«Далі ў рукі пашпарт з забаронай прыязджаць у Беларусь 10 гадоў». Палітвязня Андрэя Новікава вывезлі ў Расію
Палітычнага зняволенага Андрэя Новікава вывезлі на мяжу з Расіяй, грамадзянінам якой ён з'яўляецца, паведамляе "Радыё Свабода". У Беларусі ў Андрэя Новікава засталіся жонка і двое дзяцей. За кратамі ён правёў амаль 6 месяцаў.
Новікава затрымалі яшчэ 6 чэрвеня, калі ехаў на трактары каля вёскі Новыя Кавалі Пастаўскага раёну. Пасля перавялі ў Ммнск, дзе змясьцілі ў СІЗА-1.
Новікаў удзельнічаў у выбарчай кампаніі Святланы Ціханоўскай, збіраў подпісы за яе вылучэньне. Яго абвінавацілі паводле таго ж артыкулу, што і Сяргея Ціханоўскага — ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Інфармацыя аб магчымым вызваленьні і дэпартацыі Новікава, які з'яўляецца грамадзянінам Расеі, з'вілася ў канцы мінулага тыдня.
Трэцяга снежня ён сам даслаў паведамленьне ў глыбоцкі тэлеграм-канал, дзе расказаў пра тое, як апынуўся на волі.
«26 лістапада быў выдвараны з Беларусі без выкананьня нормаў заканадаўства і права, — расказвае Андрэй Новікаў. — Без выкананьня працэдур. Вывезены ў тым, у чым быў летам затрыманы, са сціплым клункам рэчаў, якімі абжыўся ў СІЗА на Валадарцы. Быў вывезены трасай М1 на мяжу з Расейскай Федэрацыяй і там пакінуты. З расейскім пашпартам і штампам аб забароне на ўезд на тэрыторыю Беларусі цягам 10 гадоў».
Былы палітвязень кажа, што ягоная сям’я засталася ў Беларусі, яны пакуль не могуць выехаць. Малодшаму дзіцяці Андрэя паўтара года, а жонцы неабходна назірацца ў лекара.
Арышт адмянілі без ніякіх тлумачэньняў
«Мой статус незразумелы, — кажа Андрэй Новікаў. — Я не маю пацверджання таго, у якім статусе цяпер знаходжуся ў крымінальнай справе. Арышт быў адменены без ніякіх тлумачэньняў, пасля чаго мяне вывезлі невядомымі асобамі. Адабралі ўсе дакументы, якія ў мяне назбіраліся падчас следзтва. Усю перапіску, асабістую ў тым ліку. Паштоўкі, лісты падтрымкі. Мае асабістыя нататкі забралі. Сабралі ў пакет і забралі, невядомая асоба. Знаходжуся ў цяжкім стане. Сям’я засталася ў якасці закладнікаў».
Цяпер Новікаў знаходзіцца на тэрыторыі Расіі. Ён збіраецца апублічваць сваю гісторыю, бо лічыць, што сям’я цяпер знаходзіцца ў закладніках.
«Кіраўнікі сілавых структур пераводзяць адказнасць адзін на аднаго, адвакаты запалоханыя, — гаворыць ён. — Я сам былы сілавік, выдатна разумею, у якой сітуацыі яны знаходзяцца. Тое самае адбываецца ў судах. Усе скаргі, хадайніцтвы, заявы ператвараюцца ў адпіскі, якія не маюць ніякай юрыдычнай сілы».
Андрэй Новікаў таксама падзякаваў за падтрымку, якую адчуваў, знаходзячыся ў СІЗА.
Андрэй Новікаў нарадзіўся ў беларускім Варапаева, пасля школы з'ехаў вучыцца ў Расію. Жыў на Далёкім Усходзе, служыў у міліцыі, мае званне падпалкоўніка ў адстаўцы. Двойчы ўдзельнічаў у вайсковых апэрацыях на тэрыторыі Чачні.