Еўрапейскія праваабаронцы заклікаюць спыніць рэпрэсіі супраць беларускіх студэнтаў
Libereco і Саюз салідарнасці студэнтаў Беларусі апублікавалі петыцыю да кіраўнікоў беларускіх ВНУ ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі супраць студэнтаў. Петыцыя заклікае іх падтрымаць сваіх студэнтаў, абараніць іх правы і спыніць адлічэнні па палітычных матывах.
Дзве студэнткі, Алана Гебрэмарыям і Ксенія Сырамалот, якія ў цяперашні час знаходзяцца ў СІЗА, атрымалі падтрымку ў рамках кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou. У выніку іх "хроснымі" сталі віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламента Катарына Барлі і прэзідэнт Еўрапейскай партыі зялёных Томас Вайц.
Сярод больш чым 160 палітвязняў у Беларусі на дадзены момант прынамсі 14 студэнтаў. Толькі за апошнія 3 месяцы як мінімум 144 студэнты былі гвалтоўна адлічаныя з сваіх універсітэтаў за палітычную дзейнасць. Больш за 380 студэнтаў былі затрыманыя.
Віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Катарына Барлі стала “хроснай” Аланы Гебрэмарыям. З гэтай нагоды яна заявіла:
"Ужо больш за сто дзён беларускі народ змагаецца за дэмакратыю. Яны патрабуюць і яны заслугоўваюць нашай поўнай падтрымкі. Еўрапарламент неаднаразова выказваў сваю салідарнасць, апошнім разам падчас уручэння прэміі Сахарава дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі. Я таксама рашуча падтрымліваю дэмакратычны рух у Беларусі: Лукашэнка павінен сысці ў адстаўку і адкрыць шлях да новых дэмакратычных выбараў. Але замест гэтага ён працягвае трымацца за ўладу, выкарыстоўваючы экстрэмальны гвалт. З гэтай мэтай ён душыць дэманстрацыі, адвольна арыштоўвае дэманстрантаў і спрабуе прымусіць крытыкаў замаўчаць. Адным з такіх крытыкаў з'яўляецца студэнтка Алана Гебрэмарыям, якая знаходзіцца пад вартай з 13 лістапада. У межах кампаніі #WeStandBYyou я буду “хроснай” гэтай незвычайна мужнай маладой жанчыны, якая шмат гадоў працуе на карысць дэмакратыі і правоў студэнтаў, у тым ліку з нядаўняга часу ў складзе Каардынацыйнай рады Святланы Ціханоўскай. Яна першая чарнаскурая жанчына, якая ўдзельнічала ў парламенцкіх выбарах у Беларусі. Я заклікаю да яе неадкладнага вызвалення разам з усімі іншымі палітвязнямі. Еўропа вас не забыла".
Дэпутат Еўрапарламента Томас Вайц стаў “хросным” Ксеніі Сырамалот і заявіў:
"Мы ўсімі сіламі падтрымліваем мірных дэманстрантаў у Беларусі. Мы падтрымліваем іх патрабаванне аб сумленных і свабодных выбарах. Мы падтрымліваем іх заклік вызваліць усіх незаконна арыштаваных. Моладзь і студэнты маюць вырашальнае значэнне для пратэстнага руху ў Беларусі. Іх мужнасць і адвага ўражваюць. Іх вытрымка і цвёрдасць, з якімі яны змагаюцца за дэмакратыю і свабоду, з'яўляюцца ўзорам для ўсіх нас. Я маю гонар стаць “хросным” прэс-сакратаркі "Задзіночання беларускіх студэнтаў" Ксеніі Сырамалот".
Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.
У Марфы Рабковай і яшчэ васьмі палітвязняў з’явіліся еўрапейскія “хросныя”