viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу 4 снежня Дапоўнена

2020 2020-12-04T20:51:00+0300 2020-12-05T00:16:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/evgeniya_eysmant_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Чацвёртага снежня "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, новыя крымінальныя справы, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Як паведаміў блогер Антон Матолька ў сваім тэлеграм-канале, супрацоўнікі цэнтральнага апарату КДБ каля 17 гадзін у Мінску затрымалі Валерыю Эйсмант, былую супрацоўніцу мінскай пракуратуры і дзяўчыну палітвязня Яўгена Юшкевіча. Прыблізна ў гэты час Яўген Юшкевіч быў вызвалены з СІЗА – яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. 

Валерыя Эйсмант
Валерыя Эйсмант

Па словах адваката, Валерыя Эйсмант дастаўленая ў СІЗА на тэрмін да трох сутак, піша TUT.BY. Аднак каля 22 гадзін Яўген Юшкевіч паведаміў, што Валерыю адпусцілі на волю.

Палітвязню Яўгену Юшкевічу змянілі меру стрымання. Цяпер ён на волі

Як паведаміў у сваім тэлеграм-канале блогер Антон Матолька, палітвязню Яўгену Юшкевічу пасля следчых дзеянняў змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. Яго вызвалілі са следчага ізалятара пасля 10 дзён зняволення. Яўгену інкрымінавалі ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), у якім статусе ён знаходзіцца цяпер – пакуль невядома.

Прыблізна ў 18:40 былая карэспандэнтка і вядучая СТБ, а цяпер падазраваная па арт. 342 КК, Алёна Чарняўская паведаміла, што ў яе доме адбываецца ператрус. Алёну затрымалі 1 лістапада на нядзельным маршы, яна стала адной з 231 падазраваных у крымінальнай справе. У выніку ператрусу нічога не забралі і Алёну не затрымалі.

У Мінску 4 снежня таксама была затрыманая Вікторыя Ляшчынская. Яе даставілі ў ЦІП, падрабязнасці высвятляюцца.

Як паведамляе "Белсат", у Мінску ўвечары былі затрыманыя аператар-фрылансер Іван Куракевіч і журналістка «Белсату» Кацярына Ткачэнка. Каля 18 гадзін Кацярына мусіла прыехаць дадому, але сувязь з ёй знікла. Іван патэлефанаваў жонцы і паведаміў, што яны знаходзяцца ў Маскоўскім РУУС. Апісваюць тэхніку. Кацярыну Ткачэнка адпусцілі з Маскоўскага РУУС.

Кацярына распавяла акалічнасці затрымання:

«Мы выходзілі на вуліцу пасля здымкаў. Падышлі да машыны. Побач спыніўся сіні бусік. Я яшчэ сказала ўслых «Як я не люблю сінія бусікі». Адтуль выбеглі каля 7 амапаўцаў. Затрымлівалі не жорстка. У РУУСе склалі традыцыйны пратакол па 22.9 КаАП ("праца без акрэдытацыі")».

Паводле апошняй інфармацыі Івана Куракевіча таксама адпусцілі з РУУСа, піша "Белсат".

Пружаны

Праваабаронцам "Вясны" паведамілі, што ў Пружанах былі затрыманыя Вольга Хамічук і Валенціна Корсак. Вядома, што жанчын завезлі ў Маскоўскі РАУС Брэста, магчыма, у межах крымінальнай справы.

Інфармацыя будзе дапаўняццца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства