viasna on patreon

Справа Мікіты Самарына: на судзе мастак прызнаўся, што яго прымусілі агаварыць сябе

2020 2020-12-10T17:14:23+0300 2020-12-10T17:22:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/samaryn-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікіта Самарын. Фота з сацыяльных сетак

Мікіта Самарын. Фота з сацыяльных сетак

10 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні працягваўся разгляд крымінальнай справы Мікіты Самарына. Яго вінавацяць у парушэнні 364 артыкула Крымінальнага кодэксу (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Справу разглядае суддзя Руслан Хіхол.

З матэрыялаў следства вядома, што 25 жніўня падчас несанкцыянаванага пікету паблізу Кастрычніцкага РАУС малады чалавек паспрабаваў заступіцца за супрацоўніка ААТ «Азот», калі таго спрабавалі затрымаць невядомыя ў цывільным. У аднаго з іх, па версіі следства, Мікіта распыліў газ.

Па словах сваякоў Мікіты, у міліцыі мужчына даў зразумець адвакату, што пры затрыманні яго моцна збілі. Ноччу яго даставілі ў аддзел галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Там ён даваў паказанні. Пазней яго забрала хуткая дапамога, у Самарына былі шматлікія траўмы і апёкі вачэй. Сваякі паведамляюць, што супрацоўнікі абрэзалі нажом яго доўгія валасы.

На судовым паседжанні 9 снежня суд дапытаў сведку – супрацоўніка міліцыі Башко, якога таксама па рашэнні суда схавалі за шырму, адкуль ён даваў свае паказанні.

Сёння, 10 снежня,  у судзе быў дапытаны яшчэ адзін сведка - рабочы з прадпрыемства "Хімвалакно". Ён у той дзень быў затрыманы сілавікамі непадалёку ад месца падзей, якія датычыць справы і пазней засуджаны да адміністрацыйнага арышту. Гэты сведка фактычна засведчыў, што як уласна Самарына, так і ніякіх яго дзеянняў ён не бачыў.

Як піша "Гарадзенская Вясна", пасля абедзеннага перапынку абвінавачаны Мікіта Самарын расказваў як усё было насамрэч. Быў агляд відэа допыту маладога чалавека. Самарын заявіў, што яго фізічным прымусам заставілі гаварыць на відэа тое, што і як ён рабіў, пры тым фактычна ён агаварыў сябе. Пры здымках гэтага відэа давялося рабіць некалькі дубляў, паколькі Самарын не хацеў казаць тое, што яго прымушалі. Пры запісе ён быў змушаны чытаць словы па паперцы. 

Адбыліся спрэчкі бакоў. Дзяржаўны абвінаваўца ўрэшце запатрабаваў 4 гады зняволення для Мікіты Самарына і грашовую кампенсацыю для міліцыянта, які праходзіць па справе як пацярпелы.

11 снежня адбудзецца наступнае паседжанне па справе.

Гародня: Пачаўся разгляд крымінальнай справы аўтарэстаўратара Мікіты Самарына

25 жніўня падчас несанкцыянаванага пікету паблізу Кастрычніцкага РАУС малады чалавек паспрабаваў заступіцца за супрацоўніка ААТ «Азот», калі таго спрабавалі затрымаць невядомыя ў цывільным. У аднаго з іх, па версіі следства, Мікіта распыліў газ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства