КК —арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Аднак камунікацыя па яго паведамленні ў ААН працягваецца і знаходзіцца на фінальнай стадыі — паведамленне Мікалая ў ААН ужо пракаментавалі ўлады, а Мікалай да свайго затрымання паспеў адрэагаваць на гэта. Чакаецца, што ў хуткім часе Камітэт ААН прыме рашэнне па скарзе на Беларусь Міколы Дзядка.

Мікола Дзядок на акцыі ў падтрымку палітвязняў. Фота:
Мікола Дзядок на акцыі ў падтрымку палітвязняў. Фота: "Радыё Свабода"

За тры гады Мікалай Дзядок сутыкнуўся з парушэннем дзясятка ягоных правоў і свабод: пакаранне за ўдзел у мірным сходзе, жорсткае абыходжанне і парушэнне асабістай недатыкальнасці, негуманны зварот у месцах пазбаўлення волі, парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, парушэнне права на свабоду меркаванняў, шматразовыя пакаранні за выказванне свайго меркавання ў публічнай анлайн-прасторы і іншых. Мы раней падрабязна распавядалі пра палітычны пераслед Мікалая з 2017 да 2019 года:

Дзядок супраць Беларусі: Камітэт ААН зарэгістраваў скаргу на парушэнні правоў актывіста на працягу трох гадоў

Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальнае паведамленне журналіста "Новага Часу", актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка. Ён сцвярджае, што яго правы сістэматычна парушаліся беларускімі ўладамі з 2017 па 2019 год.

На індывідуальнае паведамленне Мікалая адрэагавалі беларускія ўлады і адказалі ў Камітэт ААН. Свой каментар на довады ўладаў паспеў пакінуць і сам Мікалай Дзядок да затрымання. Прыводзім іх пазіцыі па гэтым кейсе.

Як адрэагавалі ўлады на скаргу Дзядка ў ААН?

Чацвёра сутак пад канвоем у бальніцы пасля збіцця сілавікамі — не затрыманне і не арышт

З нагоды таго, што Міколу Дзядка затрымалі на "Дзень Волі" 25 сакавіка, збілі ў бусе і з ЦІП з траўмамі даставілі ў бальніцу, дзе ён чацвёра сутак знаходзіўся пад канвоем на лячэнні, беларускія ўлады паведамілі Камітэту, што гэта не лічыцца затрыманнем. Міколу тады аформілі пратакол затрымання 29 сакавіка, пасля яго выпіскі з бальніцы, і асудзілі на 10 сутак, не залічыўшы час знаходжання ў бальніцы пад канвоем.

"Судом устаноўлена, што падчас стацыянарнага лячэння Дзядка ва ўстанове аховы здароўя "Гарадская клінічная бальніца хуткай дапамогі г. Мінска" у перыяд з 00:11 26 сакавіка па 12:40 29 сакавіка 2017 г. да апошняга не ўжывалася адміністрацыйнае затрыманне, у сувязі з чым названы тэрмін не можа быць прызнаны тэрмінам затрымання, а таксама залічаны ў тэрмін адбыцця накладзенага на Дзядка адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе арышту", — адказалі ўлады.

Мікола падкрэсліваў у сваім звароце, што тады былі парушаныя ягоныя правы на свабоду і асабістую недатыкальнасць (ч. 1 арт. 9 Пакта), права на справядлівае судовае разбіральніцтва (п. 1 арт. 14 Пакта). Аднак улады лаканічна напісалі Камітэту, што ўсе правы былі выкананыя, а довады Дзядка неабгрунтаванымі. Таксама, на ўказанне Міколы аб неправамернасці адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з прычыненымі супрацоўнікамі міліцыі яму цялесных пашкоджанняў падчас яго затрымання 25 сакавіка, урад адказаў, што гэтыя довады таксама з'яўляюцца неабгрунтаванымі.

"Судом устаноўлена што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі падчас затрымання Н. А. Дзядка прызнаныя законнымі, паколькі спынялі здзяйсненне апошнім адміністрацыйных правапарушэнняў".

190 базавых штрафу — не пераслед за палітычныя погляды

Таксама беларускія ўлады запэўніваюць Камітэт ААН, што прыцягненне да адказнасці Мікалая Дзядка паводле артыкулаў 17.10 (публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі) і 17.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць) — гэта не пераслед актывіста за свае погляды і перакананні.

За два гады актывіста аштрафавалі на 190 базавых велічынь за размяшчэнне пастоў у сацыяльных сетках. Як пазначаў Мікалай Дзядок у паведамленні Камітэту, выказванне ім меркавання з дапамогай публікацый у сацыяльных сетках у інтэрнэце, да таго ж, у ролі журналіста, падпадае пад абарону артыкула 19 Пакта (права на свабоднае выказванне свайго меркавання). Але ўрад запэўнівае Камітэт, што парушэнняў п.1 арт. 19 Пакта не было, бо гэта пацвердзілі ўсе ведамствы Беларусі, куды звяртаўся актывіст.

Затрыманне ў лесе з аўтаматнай чаргой — законна

У чэрвені 2018 года супрацоўнікі міліцыі ў форме спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) разагналі анархісцкую сустрэчу пад Крупкамі. Тады Мікалай Дзядок з сябрамі і аднадумцамі па анархісцкім руху сабраліся, каб абмеркаваць агульныя справы, а таксама абмяняцца новымі ідэямі і ведамі. Каля 15 гадзін яны пачулі аўтаматную чаргу і крык "Стаяць!". Супрацоўнікі міліцыі ў форме САХР павалілі на зямлю. Кайданкі надзелі толькі Мікалаю Дзядку, ударыўшы яго некалькі разоў. Супрацоўнікі міліцыі, у якіх былі зачыненыя твары балаклавамі, пагражалі прастрэліць яму нагу на месцы затрымання, задавалі пытанні адносна таго, з якой мэтай ён сюды прыехаў, казалі, што "лепш бы ён вяртаўся ў Еўропу, чым тут псаваў усім жыццё", хтосьці з іх некалькі разоў ударыў яго нагой па рэбрах. У становішчы тварам уніз на зямлі Мікалай Дзядок правёў каля дзвюх гадзін. У выніку ўсіх адпусцілі ў той жа вечар. На працягу ўсяго часу сваёй прысутнасці на месцы сустрэчы (а гэта больш за 6 гадзін), супрацоўнікі міліцыі так і не растлумачылі прычын і законных падстаў сваіх дзеянняў. Крымінальная справа па факце незаконнага затрымання заведзена не была.

Па гэтым факце ўлады шмат не пісалі Камітэту. Улады толькі адзначылі, што парушэнні заканадаўства адсутнічалі і падставаў для распачынання крымінальных справаў на сілавікоў, якія ажыццяўляюць затрыманне сапраўды не было. 

Ніводны факт палітычнага пераследу актывіста Міколы Дзядка ў 2017-2019 гадах не быў прызнаны беларускімі ўладамі.

Што думае пра дзяржаўную пазіцыю па сваёй скарзе сам Мікола?

Мікола Дзядок адзначыў, што беларускія ўлады, рэагуючы на яго зварот, не ацанілі яго довады, выкладзеныя ў скарзе. Шэраг каментароў на довады Мікалая Дзядка аб парушэнні Беларуссю яго правоў з'яўляюцца галаслоўнымі і неабгрунтаванымі.

Напрыклад, урад неаднаразова падкрэсліваў у адказе Камітэту, што нібыта Мікалай не вычарпаў усе наяўныя ўнутраныя сродкі прававой абароны, а менавіта не абскардзіў шэраг пастаноў у надзорным парадку, «што ў адпаведнасці з артыкулам 2 Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах цягне немагчымасць прадстаўлення заяўнікам пісьмовага паведамлення на разгляд Камітэта і прызнанне яго непрымальным (артыкул 3 Факультатыўнага пратаколу да Пакту)». Гэта быў самы галоўны аргумент уладаў на довады актывіста аб парушэнні яго правоў.

Аднак Мікола адзначае, што факт таго, што ён не звяртаўся да надзорных працэдураў, не з'яўляецца падставай для прызнання паведамлення непрымальным:

"Згодна з практыкай Камітэта па правах чалавека працэдуры перагляду судовых рашэнняў, якія ўступілі ў сілу, уяўляе сабой надзвычайны сродак абскарджання, якое залежыць ад дыскрацыённых паўнамоцтваў суддзі або абвінаваўцы, і такія сродкі не з'яўляюцца сродкамі прававой абароны".

З нагоды затрымання ў Крупках, Мікола адзначыў, што дзяржава не прывяла аргументаў па сутнасці заяваў і не паказала, якія меры былі прынятыя для расследавання гэтай заявы, якія абставіны былі ўстаноўленыя, абвяргаюць яны заявы аўтара, і што на самой справе адбылося ў пад пасёлкам Крупкі 30 чэрвеня 2018 года.

"Пры гэтым я на працягу года сістэматычна звяртаўся ў праваахоўныя органы, каб яны распачалі крымінальную справу па факце жорсткага абыходжання, аднак кампетэнтныя органы не праводзілі праверку ў межах Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, адказваючы на скаргі заяўніка ў рамках заканадаўства аб зваротах грамадзян".

Што далей?

Камітэт па правах чалавека ААН зараз знаходзіцца на апошнім этапе разгляду скаргі Мікалая Дзядка – на этапе вынясення рашэння па сутнасці: ці былі парушаныя яго правы дзяржавай ці не. У выпадку прызнання Камітэтам парушэння правоў, Беларусі будуць накіраваныя рэкамендацыі па выпраўленні сітуацыі.


Нагадаем, блогера і актывіста анархісцкага руху Міколу Дзядка затрымалі і моцна збілі 12 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК у пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна. Паводле звестак МУС, дома ў блогера знайшлі замежныя банкаўскія аплатныя карткі і буйныя сумы грошай у рознай валюце, «прызначаныя для фінансавання ўдзельнікаў пратэстаў», а таксама «шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі (кактэйлі Молатава), улёткі, налепкі». Таксама пасля затрымання блогера быў узламаны яго Telegram-канал "Mikola", дзе налічвалася каля 15 тысяч падпісчыкаў. Цяпер ён знаходзіцца пад кантролем сілавікоў.

Міколе Дзядку прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Сам актывіст не прызнае сябе вінаватым.

Бацька Мікалая Дзядка падаў заяву ў Следчы камітэт па факце збіцця і катаванняў над сынам

Бацька Мікалая падаў у Следчы камітэт заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця сына. Аляксандр Дзядок патрабуе прыцягнення да адказнасці ўсіх, хто "ажыццяўляў незаконнае затрыманне Мікалая, збівая яго і ужываючы да яго катаванні, як у кватэры, так і ў будынку ГУБАЗіКа, прымушаючы яго гаварыць на камеру прызнальныя паказанні пад сцягам".

Падтрымаць палітвязня лістамі і распавесці яму гэтую навіну можна па адрасе: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства