Віцебскаму праграмісту - два з паловай гады пазбаўлення волі за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі Дапоўнена
Жыхару Віцебска, праграмісту Аляксандру Кірыленку, які падчас шэсця 6 верасня ў бараніў жанчыну, прысудзілі 3 снежня два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Суддзя Кастрычніцкага раёну Віцебску Іна Грабоўская прызнала яго вінаватым ва ўчыненні гвалту да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК). Пракурорка Крысціна Мацвеева прасіла для Кірыленкі 3 гады зняволення
Паводле абвінавачання, як піша "Віцебская вясна", 6 верасня падчас вулічнага шэсця Аляксандр Кірыленка перашкодзіў дзейнасці міліцыянта патрульна-паставой службы старэйшага прапаршчыка Юрыя Валейчанкі. Дзяржаўны пракурор абвінаваціў Кірыленку ў тым, што з помсты за выкананне Валейчанкам службовых абавязкаў той нанёс яму не менш за два траўмуючыя уздзеянні ў вобласць галавы і правай рукі, выбіўшы з яе гумавы дручок. Тым самым здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 364 КК, а менавіта – гвалт у дачыненні да супрацоўніка МУС, супрацьдзеянне законнай дзейнасці, прымус да змены характару гэтай дзейнасці і помста за выкананне службовай дзейнасці.
Аляксандр Кірыленка прызнаў сябе вінаватым часткова, заявіўшы, што не меў матыву помсціць супрацоўніку МУС за выкананне ягонай дзейнасці па ахове правапарадку.
Нагадаем, інцыдэнт адбыўся каля дому №43 на вуліцы Праўды ў Віцебску. Адна з удзельніц пратэставага маршу сарвала медычную маску з твару прапаршчыка Валейчанкі, той спрабаваў яе затрымаць, але за жанчыну ўступіўся Аляксандр Кірыленка, які адпіхнуў міліцыянта. Жанчына праходзіць па справе ў якасці сведкі, але на першае паседжанне не з'явілася.
Маці Кірыленкі, апытаная ў якасці сведкі, засведчыла, што яе сын добразычлівы, спакойны чалавек, з абвостраным пачуццём справядлівасці. Ён увесь час аддае праграмаванню і захапляецца роварнымі прагулкамі. 6 верасня яго затрымалі з веласіпедам.
Прыватнае прадпрыемства, дзе працуе падсудны, ахарактарызавала Аляксандра Кірыленку як «ключавога высакакласнага спецыяліста, адказнага, добразычлівага і неканфліктнага».
Як высветлілася, пацярпелы міліцыянт Юрый Валейчанка прасіў суд аб маральнай кампенсацыі за перанесеныя пакуты – 1500 рублёў. Суд задаволіў патрабаванне. Сям'я абвінавачанага выплаціла гэтую суму Валейчанку яшчэ да абвяшчэння прысуду. Пацярпелы, у сваю чаргу, напісаў сваякам распіску, што не мае больш прэтэнзій і што не настойвае на тым, каб у дачыненні абвінавачанага суд прымяняў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.
Праграміста Кірыленку, які бараніў жанчыну, судзяць за гвалт да супрацоўніка МУС