viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XI. ПРАВЕРКА. ЗАНЯТКІ, ГАЗЭТЫ

2020 2020-03-24T12:30:47+0300 2020-03-24T13:14:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/blog_bialiackaga_11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

ПРАВЕРКА

У восем раніцы – праверка. Да гэтагай хвіліны мы ўжо паснедалі, прыбралі са стала, які называюць тут “абшчаком”, збольшага пазасьцілалі свае нары, сядзім на ніжніх шконках, чакаем. “Абшчак” наш выфарбаваны ў жоўты колер, з адкрытымі шуфлядкамі пад стальніцай. Там – посуд, алюміневыя лыжкі, пластмасавыя талеркі, такія ж кубкі, “камазы” і “камазікі” – хатняе багацьце: што прынесенае намі, а што – пакінутае тут ранейшымі сядзельцамі. Туды ж – пад стальніцу – хаваем хлеб, печыва, каву і гарбату.

У “хаце”, распавядае Валодзя, летась рабілі рамонт: выфарбавалі ў жоўты колер сьцены, памазалі белай эмульсіяй столь. Камера выглядае яшчэ даволі па-новаму. Падчас рамонту, кажа Валодзя, яны з Грамовічам на два тыдні выяжджалі ў іншую камеру. Грамовіч гэты – былы адвакат, затрыманы як быццам бы за перадачу хабару, ужо на свабодзе. Справу супраць яго спынілі, і Валодзя любіць распавядаць пра яго.

Я таксама завочна ведаю Грамовіча. Знаёмая адвакатка, зь якой мы працавалі разам не адзін год па крымінальных справах палітычных зьняволеных, з той самай раённай адвакатуры, што і Грамовіч. Яна распавядала пра ягонае затрыманьне, спачувала яму, казала, што справа заказная і што яго падставілі, і была вельмі радая, калі ён выйшаў на волю, пакалечаны мянтамі пры затрыманьні, якія жорстка і мэтанакіравана зьбівалі яго, але апраўданы.

Я маўчу, нічога не кажу пра тое, што хоць штосьці ведаю пра Грамовіча, бо Валодзя, старэйшы камеры, у лес не хадзі, стопрацэнтовы камерны стукач. Сядзіць на Валадарцы ўжо не адзін год, на зону ня едзе. Таму ніякіх размоваў пра знаёмых мне на свабодзе людзей, ці тут, на Валадарцы, у камеры я не вяду. Толькі слухаю яго ды ківаю галавой.

Вось урэшце, кляцнуў замок, зайшоў старэйшы кантралёр – праверка. Мы сядзім, не ўстаем. Звычайна, уздымаецца адзін Валодзя і коратка кажа: “Шэсьць!” Прапаршчык углядаецца ў свой кандуіт, моўчкі ківае галавой і выходзіць. Праверка скончаная. Увечары гэтая дзея паўтараецца.

ЗАНЯТКІ, ГАЗЭТЫ

Пачынаецца звычайны будзёны дзень. Зэкі ляжаць на сваіх шконках, Валодзя зазвычай сядзіць. Хтосьці чытае кніжку ці газэты. Мяне хутка падпісалі з волі на перыёдыку, і амаль штодзень у камеру прыносяць “Народную Волю”, “Нашу Ніву”, “Беларусы і рынак”, “Белгазету”, “Камсамолку”, “Саўбелку”, “Рэспубліку” (во ужо пустая газэта!), “Культуру”, “ЛіМ”. Занятак на гадзіну.

Я гляджу, ці напісана што-небудзь пра маю справу. Мне гэта цікава з розных бакоў. Скандал з арыштам разгараецца, таму пішуць багата. Пратэстуе Еўразьвяз. За мяжой крычаць уголас мае калегі-праваабаронцы. Палітыкі ў Літве і Польшчы моцна зьбянтэжаныя ад такой навіны. Ніхто з еўрапейцаў на палітычным узроўні не чакаў такой падступнасьці беларускіх уладаў ды бюракратычнага глупства сваіх чыноўнікаў.

Старшыня камітэту па замежных справах Літвы Эманюэліс Зінгерыс:

“Выдача Літвой банкаўскіх рахункаў беларускіх дэмакратычных актывістаў гэта ганебны факт, які патрабуе уважлівага разьбіральніцтва… Літоўскія чыноўнікі не намагліся даведацца хаця б праз Google, хто такі Бяляцкі, і высьвятліць, ці не зьяўляецца замова з Менску палітычнай… Гаворачы пра лукашэнкаўскую фармулёўку абвінавачваньня Бяляцкага, цікава даведацца, якія падаткі плацілі літоўскія партызаны сталінскаму рэжыму, седзячы ў акопах у лясах?.. На жаль, гэта іспыт, наколькі заходняй стала краіна і людзі”.

Кіраўнік літоўскага МЗС Аўдроніс Аджубаліс:

“Гэты выпадак – папярэджаньне пра тое, якія негатыўныя наступствы можа мець фармальнае рашэньне аб прадастаўленьні інфармацыі замежным дзяржавам, якое прыймалася без уліку палітычнай рэкамендацыі МЗС”.

Намесьнік міністра юстыцыі Літвы Томас Вайткявічус:

“Мы лічым непрыймальным тое, што механізм прававой дапамогі па дамове паміж Літвой і Беларусьсю быў выкарыстаны ў пазапраўных палітычных мэтах”.

Дарэчы, праз некалькі дзён пасьля майго затрыманьня, Літва ўвогуле перастала дзяліцца інфармацыяй, якую запрошвалі беларускія ўлады па падаткавых пытаньнях. Праз нейкі час, калі нас выводзілі на прагулку і мы перастрэліся са зьняволенымі з іншых камераў, мне перадалі гарачую падзяку ад бізнэсмэнаў, якія сядзелі па 243-м артыкуле і справы якіх паспыняліся, бо беларускія ўлады не маглі атрымаць зьвесткі пра іхнія фінансавыя “злачынствы” ў літоўцаў. Неўзабаве багата каго зь іх былі адпушчаныя на свабоду.

“Народная Воля”:

“Пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас перадаў жонцы кіраўніка Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага Натальлі Пінчук выбачэньні Літвы ў сувязі з непаразуменьнем, якое прывяло да арышту яе мужа”.

Кэтрын Эштан, кіраўнічка зьнешнепалітычнага ведамства ЕС, заклікала беларускія ўлады неадкладна растлумачыць прычыны затрыманьня Алеся Бяляцкага:

“Вярхоўны прадстаўнік зноў заяўляе пра сваё глыбокае шкадаванне з нагоды неаднаразовых актаў запалохвання і прыцяснення мірных праваабаронцаў у Беларусі”.

Алесь Бяляцкі бараніў іншых, а хто цяпер абароніць яго?” – пытаецца “Народная Воля” і дае падборку наступных заяваў.

Валянцін Стэфановіч, юрыст, намеснік старшыні “Вясны”:

“Гэтыя сродкі збіраліся не ў якасці асабістага даходу”.

Упаўнаважаны Федэральнага ўрада Нямеччыны па правах чалавека Маркус Лёнінг ад імя ўраду “рэзка асуджае выкарыстаньне крымінальнага заканадаўства для таго, каб па палітычных матывах прымусіць маўчаць яшчэ аднаго актыўнага прадстаўніка беларускай грамадзянскай супольнасьці. Федэральны ўрад патрабуе спыненьня рэпрэсій адносна апазіцыйных няўрадавых арганізацый і іх актывістаў і зноў паўтарае сваё патрабаваньне аб вызваленьні ўсіх палітвязьняў у Беларусі”.

Брытанскі міністр па справах Еўропы Дэвід Лідынгтан заявіў:

“Я глыбока заклапочаны зьвесткамі аб арышце вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, старшыні паважанай праваабарончай арганізацыі “Вясна” і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека. Мы разглядаем гэта як яшчэ адзін абуральны выпадак перасьледу праваабаронцаў у Беларусі. Заклікаю беларускія ўлады забясьпечыць належную павагу да правоў і свабодаў праваабаронцаў у адпаведнасьці з міжнароднымі дамовамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь. Вялікабрытанія будзе ўзнімаць пытаньне аб пагаршэньні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі падчас перамоў з партнёрамі па Еўрасаюзе”.

“Мы будзем патрабаваць неадкладнага вызвалення нашага калегі і добрага партнёра Алеся Бяляцкага, выкарыстоўваючы ўсе адпаведныя сродкі, якія ў нас ёсьць, — заявіў генеральны сакратар Нарвежскага Хельсінкскага камітэта Б’ёрн Энгеслянд. — Мы назіралі за драматычнымі падзеямі ў Беларусі з часу апошніх прэзідэнцкіх выбараў 19 сьнежня... Зараз мы бачым, што арышт Алеся і вобыскі на офісе “Вясны” паказваюць грамадзянскай супольнасьці і няўрадавым арганізацыям, што прыйшоў іх час. Міжнародная супольнасьць павінна неадкладна прарэагаваць і запатрабаваць вызваленьня Алеся Бяляцкага, як і ўсіх палітзьняволеных. Павінны быць выкарыстаныя ўсе магчымасьці для ціску: ад дыпламатычных і да кропкавых эканамічных санкцый”.

“Затрыманне кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага выклікае велізарную занепакоенасьць і зьяўляецца яшчэ адной вартай шкадаваньня прыкметай самаізаляцыі Беларусі і яе далейшага адыходу ад еўрапейскіх нормаў і прынцыпаў, — заявіў Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан. — У дэмакратычным грамадзтве няўрадавыя арганізацыі, такія як “Вясна” (якой улады працягваюць адмаўляць у рэгістрацыі), маюць ключавую ролю ў значнай сістэме стрыманьняў і процівагаў. Прызнаючы гэтую ролю, дзяржавы заканадаўча забясьпечваюць умовы, неабходныя для працы і квітненьня трэцяга сектара, а не імкнуцца маргіналізаваць грамадзянскую супольнасьць праз адмову ў рэгістрацыі, перасьлед і затрыманьні актывістаў няўрадавых арганізацый”.

Я прывожу гэтыя доўгія цытаты, каб паказаць, наколькі сур’ёзна заходнія краіны ўспрынялі, здавалася б, чарговы адзінарны арышт грамадзкага актывіста ў Беларусі. І калі ўлетку 2011 года прыймаліся кропкавыя эканамічныя санкцыі супраць некалькіх бізнэсмэнаў – “кашалькоў” Лукашэнкі, і ў Еўразьвяза не было поўнай ўпэненасьці, што гэта неабходна было рабіць, то мой арышт быў апошняй кропляю, які канчаткова пераканаў еўрапейскіх палітыкаў, што з беларускім рэжымам варта працягваць размаўляць з пазіцыяў сілы.

Уяўляю сабе рэакцыю беларускага МЗС, ды мабыць і самога Лукашэнкі, на ўсе гэтыя заявы. Перакананы, што яны не чакалі такой вострай крытыкі ў свой бок. Але Лукашэнка ня любіць адступаць. Гэта ў 1996 годзе Барыс Ельцын прымусіў яго адпусьціць арыштаваных Юрыя Хадыку і Славу Сіўчыка. З таго часу багата вады сыйшло, Лукашэнка задзервянеў.

Я  ўспрыймаў гэтую інфармацыю даволі тэарэтычна і аддалена, як буру, якая шумела недзе высока над галавой. Як быццам бы размова ішла не пра мяне, а пра кагосьці іншага. Бо тут, у камеры, жыцьцё ішло сваёй чарадою, па сваіх законах, а вонкавыя спрэчкі і эмоцыі нячутна разьбіваліся аб тоўстыя муры Валадаркі і патаналі ў яе змрочных калідорах.

З дэмакратычных газэтаў даходзілі сьціплыя зьвесткі пра іншых палітычных зьняволеных. Усе суды ўжо ў асноўным адбыліся, і палітычных – па некалькі чалавек – раскідалі па розных лягерах для “першаходак”. Наваполацк, Віцебск, Магілёў, Шклоў, Бабруйск, “Ваўчыныя Норы” пад Івацэвічамі – паўсюль паехалі палітычныя. Вычытаў, што Пашу Севярынца, асуджанага яшчэ ў траўні на тры гады “хіміі”, урэшце адпраўляюць адбываць пакараньне ў вёску Куплін Пружанскага раёну. Першая хімія ў яго была на поўначы Беларусі, зараз паедзе на паўднёвы захад.

З прэсы я даведаўся, што 16 жніўня ў судзе Першамайскага раёну ў закрытым паседжаньні быў разгляд скаргі адваката Зьміцера Лаеўскага па абранай следзтвам у адносінах да мяне меры стрыманьня. Як і трэба было чакаць, судзьдзя Сяргей Бандарэнка адхіліў скаргу. Я яшчэ ня ведаў, што гэты судзьдзя ўжо замацаваны за мной кімсьці згары і, як той тупы і бязьлітасны меч лукашэнкаўскага правасудзьдзя, неўзабаве будзе судзіць мяне ў працэсе.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: X. КАМЕРА №15

У панядзелак дзесьці ў 11 гадзінаў у камеру зазірнуў кантралёр, дастаў нататнік і зачытаў: “Бяляцкі, на выхад з рэчамі!”, – і зачыніў дзьверы.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства