viasna on patreon

Віцебск: На пасяджэнне па крымінальнай справе Цімафеенкі не пусцілі журналістаў і праваабаронцаў

2020 2020-11-29T10:54:55+0300 2020-11-29T11:15:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cimafeenka-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Цімафеенка ў судзе. Фота: TUT.BY

Андрэй Цімафеенка ў судзе. Фота: TUT.BY

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 27 лістапада працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да віцябляніна Андрэя Цімафеенкі. 46-гадовага мужчыну вінавацяць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка МУС падчас «Маршу еднасці» 6 верасня (ч.1 арт. 366 КК РБ - гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак).

Працэс вядзе суддзя Сняжана Кіндзеева.

На першым судовым паседжанні, якое адбылося 24 лістапада і доўжылася менш за пяць хвілін, суддзя заслухала хадайніцтва абвінавачанага аб замене адваката і абвясціла перапынак у слуханні да 27 лістапада.

На паседжанні 27 лістапада прысутнасць у зале судовага паседжання была абмежаваная выключна блізкімі сваякамі. Не пусцілі ні праваабаронцаў, ні журналістаў, ні сяброў і знаёмых падсуднага. Затое ў залу прайшлі ціхары – супрацоўнікі МУС у цывільным адзенні, паведамляе “Віцебская Вясна”.

Віцебская праваабаронца Ірына Траццякова на паседжанне таксама не патрапіла. Паводле Траццяковай, гэта далёка не першы выпадак, калі адкрытае судовае разбіральніцтва ператвараюць у амаль закрытае.

Судовае паседжанне доўжылася цягам усяго дня. Пасля яго завяршэння сваякі Андрэя Цімафеенкі адмовіліся ад каментароў па справе. Яны мяркуюць, што іх выказванні могуць негатыўна паўплываць на вырак суду.

Супрацьстаянне вайскоўцаў унутраных войскаў і дэманстрантаў на вуліцы Леніна ў Віцебску 6 верасня. Фота: Сяргей Серабро,
Супрацьстаянне вайскоўцаў унутраных войскаў і дэманстрантаў на вуліцы Леніна ў Віцебску 6 верасня. Фота: Сяргей Серабро, "Народныя навіны Віцебска".

Віцебскага рамесніка Андрэя Цімафеенку ўзялі пад варту 30 верасня. Мужчыну абвінавачваюць па ч. 1 ст. 366 КК у гвалце над ваеннаслужачым унутраных войскаў на вулічным маршы 6 верасня.

Таццяна, сяброўка Андрэя Цімафеенкі, распавяла аб падзеях на вулічным маршы 6 верасня, сведкам якіх стала яна сама:

- Шэраг вайскоўцаў заступіў шлях і не дазволіў удзельнікам маршу ісці ў бок плошчы Перамогі. Людзі патрабавалі, каб іх прапусцілі. Але ніхто нічога супрацьзаконнага не рабіў. Андрэй выйшаў на праезную частку, каб абыйсці вайскоўцаў. Калона рушыла за ім. У гэты момант вайсковец хацеў схапіць мужчыну ў белай вопратцы. Андрэй убачыў гэта і левай рукой адсунуў сілавіка. Ня кулаком, а далонню.

Сяброўка Цімафеенка сцвярджае, што вайсковец не ўпаў.

- На ім была ахоўная экіпіроўка, і адчуваць боль ён не мог, - мяркуе жанчына.

Наступнае паседжанне прызначанае на 1 снежня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства