У хлопца ў ІЧУ на Акрэсціна пацвердзілі COVID-19, але замест лячэння яго адправілі ў камеру-адзіночку
Актывіста анархісцкага руху з Баранавічаў Іллю Сянько пасля выбараў за ўдзел у пратэстных акцыях арыштоўваюць на 15 сутак ўжо трэці раз. Цяпер у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна 21-гадовы хлопец адбывае чарговыя "суткі". Там Іллі пацвердзілі станоўчы тэст на COVID-19. Але замест таго, каб адправіць хлопца на лячэнне, яго перавялі ў адзіночную камеру, дзе ён працягвае адбываць 15-сутачны арышт. Родныя Іллі не могуць дамагчыся інфармацыі аб яго стане здароўя, а таксама асцерагаюцца, што ў яго можа развівацца пнеўманія з-за адсутнасці лячэння. Родныя хлопца распавялі "Вясне", як Іллю асудзілі на чарговы 15 сутак і як яму ў ІЧУ дыягнаставалі COVID-19.
Асудзілі за мітынг, які быў у іншым горадзе
Ілля Сянько быў затрыманы з чатырма іншымі таварышамі 23 кастрычніка. Яго абвінавачвалі па ч. 3 арт 23.34 КаАП за ўдзел у мітынгу 18 кастрычніка. Па пратаколе, ён выкрыкваў лозунгі і махаў бчб-сцягам. Але, як распавядаюць родныя хлопца, у гэты час ён знаходзіўся ў іншым горадзе. На судзе гэта пацвердзілі два сведкі.
Адміністрацыйную справу Іллі Сянько разглядаў суд Савецкага раёна. На першым судовым пасяджэнні суддзя Сяргей Шаціла адправіў справу на дапрацоўку. Сведка-супрацоўнік міліцыі сказаў, што на пратаколах не яго подпісы.
"Прама падчас суда патэлефанавалі супрацоўніку па вайберу. Тыканне дакументаў у камеру тэлефона прывяло да таго, што сведка сказаў, што гэта не яго подпісы на дакументах", — распавядаюць родныя Іллі.
Пасля суда скончылася 72 гадзіны з моманту затрымання, але Іллю не адпусцілі. Яго паўторна затрымалі і адвезлі ў РУУС Савецкага раёна, дзе «дапрацоўвалі» справу.
На наступны дзень быў прызначаны другі суд па "дапрацаванай" справе. Яго ўжо разглядала іншая суддзя суда Савецкага раёна — Алена Жуковіч. На судзе сведчыў супрацоўнік са змененым імем, які нібыта ўдзельнічаў у затрыманні Іллі. Таксама на гэтым судзе два сведкі пацвердзілі, што Ілля знаходзіўся 18 кастрычніка ў іншым горадзе. Суддзя адмовілася рабіць запыт на інфармацыю пра месцазнаходжанне тэлефона ў гэты дзень. Ілля на судзе заяўляў, што вельмі дрэнна сябе адчувае, але суддзя Алена Жуковіч проста прамаўчала ў адказ.
Негледзячы на тое, што дакументы былі аформленыя няправільна, ніякіх доказаў віны не мелася, а супрацоўнік не мог растлумачыць, як пры затрыманні апазнаў Іллю, суддзя прызнала яго вінаватым па ч.3 арт. 23. 34 КаАП і асудзіла на 15-сутачны арышт.
У ІЧУ ў яго пацвердзілі COVID-19
Мама Іллі 29 кастрычніка змагла дамагчыся афіцыйнага афармлення яго як кантакту першага ўзроўню і выезду санэпідстанцыі МУС 29 кастрычніка ў ІЧУ на Акрэсціна да Іллі для ўзяцця мазка. На наступны дзень вынікі былі гатовыя. Санэпідэмстанцыя пацвердзіла станоўчы тэст на каронавірус.
"Але замест лячэння і медычнага кантролю яго проста перавялі ў адзіночную камеру".
Супрацоўнікі санэпідстанцыі МУС запэўніваюць родных, што за хлопцам вядзецца кантроль, але ніякія працэдуры праведзеныя не былі. Таксама родным Іллі вядома, што тых, хто знаходзіўся з ім у камеры №6, дзе Ілля Сянько знаходзіўся да пераводу ў камеру-адзіночку, не ізалявалі і ніякіх тэстаў не рабілі, хоць яны з'яўляюцца кантактамі першага ўзроўню.
З 30 кастрычніка родныя Іллі не могуць дамагчыся ніякай інфармацыі па стане яго здароўя. Яны не могуць звязацца з адміністрацыяй ІЧУ, а ў санэпідстанцыі МУС адказваюць, што "кантроль вядзецца і прычын для турбот няма".
"У санэпідстанцыі сцвярджаюць, што калі яны прыязджалі, у яго было ўсё добра, і што там на месцы яму акажуць дапамогу, калі трэба.
Мы перажываем, што ў яго можа развіцца пнеўманія, якую ён нават не адчуе. Калі Ілля паступіў у ІЧУ, ён скардзіўся на тое, што хворы, але ніхто яму не аказваў дапамогу. На судзе Ілля прагаварыў, што дрэнна сябе адчувае і думае, што ў яго тэмпература, але ніхто ў ІЧУ не рэагуе на яго скаргі. Суддзя Алена Жуковіч проста прамаўчала пасля яго заявы".
Хуткая дапамога не можа выехаць у ІЧУ без запыту з яго. На волю Ілля Сянько павінен выйсці 7 лістапада, але родныя асцерагаюцца, што яго будуць трымаць у ІЧУ да другога суда да 10 лістапада.
Як судзілі затрыманага на студэнцкай акцыі хлопца, якога зацягвалі ў міліцэйскі бус за ноздры