Яшчэ адно судовае пасяджэнне па справе збітага амапаўцамі ў Гародні таксіста – сведкі блытаюцца ў паказаннях
У Беларусі працягваецца разгляд крымінальных спраў па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса, звязаных з гвалтам, альбо пагрозай прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні 11 лістапада працягнуўся суд над таксістам Аляксеем Лапам. Мужчыну абвінавачваюць паводле арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
У якасці пацярпелых выступаюць два супрацоўнікі АМАПу - Арцём Логіш і Дзмітрый Конан. Справу разглядае суддзя Дзмітрый Кедаль.
Па версіі абвінавачвання, Аляксей 11 жніўня з мэтай перашкодзіць дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі ўжыў гвалт над імі, то бок наехаў на іх на машыне. Пры гэтым толькі ў Конана былі сінякі і ранкі: сінякі на локці і калене, драпіна на ілбе, якія выклікалі кароткачасовую страту здароўя.
Нагадаем, 11 жніўня каля плошчы Дзекабрыстаў машыну Аляксея спынілі супрацоўнікі АМАПу і жорстка затрымалі ўсю кампанію. Таксі сілавікі разбілі, людзей, якія знаходзяцца ўнутры, выцягнулі на дарогу і збілі.
Лапа на судзе распавёў, што ў эпікрызе ўсе дыягназы распісаныя на некалькі радкоў. Сярод іх — шматлікія пераломы, ўдары, гематомы. Аляксей напісаў заяву ў Следчы камітэт. Цяпер па гэтым факце праводзіцца праверка. Яна працягнецца да 19 лістапада.
На чарговым судовым пасяджэнні адбылося апытанне 5 чалавек з боку супрацоўнікаў міліцыію Іх паказанні ў судзе ў значнай ступені супярэчылі ранейшым паказанням, дадзеным пад час следства.
Судовы працэс працягнецца 24 лістапада ў 10.00.
У гэты дзень павінны апытаць яшчэ аднаго сведку з боку міліцыі.
У Гродне за гвалт над супрацоўнікам міліцыі судзяць збітага АМАПам таксіста