Хроніка крымінальнага пераследу 4 лістапада: суды за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі
У Беларусі суды пачалі разгляд крымінальных спраў па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса, звязаных з гвалтам, альбо пагрозай прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, а таксама за ўдзел у масавых беспарадках, альбо за актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
У Слоніме вынесены прысуд мясцоваму жыхару Максіму Кучынскаму, якога звінавацілі ў гвалтоўных дзеяннях супраць супрацоўніка міліцыі (арт. 364 КК РБ). Суддзя Аляксандр Ярмолік 4 лістапада прызнаў яго вінаватым і пакараў двумя гадамі абмежавання волі без накіравання ва ўстановы закрытага тыпу ("хатняя хімія"). Кучынскі таксама павінен выплаціць тысячу рублёў супрацоўніку міліцыі Максіму Герасімчыку ў якасці кампенсацыі за маральны ўрон.
Максім Кучынскі быў затрыманы 9 жніўня ў Слоніме на мірнай акцыі пратэсту, калі заступіўся за дзяўчыну з бел-чырвона-белым сцягам, якую пры разгоне мітынгу збівалі сілавікі. Хлопец быў затрыманы, а на наступны дзень суд вынес пастанову аб адміністрацыйным арышце на 7 сутак. Адначасова была ўзбуджаная крымінальная справа па арт 364 Крымінальнага кодэксу. Да суда, які пачаўся 2 лістапада, Кучынскі знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.
Як паведамляе Газета Слонімская, на судзе Максім Кучынскі патлумачыў, што ў той дзень, 9 жніўня, на мірнай акцыі пратэсту, бліжэй да вечара з'явілася дзяўчына з бел-чырвона-белым сцягам на плячах і пайшла па цэнтры плошчы.
“Праз некаторы час да яе падышоў мужчына ў цывільным, затым падышлі супрацоўнікі міліцыі, якія ўзялі дзяўчыну пад рукі і павялі ў бок аўтамабіля. Мая мама, убачыўшы гэта, пабегла да дзяўчыны. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі стаў маму адштурхоўваць. Калі я ўбачыў тое, што адбываецца, я пабег за мамай і сказаў супрацоўніку міліцыі, каб ён прыбраў рукі, ён прыбраў. Маму адштурхнуў у бок, бо перажываў за яе: мама перанесла некалькі інсультаў. Затым я і іншыя людзі пабеглі за дзяўчынай, і за метраў пяць ад яе мяне нехта ўдарыў у патыліцу. Далей я не памятаю, што адбывалася. Калі пачаў у сябе прыходзіць, я ляжаў на зямлі, на мне быў супрацоўнік міліцыі, іншы супрацоўнік міліцыі спрабаваў закруціць мне руку за спіну. І калі я зразумеў, што адбываецца, я сказаў міліцыянтам, што сам здамся. Пасля гэтага мяне павялі ў машыну," - распавёў ён журналістам.
Для слонімца, які заступіўся за дзяўчыну і парваў кашулю міліцыянту, пракурор запрасіў два гады "хатняй хіміі"
Справа Юзафа Нямеры, які запэцкаў міліцыянту службовую форму, а абвінавачваецца ў гвалце над ім
У судзе Кастрычніцкага раёну Гародні 4 лістапада працягвалася судовае пасяджэнне па крымінальнай справе 63-гадовага Юзафа Нямеры. Гарадзенца вінавацяць адразу па двух артыкулах крымінальнага кодэксу - 342 (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Сёння ў судзе былі дапытаныя сведкі. Суддзя Вольга Бекушава паведаміла, што суд працягнецца 10 лістапада. У гэты дзень плануецца правесці спрэчкі бакоў. Пачатак пасяджэння прызначаны на 15.30.
За гвалт над супрацоўнікам міліцыі судзяць Юзафа Нямеру, пацярпелага схавалі за шырмай
У Бабруйску судзяць бацьку і сына за гвалт над міліцыянтам. Ён просіць не пазбаўляць абвінавачаных волі
У судзе Бабруйскага райна і г. Бабруйска распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Ігара і Алега Букасаў, абвінавачаных у гвалце над супрацоўнікам міліцыі (арт. 364 КК РБ).
Ігар і Алег Букасы – бацька і сын з Бабруйску - былі затрыманы 10 жніўня. У той дзень сям'я Букасаў накіроўвалася ў краму, але не даехала да яе каля ста метраў, бо дарога была ачэплена з-за акцыі пратэсту. Непадалёк ад месца, дзе Букасы прыпаркавалі машыну, яны заўважылі іншае аўто і аўто ДАІ. Каля гэтых машын нейкая жанчына прасіла адпусціць кіроўцу. Старэйшы Букас вырашыў пацікавіцца, што адбываецца, і падыйшоў да супрацоўніка ДАІ. У выніку ён і яго сын былі гвалтоўна затрыманы.
Разглядае справу Букасаў суддзя Андрэй Літвін, дзяржаўны абвінаваўца – Наталля Лосева. Пацярпелым па справе прызнаны маёр ДАІ Уладзімір Мяншоў.
Ігар і Алег Букас распавялі на судзе падрабязнасці таго, што адбылося 10 жніўня. Па словах Ігара Букаса, размова ў супрацоўнікам ДАІ тады праходзіжа без абразаў. Але ў пэўны момант старшы інспектар Мяншоў падняў руку і крыкнуў: “Пяцёра да мяне, затрымліваем самага актыўнага". Пасля чаго Букас развярнуўся і пайшоў у бок сям'і, але Мяншов дагнаў яго, схапіў за руку і крыкнуў: «Гэтага забіраем». Бабруйчанін спрабаваў вырваць руку, ягоны сын закрычаў: «За што вы яго забіраеце?», і тады старэйшы Букас адмахнуўся ад супрацоўніка ДАІ і трапіў яму па патыліцы. Ён патлумачыў гэта страхам перад людзьмі ў форме, якія накіроўваліся да іх.
Калі ён вызваліўся, убачыў, што супрацоўнікі міліцыі заломваюць рукі сыну, і той падае галавой у асфальт. “Я ўзяўся ззаду за камізэльку і шлем міліцыянта Далганава, і пачаў яго адцягваць, каб Алег не атрымаў траўму, але адразу ж атрымаў удар па нырках і ў патылічную частку, і яшчэ некалькі ўдараў, пасля чаго страціў прытомнасць. Таму ў мяне быў цэлы твар, але збітыя локці. Калі я ляжаў, на мяне зверху сеў Далганаў, заціснуў ногі, а шыю прыціснуў дубінкай. У гэты момант да нас падышоў Чэханаўскі, і ўдарам зверху зламаў мне нос, хлынула кроў”.
Алег Букас растлумачыў, што ўдарыў супрацоўніка міліцыі Шапяткоўскага ад нечаканасці: "Мяне схапілі ззаду за руку і збоку, я наогул не бачыў, хто гэта, і ўдарыў. Як аказалася, у шлем. У наступны момант бачу, як на мяне бяжыць Далганаў. Падумаў, што ён пачне варочаць дубінкай, таму схапіў яго за рукі і трымаў. Ззаду мне хтосьці зрабіў падсечку, і я упаў, стукнуўшыся галавой аб асфальт. Лежачы на зямлі, я ўбачыў бацьку. Ён быў у крыві". Цялесных пашкоджанняў у Далганава і Шапяткоўскага, са слоў Алега Букаса, не было.
Ігар і Алег Букасы прызналі сваю віну, але сцвярджаюць, што ўдары нанеслі ненаўмысна, і таму хадайнічалі аб далучэнні да справы відэа з месца здарэння, якое бы гэта пацвердзіла.
Пацярпелы маёр Мяншоў на судзе адзначыў, што перад затрыманнем ён не збіраўся распачынаць супраць Букасаў адміністрацыйных працэдур, а проста прасіў сысці іх. Іншых міліцыянтаў, як сцвярджае Мяншоў, ён паклікаў, бо іншыя людзі здалёк ужо збіраліся выходзіць на праезжую частку. Маёр папрасіў суд не пазбаўляць волі бацьку і сына Букасаў, бо яны раскаяліся ў садзеянным і да таго ж яшчэ ў часе следства папрасілі ў яго прабачэнне. Ніякіх фізічных і маральных шкодаў ён не атрымаў і не плануе патрабаваць фінансавых кампенсацый. Міліцыянт лічыць, што праведзеныя тры месяцы ў СІЗА да суда для іх сталі дастатковым пакараннем.
У першы судовы дзень таксама заслухалі трох сведак з ДАІ, жонку і маці Алену Букас. Другое пасяджэнне суда па справе адбудзецца 11 лістапада.
23-гадовага жыхара Ваўкавыска судзяць за наезд на міліцыянтаў, у якіх няма пашкоджанняў
У Ваўкавыску пачаўся разгляд крымінальнай справы Аляксандра Патаповіча за гвалт у дачыненні да міліцыянта (арт. 364 КК РБ). Патаповіча абвінавачваюць у тым, што 9га жніўня пасля 23.00 ён паспрабаваў наехаць на двух супрацоўнікаў ваўкавыскай міліцыі з мэтай перашкодзіць іх працы падчас несанкцыянаванага мерапрыемства, а таксама, каб адпомсціць.
Разглядае справу суддзя Леанард Дзіўнель. За першы дзень суд паспеў апытаць абвінавачанага, пацярпелых, а таксама 6 супрацоўнікаў міліцыі, чацвёра з якіх знаходзіліся побач з месцам здарэння 9 жніўня.
Абвінавачаны Аляксандр Патаповіч сваёй віны ў наедзе на міліцыянтаў не прызнае. Ён сцвярджае, што проста спужаўся натоўпа людзей з розных бакоў і выбраў адзіны кірунак, дзе на той момант ніякіх людзей не ўбачыў. Ніякіх прычын для помсты міліцыі ён не мае, а ад палітыкі ўвогуле далёкі.
Пацерпелыя міліцыянты Уладзімір Буйніцкі і Алег Вікторка казалі, што ніякіх пашкоджанняў ці матэрыяльных страт не панеслі. Падчас здарэння яны былі вымушаныя адскочыць на некалькі метраў ад машыны і "перажылі стрэс".
Сведкі - супрацоўнікі міліцыі з некоторыміі разыходжаннямі (у адлегласцях, часе, хуткасці і вопратцы) яны паўтаралі версію абвінавачання.
Таксама былі дапытаны супрацоўнікі ДПС, якія затрымалі Патаповіча праз некалькі гадзін пасля інцыдэнту. Яны запэўніваюць: “Патаповіч адразу разумеў, што наехаў на міліцыянтаў, і казаў, што ў гэтым "нічога такога".
Суд па справе працягнецца 11 лістапада ў 10:30.
Чатыры гады пазбаўлення волі за кінутыя бутэлькі
Тэлеграм-канал МУС паведамляе, што чацвёртага лістапада суд Жлобінскага раёна прысудзіў чатыры гады пазбаўлення волі 60-гадоваму мясцоваму жыхару, які падчас пратэсту кінуў бутылькі ў бок сілавікоў.
Здарэнне адбылося ў Жлобіне ў ноч з 9 на 10 жніўня, калі ў горадзе праходзіла акцыя пратэсту супраць вынікаў выбараў. Па версіі следства, падчас знаходжання ў натоўпе мужчына ўзяў адну пластыкавую і дзве шкляныя бутэлькі і па чарзе кінуў іх у інспектара ДАІ. Адна з бутэлек разбілася аб галаву міліцыянта, прычыніўшы таму пашкоджанні.
Неўзабаве гараджаніна затрымалі, а следчыя распачалі крымінальную справу за гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК РБ). Сёння суд прызнаў абвінавачанага вінаватым і прызначыў яму 4 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.
Ад пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года, больш чым за пяць месяцаў у краіне заведзена больш за 700 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, актывістаў іх штабаў, удзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія адбыліся пасля выбарчай кампаніі. Частка з іх па артыкулах 364 (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і 363 КК РБ (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак).