Палітвязню Яўгену Юшкевічу змянілі меру стрымання. Цяпер ён на волі
Як паведаміў у сваім тэлеграм-канале блогер Антон Матолька, палітвязню Яўгену Юшкевічу пасля следчых дзеянняў змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. Яго вызвалілі са следчага ізалятара пасля 10 дзён зняволення. Яўгену інкрымінавалі ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), у якім статусе ён знаходзіцца цяпер – пакуль невядома.
Нагадаем, былога следчага Яўгена Юшкевіча затрымалі ў Мінску 25 лістапада. Адразу яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. З яго адвакаткі ўзялі падпіску аб неразгалошванні. 27 лістапада стала вядома, што Яўгену Юшкевічу інкрымінуюць частку 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Яго перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
Літаральна ўчора, 3 снежня, беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным зняволеным.
Яўген Юшкевіч звольніўся са Следчага камітэта некалькі гадоў таму. Сёлета ён спрычыніўся да стварэння праекта ByChange, дапамагаў былым сілавікам уладкоўвацца ў грамадзянскім жыцці, а таксама вёў папулярны Twitter з інсайдамі з МУС і СК, які цяпер недасяжны.