Названыя лаўрэаты Нацыянальнай праваабарончай прэміі
У Міжнародны Дзень правоў чалавека, дзясятага снежня, адбылася цырымонія ўзнагароджання штогадовай Нацыянальнай Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі.
Беларуская праваабарончая супольнасць ўзнагародзіла лаўрэатаў і лаўрэатак Нацыянальнай прэміі ў трох намінацыях – “Праваабаронца года”, “Журналіст года” і “Кампанія/ініцыятыва года”.
Названы шорт-ліст Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека
Восьмага снежня агучаны шорт-ліст лаўрэатаў і лаўрэатак Нацыянальнай прэміі ў трох намінацыях
Пераможцай ў намінацыі “Праваабаронца года” стала Таццяна Агеева.
Таццяна Агеева –адвакатка, юрыстка
Лаўрэаткамі ў намінацыі “Журналіст года” сталі адразу тры журналісткі: Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова і Кацярына Барысевіч. Усе яны зараз находзяцца за кратамі.
Кацярына Андрэева – журналістка "Белсат". У прафесійных колах вядомая як вядучая вулічных стрымаў, падчас якіх яе не раз затрымлівалі, а пасля прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Таксама яна займалася тэмай карупцыі, пісала пра вайну на Данбасе: сёлета ў Кіеве ў яе выйшла сумесная з мужам кніга пад назвай "Беларускі Данбас". Ёй прад'яўлена абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Дар'я Чульцова – аператарка "Белсат". 15 лістапада яна працавала аператарам разам з Кацярынай Андрэевай – здымала з акна кватэры тое, што адбываецца на «Плошчы пераменаў». Яе таксама абвінавачваюць па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. Кацярына Барысевіч – журналістка TUT.BY, спецыялізуецца на прававых тэмах: піша аб гучных крымінальных справах, судовых разглядах. Генеральная пракуратура завяла на яе крымінальную справу паводле часткі 3 артыкула 178 Крымінальнага кодэкса за артыкул аб стане загінулага Рамана Бандарэнка. |
У намінацыі “Кампанія/ініцыятыва года” лаўрэатам была прызнаная кампанія ByCOVID19.
# BYCOVID19 – ініцыятыва дапамогі медыкам, якая запрацавала ў канцы сакавіка. Толькі ў асноўнай кампаніі на MolaMola было сабрана каля 360 тысяч рублёў (пакуль рахункі MolaMola не былі заблакаваныя ў сувязі са справай «Белгазпрамбанка»). Валанцёры аказалі дапамогу сотням медустаноў па ўсёй краіне, даставілі медыкам сотні тысяч штук сродкаў індывідуальнай абароны. А таксама забяспечылі іх сотнямі пульсаксіметраў, бескантактавых тэрмометраў, дзесяткамі рэцыркулятараў і бактэрыцыдных выпраменьвальнікаў. Валанцёры змаглі дамовіцца аб пастаўках у бальніцы нават кіслародных канцэнтратараў і пральных машын для службовага адзення медыкаў. Ініцыятыва каардынавала і іншыя віды дапамогі ў сувязі з эпідэміяй коронавируса. |
Нацыянальная прэмія беларускіх праваабаронцаў за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе “Праваабарончым альянсам”. З 2011 года прэмія з'яўляецца агульнай ад усёй беларускай праваабарончай супольнасці, якой за абарону каштоўнасцяў правоў чалавека штогод адзначаецца “Праваабаронца года”, “Журналіст года”, “Адвакат года” (да 2015 г.), а з 2016 годза – “Кампанія/ініцыятыва года”.
Арганізацыямі-сузаснавальніцамі прэміі з'яўляюцца Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава, Камітэт “Салідарнасць”, Цэнтр прававой трансфармацыі, Праваабарончы альянс, Прававая ініцыятыва, Грамадская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.
Да вызначэння лаўрэатаў прэміі арганізацыямі-сузаснавальніцамі было запрошана шырокае кола беларускіх праваабарончых арганізацый і арганізацый, якія маюць у сваёй дзейнасці праваабарончую кампаненту.