Прэзідэнт FIDH Аліс Могвэ: жанчын і непаўнагадовых неабходна вызваліць з ізалятараў
Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Аліс Могвэ (Alice Mogwe) выступіла ў абарону зняволеных у Беларусі жанчын і непаўнагадовых.
Ліст ад імя Прэзідэнта FIDH накіраваны Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь А. Шведу і старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь І.Наскевічу.
Аліс Могвэ піша аб тым, што Федэрацыі вядомыя факты шматлікіх парушэнняў правоў беларускіх грамадзян, у тым ліку незаконныя крымінальныя пераследы грамадзян за ўдзел у мірных дэманстрацыях і за выказванне такім чынам нязгоды з афіцыйнымі вынікамі выбараў.
“Нам вядома пра больш за 700 такіх крымінальных спраў, узбуджаных пасля заканчэння выбараў. Большасць абвінавачаных па дадзеных справах знаходзяцца пад вартай у следчых ізалятарах. У іх ліку некалькі жанчын і непаўналетніх дзяцей, якія працяглы час знаходзяцца ў ізаляцыі і разлучаны са сваімі блізкімі і роднымі.
На сённяшні дзень нам вядомыя імёны 13-ці жанчын, затрыманых у сувязі з падзеямі ў краіне ў перыяд правядзення прэзідэнцкіх выбараў і ў пост-выбарчы перыяд і знаходзяцца ў розных ізалятарах краіны пад вартай: Марыя (Марфа) Рабкова, Марыя Калеснікава, Ганна Сунгурава, Алена Маўшук, Святлана Купрэева, Марыя Бабовіч, Наталля Хершэ, Марына Глазава, Таццяна Канеўская, Антаніна Канавалава, Вольга Класкоўская, Наталля Раентава, Марыя Несцерава, Алана Гебрэмарыям. Многія з гэтых жанчын маюць малалетніх дзяцей і былі надоўга разлучаны з імі. Таксама нам вядома пра як мінімум двух непаўналетніх, якія знаходзяцца ў СІЗА: Максім Бабіч і Мікіта Залатароў”, - паведамляецца ў афіцыйным лісце.
У FIDH перакананыя, што зыходзячы з прынцыпаў гуманізму і прэзумпцыі невінаватасці, жанчын і непаўналетніх дзяцей неабходна вызваліць з ізалятараў на перыяд вядзення папярэдняга расследавання.
“Як прадстаўнікі ўлады вы надзелены службовымі паўнамоцтвамі па абранні і змене меры стрымання для абвінавачаных і можаце садзейнічаць іх вызваленню”, - паведамляе Аліс Могвэ.
Крымінальна працэсуальнае заканадаўства Беларусі змяшчае цэлы шэраг відаў мер стрымання, не звязаных з ізаляцыяй абвінавачаных у перыяд правядзення папярэдняга следства. Тое, што ў турмах Беларусі, у ізаляцыі ад родных і блізкіх і ва ўмовах пандэміі каранавіруса, знаходзяцца жанчыны і дзеці, не спрыяе наладжванню нацыянальнага дыялогу ў краіне і ўсталяванню даверу ў грамадстве.
“Мы ўпэўненыя, што ў мэтах дээскалацыі сітуацыі і выхаду з сур'ёзнага крызісу правоў чалавека, урад Беларусі павінен вызваліць усіх затрыманых і асуджаных у сувязі з электаральнымі падзеямі. Спадзяемся, што вы прыслухаецеся да нашых просьбаў,” – піша ў лісце Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека.