viasna on patreon

"Укусіла міліцыянта, каб спыніць гвалт над мужам". Што пастанавіў суд

2020 2020-11-25T08:19:41+0300 2020-11-25T08:19:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kalinkavichy-sud-gvalt.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Калінкавічы, 10 жніўня 2020 года, цэнтральная плошча каля вуліцы Фрунзэ.

Калінкавічы, 10 жніўня 2020 года, цэнтральная плошча каля вуліцы Фрунзэ.

У судзе Светлагорскага раёна 24 лістапада завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да педыятра з суседніх Калінкавічаў Алены Буднік. Яе абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў з мэтаю перашкоды ягонай законнай дзейнасці (арт. 364). 

Справу разглядала суддзя Галіна Гулевіч. Пацярпелы па справе - супрацоўнік міліцыі Віталь Крыванос.

Як паведамляе "Палеская вясна", доктарку-педыятра раённай дзіцячай паліклінікі з Калінкавічаў Алену Буднік разам з яе мужам – анастэзіёлагам-рэаніматолагам раённай лякарні Аляксандрам затрымалі 10 жніўня паблізу цэнтральнай плошчы Калінкавічаў на вуліцы Фрунзе.

Як высветлілася падчас суду, Алена Буднік спярша знаходзілася па адзін бок вуліцы, а Аляксандр па іншы. У адзін момант яна пабачыла, што Аляксандра міліцыянты цягнуць да канвойнай машыны. Яна падбегла да супрацоўнікаў міліцыі і пачала прасіць, каб Аляксандра адпусцілі. За гэта яе таксама схапілі і пасадзілі ў канвойную машыну.

Ужо ўнутры машыны яна пабачыла, як яе мужа адзін з міліцыянтаў спрабуе жорстка, сагнуўшы тварам амаль да падлогі, усунуць у закратаванае аддзяленне. Яна пачала крычаць, каб міліцыянт не здзекваўся з мужа, але той не зважаў. Алене таксама заламілі рукі і сагнулі яе такім чынам, што яе твар апынуўся ля спіны супрацоўніка, які трымаў яе мужа. Тады яна ўкусіла яго за спіну крыху ніжэй лапаткі. Пазней міліцыянты сказалі ёй самой сесці ў індывідуальны адсек, тады яны перастануць утрымліваць яе мужа. Так і адбылося.

kalinkavichy-kryvanos.jpg
Пацярпелы міліцыянт Віталь Крыванос.

Пацярпелым аказаўся міліцыянт ізалятара часовага ўтрымання Калінкавіцкага РАУС Віталь Крыванос. Як сцвярджалі падчас судовага апытання сведкі – калегі пацярпелага, якія таксама знаходзіліся падчас інцыдэнту ў машыне, ён не выказваў на ўкус аніякай рэакцыі. На пытанне адвакаткі, чаму ён ніяк не адрэагаваў на ўкус адразу пасля яго, Віталь Крыванос адказаў: «Я цярпеў!»

Потым Аляксандра і Алену даставілі ў РАУС. Мужа змясцілі ў ІЧУ, а жонку пасля складання пратаколаў вызвалілі да суда. Пазней Аляксандр адседзеў двое сутак, а Алену аштрафавалі на 3 базавыя велічыні.

Віталь Крыванос на наступны дзень даклаў пра атрыманы ўкус начальніку РАУС і той сказаў падаць рапарт, паводле якога пачалася праверка. На пытанне адвакаткі ці падаваў бы ён рапарт, калі б яму не загадаў начальнік, Крыванос адказаў: «Напэўна, не». Пазней паводле вынікаў праверкі завялі крымінальную справу.

Праз некалькі дзён пасля інцыдэнту Алена Буднік знайшла пацярпелага міліцыянта і выбачылася перад ім. Ён прыняў прабачэнні і напісаў у Следчым камітэце заяву пра тое, што прэтэнзіяў да Алены не мае і просіць не прыцягваць яе да крымінальнай адказнасці.  

Але праз 2 месяцы ён змяніў сваё меркаванне. На пытанне пракурора чаму ён так зрабіў, Крыванос адказаў:

«Яна за два месяцы нават не пазваніла мне, не пацікавілася як я сябе адчуваю».

Таксама непасрэдна падчас судовага паседжання Віталь Крыванос заявіў пазоў аб спагнанні з доктаркі маральнай шкоды, якую ён ацаніў у 3 000 рублёў. Гэта ён патлумачыў так:

«Фізічны боль я адчуў падчас укусу. Але потым я зразумеў, што укус – гэта сродак пераносу хваробаў. Там мог быць і ВІЧ, і сіфіліс, і каранавірус. Асабліва пераймалася мая жонка. І таму я таксама маральна пакутваў. Тым больш, я даведаўся, што яна працуе ў лякарні і кантактуе з хворымі».

Але аніякіх аналізаў на магчымыя хваробы міліцыянт не здаваў.

Алена Буднік патлумачыла, што як меработнік яна перыядычна праходзіць поўнае абследаванне, у тым ліку здае аналізы на розныя магчымыя хваробы, бо яна кантактуе на працы з дзецьмі.

У перапынку судовага пасяджэння Алена перадала Крываносу 1200 рублёў паводле дасягнутага пагаднення. Але ў судовым паседжанні ён працягваў настойваць на атрыманні трох тысяч.

У сваім апошнім слове Алена Буднік сказала:

«Я не хавала і не спрабавала схаваць той факт, што ўкусіла Крываноса. Але я зрабіла гэта падсвядома, бо майго мужа працягвалі ўтрымліваць у нечалавечай позе. Муж крычаў ад болю і ў мяне ўзнік панічны страх, таму я ўкусіла. Мне сорамна, я выбачылася перад пацярпелым, сплаціла яму маральную шкоду».

Суддзя Галіна Гулевіч, якая разглядала справу, у выніку пастанавіла прызнаць Алену Буднік вінаватай у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў з мэтаю перашкоды ягонай законнай дзейнасці) і прызначыла ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

У задавальненні пазову аб спагнанні матэрыяльнай шкоды суддзя пастанавіла Крываносу адмовіць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства