viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XII. ТЭЛЕВІЗАР, КНІГІ

2020 2020-03-31T13:27:58+0300 2020-03-31T15:22:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/blog_bialiackaga_12_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

ТЭЛЕВІЗАР

Тэлеантэна ў нашай камеры бярэ толькі тры каналы: Беларусь 1, Беларусь 2 і “Лад”. Зранку, па маленькім, зробленым у Віцебску тэлевізары паказваюць серыялы. Мы глядзім бясконцую лацінаамерыканскую “Мілашку”, сьмяемся над гратэскнай гульнёй актораў. Тым ён і добры, гэты просьценькі серыяльчык, што сваімі нескладанымі вадэвільнымі сюжэтнымі лініямі ўздымае ўсім настрой. Яшчэ адзін серыял, які глядзім – прадукт расійскай кінаіндустрыі, якая сваімі бясконцымі эпапеямі пра мянтоў забіла ўвесь тэлеэфір – “Чорныя ваўкі” з Бязрукавым.

Па “Ладзе” усе глядзім серыял “Маргоша” – гэта расійскай версія аргентынскага камедыйнага серыялу. Таксама па “Ладзе” паказваюць неблагія сюжэты па беларускай гісторыі. Тут я ўжо не дазваляю пераключаць канал на што-небудзь іншае. Няхай усе слухаюць, мо што каму ў галаву і зойде. Стэрэатыпы расійскай гісторыі: “мы цярпелі пад татарскім ігам”, “наш вялікі цар Пётр І”, “айчынная вайна з Напалеонам”, “Вялікая Кастрычныцкая рэвалюцыя”, закладзеныя ў галовы беларусаў у школе ў савецкі час, мусяць замяняцца на аб’ектыўныя гістарычныя факты з нашага, беларускага пункту погляду.

Радуе рэкляма пральнага парашку “Мара”. І назва ў парашка беларуская, і рэкляма ідзе па-беларуску. Хоць штосьці сваё ў гэтым тэлевізійным “моры” рускай мовы. Праўда, яшчэ Панкратава прыгожа і па-беларуску вядзе надвор’е, але неўзабаве тэлеканал “Лад”, як тут кажуць, зрабіў “ёк”.

На волі амаль і не глядзеў шматлікае тэлевізійнае “сьмецьце”, якое забівае галаву непатрэбнай інфармацыяй. А тут адарванасьць ад сьвету, ад навінаў, ад стусункаў зь людзьмі моцна падвысіла каштоўнасьць тэлевізара. Я лаўлю сябе на тым, што з цікавасьцю гляджу ледзь ня ўсё, што паказваюць, эмацыйна рэагую на тэлесерыялы, якія на волі і глядзець бы ніколі ня стаў, праглядаю і несьвядома запамінаю рэклямныя ролікі, якія на свабодзе ўвогуле праляталі над маёй галавой. На самых банальных серыяльных сюжэтах раптам на вочы наварочваюцца сьлёзы.

Тэлевізар, як сваеасаблівы наркотык, адцягвае ўвагу ад сумнай рэчаіснасьці, ад камернага смуроду, ад паўскоцкага існаваньня бяз волі, бяз сьвежага паветра. Гледзячы і суперажываючы ненатуральным, часта вадэвільным тэлегероям, на хвіліну, на поўгадзіны ці на гадзіну забываесься, дзе ты знаходзісься, супакойваесься, і твой сьвет не здаецца ўжо такім сумным і безнадзейным.

 Час у СІЗА запавольваецца, становіцца густым і цягучым. Здаецца, ты бачыш, як ён ліецца ў паветры, нясьпешна цягнецца, як ніткі павуціньня. Людзі, якія ня так даўна яшчэ, па той бок кратаў, жылі ў іншым рытме, шукаюць любы занятак, каб прысьпешыць яго: сьпяць, размаўляюць, чытаюць, гуляюць у шахматы. Тэлевізар тут – лепшы памочнік, ён непрыкметна зьядае час.

Трэба мне будзе пасядзець яшчэ з год, прайсьці жодзінскае СІЗА, патрапіць у бабруйскую “двойку”, каб адчуць і злавіць асобы турэмны рытм, гэтую своеасаблівую турэмную нірвану.

У 1997 годзе першы раз патрапіў я на суткі арышту – на тры дні і, памятаю, лічыў кожную гадзіну да волі. А ў 2012-м, калі наперадзе былі яшчэ гады зьняволеньня, я ўжо лічыў час месяцамі і бачыў зэкаў, у якіх тэрміну было па дваццаць гадоў, яны лічылі час гадамі.

Спорт – ці не найбольш жыцьцёвая і натуральная сярод іншых праграмаў у тэлеэфіры. Вось за гэта і любяць глядзець яго зэкі, адчаяна хварэючы за футбол, гандбол, любыя спаборніцтвы, бо яны захапляюць і адцягваюць увагу яшчэ болей за любы серыял.

Аднойчы наш тэлевізар, які Валодзя вось ужо чацьвёрты год цягае за сабой з камеры ў камеру, зламаўся. Мы аж прыселі: без навінаў, без любімай “Мілашкі” – што нам рабіць. Валодзя штосьці пакумекаўшы, праз кармушку ўступіў у ціхія перамовы з “карпусным”. Назаўтра наш тэлік забралі ў рамонт, а нам выдалі на падмену іншы, падобны. Гэта быў LG. Праз тыдзень віцебскі “Віцязь” парамантавалі, відаць, хтосьці з зэкаўскай абслугі. Валодзя аддаў за рамонт пяць пачкоў цыгарэт “Winston”, і ён вярнуўся да нас. Я на практыцы пачынаю разумець, што цыгарэты тут – валюта.

КНІГІ

Паўлавіч, генерал, штодзень сядзіць па некалькі гадзінаў за сталом, піша скаргі, якіх напісаў ужо дзесяткі, ці разьбірае свае запісы – рыхтуецца да будучага суда. Ён у СІЗА ужо амаль год і дасюль не зьмірыўся з сваім незайздросным становішчам. Я ж – чытаю, чытаю і ні пра суд, ні пра сваю справу пакуль што ніяк ня думаю. Яшчэ раз перачытаў “Круты маршрут” Яўгеніі Гінзбург і паставіў на паліцу, дзе стаяць КК і КПК – падарыў хаце, каб чыталі іншыя. Раз на тыдзень па прадоле ходзіць зэк з каталкаю, возіць кніжкі з мясцовай бібліятэкі. Я узяў у яго “Выбранае” Аляксандра Купрына, бо даўно ўжо хацеў перачытаць чытаную яшчэ у юнацтве “Алесю”. А таксама, праглядаючы праз кармушку стосы танных дэтэктываў на каталцы, выбраў адзіную беларускамоўную кніжку – “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” Уладзіміра Караткевіча. Чытаў я “Хрыстоса” разы з тры, але таксама даўно: першы раз у школе, а потым ва ўніверсітэце.

“Алеся” Купрына – хоць ён і апісвае там украінскае Палесьсе – блізкая для мяне, бо шмат якія рысы жыцьця ўкраінскіх палешукоў агульныя з нашым беларускім Палесьсем. Тая ж прырода, тая ж архаічнасьць людзей, традыцыйнасьць стасункаў паміж імі. Так было. Зараз ужо ня так.

Аляксандр Купрын. Алеся
Аляксандр Купрын. "Алеся"

У дзяцінстве я кожнае лета бываў на радзіме маёй мамы, у Нараўлянскім раёне, дзе мяжа з Украінаю праходзіла зусім побач, дзе былі аднолькавыя звычаі і сьвяты, дзе сьпяваліся тыя самыя песьні і была маса агульных словаў, дзе людзі з абодвух бакоў мяжы ахвота ішлі як у войска бацькі Булак-Булаховіча, так і ў брыгады Каўпака. Чытаючы “Алесю”, я ўяўляў сабе, які цудоўны беларускі фільм можна было б зьняць па яе сюжэце. Алеся – цыганка, афіцэрык, зь якім яна кахалася – расіянін, а фільм мог бы атрымацца беларускім. Толькі ці знойдзецца ў нас такі рэжысёр, які б узяўся за яго і не сапсаваў. А грошы на фільм? Эх, мары, мары.

“Хрыстос” Караткевіча ізноў, як у юнацтве, захапіў рэльефнасьцю кожнага эпізода, складанай сюжэтнай лініяй, якая выводзіла героя рамана да ўсё новых і новых прыгодаў. Але што найбольш уразіла мяне – фактычна непрыхаваная, напісаная адкрытым тэкстам праграма змаганьня беларусаў  ва ўмовах таталітарнага рэжыму за свабоду, якую Уладзімір Караткевіч заклаў у гэты раман. Я ня мог зразумець, як гэта прайшло незаўважным у свой час. Дастаткова замяніць папоў і ксяндзоў, якія ў рамане паказваюцца як суперрэакцыйная сіла, на саветы, камуністаў, а вызвольнае паўстаньне ў Гародні з XVI-га стагоддзя перанесьці ў XX-е, у той час, калі, уласна, пісаўся раман, каб зразумець, якой такой свабоды дабіваўся галоўны герой Юрась Братчык і супраць каго ён узьняў паўстаньне ў Гародні.

blog_bialiackaga_12_2.jpg
"Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Малюнак Уладзіміра Караткевіча

Збройнае змаганьне ў алегарычным сюжэце рамана пацярпела паразу. Ды і цяжка было ўявіць, што якое-небудзь паўстаньне ў Савецкім Саюзе зь ягоным войскам, КГБ ды правячай партыяй магло б перамагчы. Уладзімір Караткевіч разумеў гэта і бачыў выйсьце ў рупнай працы па асьвеце і адукацыі народу. Толькі масавая падтрымка зьменаў, масавы адпор можа даць плён у змаганьні з дыктатурай. Таму герой раману Юрась Братчык, сыходзячы з Гародні, ідзе разсяваць зерне асьветы сярод простых людзей. Для XVI-га стагоддзя такое заканчэньне гісторыі азначала поўную паразу, таму і гучыць яно занадта рамантычна. Але не для XX-га. І Леў Талстой у сваёй філасофіі жыцьця спрабаваў даказаць гэта, хіба што не зусім пасьпяхова. А ўдалося Махатме Гандзі. Ды праз 15 гадоў пасьля напісаньня Караткевічам “Хрыстоса”, руху “Салідарнасьць” у Польшчы.

Мне дзіўна, што ніхто з дасьледчыкаў творчасьці Караткевіча не заўважыў гэтую суперсучасную лінію ў рамане, і ніхто не напісаў пра гэта.

“Ці то пабаяліся, паасьцярожнічалі, ці то не зразумелі”, – думаю я, і раблю выпіскі з раману.

Але ж ён вось, не пабаяўся ТАК напісаць. Мне хочацца распавесьці пра гэты зашыфраваны феномен беларускага супраціву. Раман быў напісаны ў далёкіх 60-х гадох, калі я яшчэ і ў школу не хадзіў, калі савецкая ўлада заліла ўсю беларушчыну метровым слоем бетону, калі з нас актыўна рабілі адзіны савецкі народ, кормячы байкамі пра хуткае наступленьне эры камунізму.

 Я ляжу на шконцы, чытаю “Хрыстоса” і ясна разумею, што “план Караткевіча” актуальны і цяпер. Ня будзе Беларусі, беларускай мовы і беларускай школы без масавай падтрымкі гэтых ідэяў сярод людзей. Інакш будзе нашая беларушчына ня ярка гарэць, а дымець, як торф на балоце. Таму нам трэба працягваць тое, што мы рабілі ўсе апошнія 30 гадоў з яшчэ большай упартасьцю.

І зараз ад мяне залежыць крыху болей, чым раней. Будучы арыштаваны, абылганы, засунуты ў гэтую “прыбіральню” у чаканьні суда, воляй няволяй апынуўся я ў адкрытым двубоі з антыбеларускай сістэмаю, з усім гэтым паганым гэб’ём, з Лукашэнкам, урэшце рэшт, які ненавідзіць усё беларускае і аддае Беларусь у расейскую кабалу. Апынуўся ў фокусе ўвагі і ў цэнтры выпрабаваньняў. Для сістэмы зараз будзе важна зламаць мяне, каб усе ведалі на чыім баку сіла. А мне важна – выстаяць. У першую чаргу для сябе самога. Але ж гэта важна і для тых,  хто спачувае і перажывае за мяне, хто з волі назірае за тым, як я сябе паводжу, як трымаюся,.

Такія думкі прыходзяць мне ў голаў, калі я перачытваў новымі вачыма Караткевічавага “Хрыстоса, які прызямліўся ў Гародні”. Я разумею, што мой бой за Беларусь адбываецца зараз на гэтай вузкай рыпучай шконцы, “на пальме”, без усялякага руху, з кніжкаю ў рукох.

У той час за мной назіралі, мяне ўважліва вывучалі – гэта я ўжо зразумеў пазьней. Але што я адразу разумеў у першыя тыдні майго зьняволеньня – усё, што мне трэба было рабіць у гэтым баі, дык гэта набірацца цярпеньня, не панікаваць і не мітусіцца.

Перадала Натальля мне падручнік ангельскай мовы Бонк, яшчэ нейкую дапаможную ангельскую кніжачку. Штодзень па гадзіне я займаюся ангельскай мовай, прыгадваю тое, што пасьпеў забыць.

Падручнік ангельскай мовы Наталлі Бонк
Падручнік ангельскай мовы Наталлі Бонк

Вучу і ўспамінаю сустрэчу ў Осла з легендарным расійскім дысідэнтам Уладзімірам Букоўскім, які распавёў, што за пяць гадоў у турме вывучыў ангельскую мову і што гэта быў несумненны плюс ад ягоных адсідак. А ў 1976-м годзе “обменялі хулігана на Луіса Корвалана”. Вось так і я: шукаю плюсы ў сваім вымушаным бязьдзеяньні, загружаю сябе, чытаю, вучу ангельскую і зусім ня думаю, ці памяняюць мяне на кагосьці ці на штосьці.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XI. ПРАВЕРКА. ЗАНЯТКІ, ГАЗЭТЫ

У восем раніцы – праверка. Да гэтагай хвіліны мы ўжо паснедалі, прыбралі са стала, які называюць тут “абшчаком”, збольшага пазасьцілалі свае нары, сядзім на ніжніх шконках, чакаем.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства