Берасце: Праваабаронцу Вялічкіну суд вынес вялікі штраф, нібыта за парушэнне ўмоваў самаізаляцыі
Суддзя суду Берасцейскага раёну Сяргей Маручык 26 лістапада прысудзіў праваабаронцу Уладзіміру Вялічкіну 50 базавых велічыняў штрафу (1350 рублёў), нібыта за парушэнне самаізаліцыі па артыкуле 23.4 КаАП РБ.
Уладзімір Вялічкін вярнуўся з Польшчы 9 лістапада і падпісаў паперу аб абавязковай самаізаляцыі. Памежнікі растлумачылі праваабаронцу, што ён мае права наведваць краму, аптэку і выгульваць хатніх жывёлаў.
Уладзімір Вялічкін з лецішча, дзе адбываў самаізаляцыю, 11 лістапада паехаў у зручную для яго аптэку. Па дарозе ягоны аўтамабіьь спыніў патруль ДПС ДАІ, ён быў затрыманы і правёў тры гадзіны ў міліцыі, дзе быў складзены пратакол правапарушэння.
Праваабаронца лічыць, што яго затрымалі наўмысна, з-за ягонай грамадскай і праваабарончай дзейнасці. Толькі сёлета яго некалькі разоў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 23.34 КаАП.
Прынамсі, на Берасцейшчыне гэта не адзінкавы выпадак, калі па розных падставах супрацоўнікі міліцыі выклікалі з дому актывістаў, якія былі на самаізаляцыі, а потым выносілі ім за гэта штрафы.