viasna on patreon

Крыміналкі па блакаванні чыгуначных шляхоў: катуюць і выбіваюць паказанні Дапоўнена

2020 2020-11-24T22:37:00+0300 2020-11-25T08:33:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/2020-11-24-17_28_03-zaderzhana-hruppa-brestczan-priczastnaja-k-prestuplenijam-protiv-obszczestvennoi-bezopa.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Апошнім часам у сродках масавай інфармацыі паведамляецца пра факты блакавання руху чыгуначнага транспарту шляхам накладання металічнага дроту на рэйкі і псавання сігналізацыі, а сувязі з гэтым і пра затрыманні грамадзян, падазраваных у гэтым.  Не стала меней такой інфармацыі і ў лістападзе.

Прэс- сакратар МУС Беларусі Вольга Чамаданава на афіцыйным Тэлеграм-канале pressmvd  паведаміла пра затрыманне групы, датычнай да злачынстваў супраць грамадскай бяспекі.

На некалькіх мужчын і жанчыну з Брэста (усім ад 26 да 38 гадоў) выйшлі аператыўнікі крымінальнага вышуку абласной міліцыі. Усіх затрымалі 11 лістапада з дапамогай АМАПу.

Кампанія падазраецца ў тым, што незаконна ўмяшалася ў функцыянаванне сістэм, якія забяспечваюць бяспеку руху чыгуначнага транспарту, разбіла шкло ў «апорцы», падпаліла шыны на дарозе і развесіла роставыя лялькі з цынічнымі надпісамі, якія заклікаюць да гвалту над міліцыянтамі.

Устаноўлена, што берасцейцы самастойна вырабілі пудзіла з надпісамі «АМАП», «МЕНТ» і «хлус», пасля чаго 21 кастрычніка ў абласным цэнтры павесілі іх на дрэвах і агароджы пуцеправода «Заходні абход».

Таксама 29 кастрычніка на перагоне паблізу станцыі "Тэўлі" (Кобрынскі раён) зламыснікі заблакавалі металічным дротам аўтаматызаваную сістэму кіравання і кантролю рухам цягнікоў. Гэта выклікала затрымку саставаў і збой графіка.

Пасля гэтага, ноччу 8 і 9 лістапада, затрыманыя хуліганілі: спачатку падпалілі на праезнай частцы аўтамабільныя пакрышкі, затым камянямі разбілі шкло ў гарадскім апорным пункце аховы правапарадку.

Следчыя далі прававую ацэнку дзеянням гараджан і прызналі іх падазраванымі па раней узбуджаных крымінальных справах за хуліганства, у тым ліку асабліва злоснае, а таксама наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў зносін.

У дачыненні да фігурантаў абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

А ўжо сёння, 24 лістапада, агучаная інфармацыя Следчага камітэта, аб тым што ў межах крымінальнай справы былі затрыманыя дзевяць чалавек, да пяці з іх у цяперашні час прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, двум прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства, учыненае паўторна, групай асоб).

"Асобы астатніх удзельнікаў ўсталёўваюцца, - адзначылі ў СК. - Следчыя працуюць з фігурантамі, вывучаецца іх асабістая перапіска і змесціва мабільных тэлефонаў. Прызначаныя шэраг экспертных даследаванняў па канфіскаваных на месцы здарэння і падчас ператрусаў прадметах і аб'ектах. Таксама следчымі ўстаноўлена дачыненне кампаніі да іншых эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца".

Што вядома на гэты час праваабаронцам?

11 лістапада ў 5 гадзін раніцы да работніка чыгункі з Берасця Яўгена Комвуля прыйшлі з ператрусам, пад час якога забралі грошы, кампутары тэлефоны і флэшкі. Чыгуначніка першапачаткова затрымалі ў межах крымінальнай справы і даставілі ў Ленінскі РАУС.

Раніцай 12 лістапада супрацоўнікі міліцыі ў межах крымінальнай справы нібыта за псаванне сігналізацыі на чыгунцы прыйшлі з ператрусам да Аляксандра Булыгі. У пастанове аб правядзенні ператрусу няправільна было ўказана імя па бацьку, таму ператрус не правялі да выпраўлення памылкі ў пастанове.

Сам Булыга затрыманы на 72 гадзіны і змешчаны ў ІЧУ Берасця.

Праваабаронцам вядомая інфармацыя пра затрыманне мужа і жонкі Сяргея і Вольгі Сіліч, інваліда па зроку і дыябетыка. Паводле папярэдняй інфармацыі, яны падазраюцца ў псаванні чыгуначнай сігналізацыі па ч. 1 арт 309 КК РБ. Сваякі паведамляюць, што затрыманых болей, мужчын збіваюць, каб далі прызнальныя паказанні.

Праваабаронцы кажуць пра тое, што з затрыманых выбівалі паказанні з дапамогай філічнай сілы і катаванняў.

Берасцейскія праваабаронцы паведамляюць: 

"Затрыманні адбываліся ў жорсткай форме: як распавялі сваякі, мінімум аднаму чалавеку выбілі ломам дзверы ў кватэры і надзелі чорны мех на галаву, як мінімум траіх збівалі - людзі ў чорным падчас або пасля затрымання (адзначым, што пасля затрымання людзі дастаўляліся ў Ленінскі РАУС Берасця). Аднаму з затрыманых дакладна давялося выклікаць хуткую дапамогу.

Падобна, што акрамя фізічнага гвалту на падазраваных аказваўся ціск у іншых формах. Напрыклад, была затрыманая  жонка аднаго з падазраваных, у якой дыягнаставаны інсуліназалежны дыябет, а таксама інваліднасць 2-й групы па зроку. Сваякі апісвалі гэта не інакш як "трымаюць у закладніках".

Міністэрства ўнутраных спраў каментуе

МУС паведаміла, што за падобныя дзеянні могуць узбуджацца адміністрацыйныя справы па артыкулах 18.1 і 18.2 КаАП, а магчыма і па артыкуле 310 Крымінальнага кодексу (Наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый шляхам стварэння перашкод, устаноўкі пастоў ці іншым спосабам, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры).

Згодна з заканадаўствам, адміністрацыйная адказнасць за наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый шляхам стварэння перашкод, устаноўкі пастоў ці іншым спосабам цягне штраф ад 6 да 10 базавых велічынь (арт. 18.1. КаАП), за падкладванне на чыгуначныя пуці прадметаў, якія могуць выклікаць парушэнне руху транспарту, цягне штраф ад 2 да 10 базавых велічынь (арт. 18.3. КаАП). Ва ўсіх такіх выпадках на месцы здарэння праводзіліся следчыя дзеянні. Цяпер праваахоўнікі устанаўліваюць замешаных у правапарушэннях асоб.

Сабатаж на чыгунцы: з’явіліся першыя затрыманыя, праходзяць ператрусы

У кастрычніку ў сродках масавай інфармацыі літаральна штодзень паведамлялася пра факты блакавання руху чыгуначнага транспарту шляхам накладання металічнага дроту на рэйкі і псавання сігналізацыі.

Новая рэйкавая вайна?

Тым ня меней, дзеянні грамадзян па блакаванні чыгуначынх шляхоў зносін працягваюцца. Некалькі фактаў:

Мужчыны з Радашкавічаў наклалі металічны дрот на чыгунку. Іх злавілі міліцыянеры.

Затрыманыя сказалі, што збіраліся разліць бензін на шляху адыходу, думаючы, што такім чынам змогуць збіць са следу службовую сабаку. Цяпер мужчыны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Следчыя распачалі крымінальную справу за наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў зносін.

Каля прыпыначнага пункту «Вязынка», што на Маладзечаншыне, затрымалі двух чалавек за спробу прывесці ў непрыдатнасць чыгуначную каляіну.

Вечарам 11 лістапада паблізу прыпыначнага пункта «Вязынка» міліцыянеры Маладзечанскага РАУС затрымалі дваіх мужчын, якія спрабавалі нешта зрабіць чыгуначных шляхах. Мужчыны спрабавалі збегчы, калі да іх падыйшлі міліцыянеры.

Затрыманыя мужчыны — сваякі з Радашкавічаў (36 і 37 год).

Мужчыны наклалі металічны дрот памерам чатыры метры на перагоне «Радашковічы-Дубрава», змазалі спецсродкамі шляхавыя балты для паляпшэння электракантакта.

А 22 лістапада зарэгістраваны факт ілжывай занятасці чыгуначных шляхоў з-за накладання металічнага дроту ў Барысаўскім раёне. Пра гэта паведаміла ў сваім тэлеграм-канале прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава.

Па яе звестках, у Мінскай вобласці такія факты зафіксаваныя таксама ў Крупскім і Дзяржынскім раёнах. У сувязі з гэтым следчымі органамі распачатыя крымінальныя справы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства