ГКЧП вачыма жаўнера

2016 2016-08-22T12:53:45+0300 2016-08-22T12:58:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

19 жніўня 1991 года ў Маскве адбылася спроба вайсковага перавороту - ГКЧП. Падзея, якая магла каардынальна змяніць хаду гісторыі і лёсы мільёнаў людзей. Менівіта правал путчыстаў надаў неабходнае паскарэнне цэнтрабежным (тыя што ўцякаюць ад цэнтра) сілам, прывёў да развалу СССР і падзення камуністычнай сістэмы ва ўсёй тагачаснай Усходняй Еўропе. Савецкі блок перастаў існаваць, што паставіла кропку ў двупалярным супрацьстаянні халоднай вайны.

Любыя гістарычныя падзеі закранаюць жыцці звычайных людзей, якія воляй лёсу і гістарычнага моманту ў той ці іншай ступні аказваюцца ўцягнутымі ў вір гісторыі – хтосьці ў ролі старонняга назіральніка, хтосьці ў ролі актыўнага ўдзельніка, хтосьці ў ролі ахвяры, а хтосьці ў ролі пераможанага ці пераможцы.

У жнівеньскія дні 1991 году я быў далёкі ад тагачаснага палітычнага жыцця, але стаўся сведкам тых гістарычных падзей. І добра што толькі сведкам, а не актыўным удзельнікам магчымага супрацьстаяння і кровапраліцця.  Пазбегнуць гэтага, калі б дайшло, мне было б надзвычай складана…

Валянцін Стэфановіч падчас службы ў войску
Валянцін Стэфановіч у войску

У 1991-ым я быў радавым узброеных сілаў СССР і праходзіў службу на тэрыторыі КБВО[1], амаль дома можна сказаць, на роднай беларускай зямельцы. Па тых часах ужо адно гэта было шчасцем. У дзень майго прызыву ў мінскім ваенкамаеце я бачыў, як некалькі дзесяткаў землякоў патрапілі ў каманду і паехалі абараняць паўднёвыя рубяжы савецкай Родины ў м. Кушка (Туркменская ССР, самая паўднёвая кропака СССР), на савецка-аўганскую мяжу. Мне тады пашанцавала, я патрапіў  у часткі ВВС у Смаргоні. Там у студзені 1991 года я прымаў прысягу на вернасць савецкаму народу і абяцаў стойка пераносіць “усе цягаты і лішэнія” вайсковай службы, а ў некалькіх дзесятках кіламетраў, у Вільні, савецкія танкі ўжо давілі мірных дэманстрантаў ля мясцовага Тэлецэнтра. Пасля прыняцця прысягі ўсіх размеркавалі ў “лінейныя” часткі ВВС Прыбалтыйскага і Беларускага ваенных акругаў. Такім чынам я апынуўся ў лесе пад Лідай, на “кропцы”, дзе месцілася радыёлакатарная група з пазыўным “Дазор”. Нашай задачай было ажыцяўляць забеспячэнне палётаў штурмавікоў СУ-25, размешчаных на вайсковых аэрадромах Ліды, Паставаў, Россі, Бярозы, Шчучына.

Там жа, у афіцэрскім клубе Паўднёвага гарнізона г. Ліды, 17 сакавіка 1991 годя я прыняў ўдзел у рэферэндуме па пытанні захавання СССР. Гэта былі першыя месяцы маёй службы і ўсе мае мары зводзіліся да наведвання гарнізоннага “чапка”[2] і некалькіх порцыяў пірожнага “карзіначка”. Мае мроі так паглынулі мяне, што зараз я  нават не магу ўзгадаць сам акт волевыяўлення, але дакладна памятаю, што адразу пасля кабінкі для галасавання я наталіў сваю жарсць – з’еў адразу дзве “карзіначкі”.

У жніўні 1991 года мне ішоў 19-ты год і жыццё маё значна палепшылася. Я канчаткова адаптаваўся тут, да нас прыслалі “маладых”, а ненавісныя мне “дэмбеля” па вясне сышлі да хаты. Чарговы прызыў чакаў “прыказа”, ішла “стаднёўка”[3]. Я таксама чакаў. Пасля 12-ці ўдараў па срацы жалезнай бляхай рамяня, я атрымаю “перавод”[4] у чарговую прыступку ў непісанай вайсковай гірархіі – “чарпакі”[5]. Я атрымаю права хадзіць расхістаны, з загнутай бляхай і скураным рамянём. А галоўнае – я больш не буду нічога рабіць! Лавіць “лафу” ці “ташчыцца”, як там тады казалі. А працаваць будуць тыя, каго прывезлі да нас з далёкіх краёў тагачаснай вялічэзнай краіны – “духі, салабоны, салагі”[6].  Летам у гарнізон прыбыў цэлы цягнік прызыўнікоў з Узбекістану, былі прызыўнікі ў з Падмаскоўя і Уладзімірскай вобласці, Дагестану. Гэта былі апошнія прызывы СССР, як потым апынулася. Дакладней, апошнім апынецца восеньскі прызыў 1991 года.

19 жніўня пачынаўся як заўжды – з пад’ёму, сняданку і пастраення. У войску кожны дзень падобны на папярэдні, пакуль да гэтага не прызвычаішся, не навучышся не звяртаць на гэта ўвагу і лавіць “кайф” ад маленькіх радасцяў жыцця. Адзінае, што адразу кінулася нам у вочы, гэта тое, што афіцэры, прыбыўшыя на “кропку”, былі ў палявой форме і з табельнай зброяй на рамні. Пры гэтым ніякую трывогу ніхто не абвяшчаў. На ўсе нашыя распыты мы атрымалі толькі адзін кароткі адказ – уведзенае надзвычайнае становішча, у Маскве “беспарадкі”.  Ад 19 жніўня па гарнізоне ўводзілася казарменнае становішча, афіцэрам забаранялся з’язджаць з месца распалажэння, адмяняліся зваленні ў горад і адпачынкі з выездам дадому. Мы былі ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі, па ТВ нічога не казалі, у вайсковай газеце КБВО пра путч у Маскве нічога не пісалі. Лісты з дому так хутка дайсці не маглі, ды і вайсковая цэнзура магла не прапусціць. Але па размовах афіцэраў і прапараў мы разумелі, што штосьці адбываецца. Прапары былі ўзбуджаныя і радасна казалі: “Нарэшце гэтага “гарбатага” (Гарбачова) прыбралі, зараз парадак навядуць!”. А адзін нават жартам сказаў, што ўсім экіпажам РЛС (радыёлакатараў) трэба быць нападагатове, бо, маўляў, нашыя самалёты “будуць бамбіць Вільнюс”. Увечары на “кропцы” застаўся начальнікам змены старэйшы лейтэнант Вясёлка. Чалавекам ён быў неблагім, досыць перадавых поглядяў, як па тых часах. Разам з ім мы ўключылі радыё і злавілі адзін з “варожых галасоў”, не памятаю, які дакладна. Менавіта тады мы зразумелі, што ў Маскве вайсковы пераварот, а прэзідэнт СССР Гарбачоў знік і, хутчэй за ўсё, заблакаваны путчыстамі на сваім лецішчы ў Фаросе. Вясёлка досыць жорскта адгукаўся пра путчыстаў і сказаў, што вайскоўцы не мусяць страляць у свой народ. Тут мне стала страшна. Страшна, што нас павядуць у горад і змусяць разганяць людзей, страляць у мірных грамадзянаў, маіх землякоў! А дома што? Там таксама ў Мінску войскі ёсць, вунь белполк унутраных войскаў стаіць.  А дома мае бацькі. Мой бацька. Ен ужо тады быў вялікім сімпатызантам нацыянальна-дэмакратычнага руху БНФ. Што да мяне, дык я таксама не любіў камуністаў, камунізм і нават адмовіўся ўступаць у школе ў камсамол у 1987 годзе. Была спроба запісаць мяне ў камсамольцы і ў войску, але я схлусіў агаломшанаму камсоргу, што не магу ўступіць,  бо “баптыст”. Увосень, 7-га лістапада 1990 года, я ўжо бачыў статысячную антыкамуністычную дэманстрацыю, якая рушыла на пр. Леніна пад бел-чырвона-белымі сцягамі, а шматысячны вокліч “Далоў камунізм!” разлятаўся па-над дамамі і кварталамі роднага гораду. І тут вось такое!

“Дэмбеля”, якія мусілі звалняцца ўвосень, натуральна, былі занепакоены тым, што гэтыя падзеі могуць унесці карэктыроўкі ў іхнюю дэмабілізацыю. Мы, малодшы на год прызыў, пачалі кпіць з іх. “Ну што, накрыўся ваш дэмбель, мужыкі!” – казалі мы ім. “Цяпер будзеце яшчэ два гады служыць, пакуль усё не супакоіцца”. “Сціхніце, малыя!” – казалі яны нам у адказ. Увогуле хлопцы яны добрыя былі,  тры хлопцы з Расіі і адзін грузін з Сухумі. Усе звалі яго Толікам, хаця сапраўднае ягонае імя было Тамаз, Тамаз Чылачава. Дзе ён цяпер, ці жывы? Увосень 1991 года ў Абхазіі пачалася вайна і тысячы этнічных грузінаў былі вымушаныя пакінуць Сухумі, а шмат хто быў забіты.

Путч скончыўся хутка. Праз некалькі дзён.  Затым падзеі разгортваліся проста імгненна. 25 жніўня Вярхоўны Савет БССР надаў Дэкларацыі аб суверэнітэце 1990 года сілу канстытуцынага акту, у верасні БССР была перайменаваная ў Рэспубліку Беларусь, а дзяржаўнымі сімваламі новай краіны сталі бел-чырован-белы сцяг і герб “Пагоня”! Памятую, як ужо ў снежні 1991 года нас сабралі ў “Ленінскім” пакоі і разлаваны амаль да шалёнства камандзір часткі маёр Шаўцоў паведаміў нам, што ў выніку дэнансацыі саюзных пагадненняў перастаў існаваць СССР. Я думаў, што маёр зараз публічна застрэліцца, але гэтага не адбылося. І добра. Добра, што ўсё адбылося без крыві і нявінных ахвяр. Але так было не паўсюль і не заўсёды.  У некаторых частках былой імперыі ўспыхнулі крывавыя міжэтнічныя канфлікты – Прыднястроўе, Абхазія, Нагорны Карабах. Мы ж, прызыўнікі з розных рэспублік і куткоў СССР, даслужвалі свае тэрміны ў войску ўжо неіснуючай дзяржавы. У 1992 годзе наша дывізія ў выніку падзелу частак былога КБВО апынулася ў падпарадкаванні Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі і падлягаля вываду на працягу двух бліжэйшых гадоў. Вывад я ўжо не застаў, наша частка была выведзеная ў РФ у 1994 годзе і канчаткова расфармаваная.

А што было б, калі б ГКЧП перамог? Кажуць, што ў гісторыі не бывае “калі б”, але мяркую, што без масавых рэпрэсій і крыві путчысты не змагілі б утрымаць уладу. Аднак падобна, што час быў ужо не той і вялікая імперыя з мільённым войскам, якое дзесяцігоддзямі рыхтавалася даць адпор “верагоднаму праціўніку”, проста ціха сканала. А нам выпаў унікальны гістарычны шанец –пабудаваць свой уласны ўтульны Дом, імя якому Беларусь.

[1] КБВО – Краснознамённый Белорусский Военный Округ вооружённых сил СССР.

[2] Чапок – буфет для жаўнераў на тэрыторыі вайсковай часткі.

[3] Стаднёўка – пачынаецца за сто дзён да выхаду загаду Міністра абароны аб звалненні адслужыўшых тэрмін службы і прызыве на вайсковую службу. Паводле непісанай вайсковай традыцыі “дзяды”, якія чакаюць дэмабілізацыі, голяць галовы нагала і не ядуць масла. Маладыя жаўнеры павінны ведаць адказ на пытанне “дзеда” аб колькасці дзён, якія засталіся да “прыказа”. За правільны адказ яны атрымліваюць пайку масла, а за няправільны кухталі, фованы і г.д. - у залежнасці ад асобы “дзеда” і ягонага настрою.

[4] Перавод – непісаны абрад пераводу на наступныя прыступкі іерархіі. Сама працэдура можа быць рознай у розных частках, найчасцей гэта ўдары бляхай рамяня па ягадзіцах па колькасці застаўшыхся месяцаў службы –18 ці 12 удараў. Дзядоў і дэмбелей гэта не датычыцца.

[5] Чарпакі, альбо чарапы, фазаны – жаўнеры, якія адслужылі год, г.зн. палову тэрміну службы. Па статусе блізкія да “дзядоў”, паколькі вызваленыя ад фізічнай працы.

[6] Усё гэта назвы жаўнераў першага перыяду службы. У іх абавязкі ўваходзіць “шуршаць” і “лётаць” – выконваць фізічну працу, працу па прыборцы памяшканняў, а таксама па ўказаннях стараслужачых.

Валянцін Стэфановіч

Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску. У дзяцінстве марыў стаць лесніком, мараком і машыністам дызэль-электра-цягніка. У жыцці паспрабаваў розныя заняткі: быў маляром, салдатам, студэнтам і юрыстам МПЗ. Цяпер актыўна назіраю за жыццём.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства