Ліда: пракурор прасіў два гады калоніі, суд вынес тры гады “хатняй хіміі”
У судзе Лідскага раёна 24 лістапада абвешчаны прысуд па крымінальнай справе Яўгена Вінчы, якога вінавацілі ў гвалтоўных дзеяннях альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК).
Справу разглядў суддзя Максім Філатаў, дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Роўба.
Пра інцыдэнт і крымінальную справу амаль нічога невядома, паколькі суд праходзіў у закрытым рэжыме.
12 жніўня ў цэнтры Ліды каля будынка райвыканкама адбылася акцыя мірнага пратэсту. Сюды прыйшлі таксама святары. Праз нейкі час праваахоўнікі папрасілі ўсіх разысціся. Затым пачаліся жорсткія затрыманні на вуліцах і здзекі над затрыманымі. У адказ пратэстоўцы кінулі некалькі камянёў у міліцэйскі транспарт.
Па словах пацярпелых і сведкаў у здзеках удзельнічалі АМАПаўцы і мясцовыя міліцыянеры.
Яўгена Вінча таксама пры затрыманні збівалі, а потым абвінавацілі ў тым, што юнак учыніў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.
Напачатку судовага паседжання пракурор заявіў хадайніцтва аб тым, каб суд праходзіў у закрытым рэжыме, маўляў, у працэсе ёсць сакрэтныя асобы, якіх нельга падвяргаць небяспецы.
Пад час папярэдніх судовых пасяджэнняў пракурор Роўда запрасіў для Яўгена Вінчы два гады пазбаўлення волі.
Суд пастанавіў: тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.