У Гародні асудзілі Юзафа Нямеру за тое, што бараніў жанчыну і штурхануў міліцыянта Фота
Суд Кастрычніцкага раёну Гародні 12 лістапада вынес прысуд па крымінальнай справе 63-гадовага Юзафа Нямеры. Гарадзенца вінавацілі адразу па двух артыкулах крымінальнага кодэксу - 342 (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Юзаф Нямера ўдзельнічаў у маршы пратэсту 6 верасня і бараніў жанчыну ад жорсткіх дзеянняў АМАПу. Пры тым ён нейкім чынам штурхануў аднаго з міліцыянтаў.
У апошнім слове ў судзе Нямера сказаў літаральна наступнае:
“Прашу Высокі суд зняць з мяне абвінавачванні ў гвалце над супрацоўнікам міліцыі, гатовы пакрыць яму мыццё формы. У мяне на ўтрыманні знаходзіцца маці, якой 90 гадоў і за ёй няма каму даглядаць. Я прынёс прабачэнні пацярпеламу Паўлу Слацкаму. Я прашу суд выключыць абвінавачванне па ч. 1 арт. 342, майго актыўнага ўдзелу там не было. А па арт. 364 прашу суд, улічваючы 3 месяцы майго ўтрымання ў турме, вызваліць мяне ў зале суда".
Сёння суддзя Вольга Бекушава абвясціла прысуд: прызнаць Юзафа Нямеру вінаватым і прызначыць пакаранне: па першым артыкуле (342 КК)– адзін год, па другім (арт. 364 КК) два гады абмежавання волі. Шляхам складання канчаткова прызначыць – два з паловай ГАДЫ абмежавання волі без накіравання, залічыць у тэрмін утрыманне пад вартай і вызваліць у залі суда.
Таксама суд пакінуў матэрыяльную кампенсацыю ў памеры 500 рублёў. Аўтамабіль асуджанага пакінуць пад арыштам да пагашэння матэрыяльнай часткі.
Суд над Юзафам Нямерам: абвінавачванне просіць 2 гады калоніі і 200 базавых штрафу