Суд над Патаповічам: згадка пра белую кашулю і хвароба пацярпелага
У судзе Ваўкавыскага раёна ў чацвер, 19 лістапада, працягнуўся разгляд крымінальнай справы Аляксандра Патаповіча, якога вінавацяць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК РБ).
Справу разглядае суддзя Леанард Дзіўнель. Пацярпелыя – Уладзімір Буйніцкі і Алег Вікторка.
Патаповіча абвінавачваюць у тым, што 9-га жніўня пасля 23.00 ён паспрабаваў наехаць аўтамабілем на двух супрацоўнікаў ваўкавыскай міліцыі з мэтай перашкодзіць іх працы падчас несанкцыянаванага мерапрыемства, а таксама, каб адпомсціць
На першым пасяджэнні пацерпелыя міліцыянты Уладзімір Буйніцкі і Алег Вікторка казалі, што ніякіх пашкоджанняў ці матэрыяльных страт не панеслі. Падчас здарэння яны былі вымушаныя адскочыць на некалькі метраў ад машыны і пры гэтым "перажылі стрэс".
Прадстаўнік дзяржабвінавачання пракурор Сяргей Гаўрылюк кажа, што віна Патаповіча даказаная і пацвярджаецца паказаннямі сведак — супрацоўнікаў міліцыі.
Абвінавачаны Аляксандр Патаповіч сваёй віны ў наедзе на міліцыянтаў не прызнае і ніякіх прычын для помсты міліцыі ён не мае, а ад палітыкі ўвогуле далёкі.
19 лістапада на судзе высветлілася, што адзін з пацярпелых – Уладзімір Буйніцкі хварэе на двухбаковую пнеўманію. Суд вырашыў працягваць слуханні ў яго адсутнасць, а пры неабходнасці дапытаць пацярпелага па скайпе, ці іншым шляхам.
У працэсе быў апытаны сведка з боку абароны, прагледжаныя відэадоказы з камер назірання.
На відэа бачна, што адскоквае ад машыны нехта ў белай кашулі. А міліцыянты былі адзін у блакітнай форме і бронежылеце. Другі – у кіцелі.
Аднак ніводны з пацярпелых не казаў, што Патаповіч быў у кашулі белага колеру.
Суд скончыў апытанне ўсіх сведкаў. З-за хваробы і немагчымасці прысутнічаць пацярпелага Буйніцкага у разглядзе справы абвешчаны перапынак да 10:30 да 26 лістапада.
Справа Аляксандра Патаповіча: Сведак дапыталі паўторна, бо шмат супярэчнасцяў у паказаннях