viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: II. ПАЧАТАК ВОБШУКУ

2020 2020-01-21T13:48:51+0300 2020-01-22T14:44:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-valik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Урэшце мы ўсім табуном узьняліся на чацьвёрты паверх. Я не сьпяшаўся, ішоў – ледзь соўгаў нагамі, разумеў, што для Натальлі і Адама зараз дарагая кожная хвіліна.

Аператыўнікі пазванілі ў кватэру, адтуль не было чуваць ніякіх шоргатаў і рухаў. Пэўна што жонка з сынам хавалі кампутарную памяць. Сістэмныя блокі ў нашых кампутарах былі раскручаныя, і жорсткія дыскі зь іх даставалася за дзьве хвіліны. Мінулы раз, у студзені 2011-га, вобшук у хаце праводзілі кэдэбісты. Яны абглядзелі пустыя кампутарныя скрыні і спыталіся:

“Што зь імі зрабілася?”

“Зламаліся, – адказаў сын, – рамантуем”.

blog_bialiackaga_vobshuk3.jpg
Супрацоўнік КГБ і Алесь Бяляцкі пасьля ператрусу на офісе ПЦ "Вясна" 17 студзеня 2011 г. Фота "Радыё Свабода"

На тым усё і скончылася, нічога не забралі. Сістэмныя блокі бяз памяці – проста метаталом.

Старшы групы кіўнуў на амапаўцаў і патлумачыў: “Дзеля таго, каб вы не зашкодзілі правядзеньню вобшука”.  Выглядала ўсё вельмі недарэчна. Хто тут зьбіраўся замінаць вобшуку: я, Натальля ці Адам?

Нягледзячы на пільны кантроль, яшчэ адную рэч мне трэба было неяк ухітрыцца зрабіць. Пакуль мы былі ў кватэры, пакуль мяне не абшуквалі, мне трэба было пазбавіцца флэшкі. Не хаваючыся, я аддаў Наталі свой сотавы тэлефон. Дэфээраўцы сьцярпелі. Добра. Праз хвілінку я аддаў ключы ад кватэры. Сьцярпелі ізноў, не спыталіся, чаму сам дзьверы не адчыняў. Вельмі добра. Засталася яна, працоўная паўсядзённая флэшка, якая вісела на аборцы на шыі. На ёй стаяў зашыфраваны дыск, і там было ўсё, што не для чужога вока, але таксама было крыху і адкрытай бягучай перапіскі, датычнай дзейнасьці Вясны. Нічога сакрэтнага, што магло б мяне скампраментаваць, так, розная дробязь, але ўсё ж…

Напачатку, у першыя хвіліны, у кватэры ўзьніклі таўханіна і гармідар. І дэфээраўцы аглядаліся, прыкідвалі з чаго пачынаць вобшук, а было іх чалавек пяць, і амапаўцы ў масках тапталіся ў вітальні разам з “камермэнам”,  і суседзі, якіх ужо пасьпелі запрасіць панятымі, сьціпла зайшлі і спачувальна ківалі галовамі, і сын выйшаў з пакою ў калідор, і Натальля стаяла каля мяне з маім тэлефонам і ключамі ў руках, народу было – не прапіхнуцца. Вось ён, мой шанец. Я ізноў жа адкрыта зьняў флэшку з шыі, скамячыў яе разам з аборкаю ў кулаку і спакойна, як быццам бы так і трэба, перадаў яе жонцы. Старшы групы, які гэта ўсё бачыў, не сьцярпеў, заторгаўся:

– Што вы ёй перадалі? Дайце сюды! – узвысіў ён голас, зьвяртаючыся да жонкі.

– Ідзі, – ціха загадаў я Натальлі і кіўнуў у бок спальні.

Яна ўжо рушыла, але вагалася яшчэ, ці ня спыняць. 

– Ідзі-ідзі, – ізноў ціха і настойліва паўтарыў я.

Наталя пачала адступаць з калідора ў спальню.

– Стойце! – загадаў старшы групы. Пагрозьліва заварушыліся амапаўцы.

– Мама, ідзі! – уголас сказаў Адам.

– Ты што тут камандуеш? – вызьверыўся на Адася “камермэн”, які, відаць, яшчэ і кіраваў амапаўцамі. – Зараз пасьцелім цябе тут, калі будзеш замінаць вобшуку!

Натальля тым часам схавалася ў спальні, а я ўжо зь лёгкім сэрцам пераключыўся на “камермэна”:

– Пакажыце пасьведчаньне! Хто вы такі? – гучна зьвярнуўся я да яго, адцягваючы ўвагу цяпер і ад Натальлі, і ад Адама.

– Вось яны, – паказаў я на байцоў у балаклавах, – бачна, па форме, пры выкананьні. А вы? У рваных джынсах, – джынсы ў яго сапраўды на каленцы былі з дзірой і з лахманамі, – з залатым ланцугом на шыі. Ай-яй-яй… Хто вы такі? Можа бандзюган які. Пакажыце дакументы!

Дэфээраўцы з цікавасьцю прыслуховаліся да нашай спрэчкі, але ў яе ня ўмешваліся. І за жонкаю яны не пайшлі. “Камермэн” дакументы так і не паказаў, адно, палохаў камерай, здымаючы ва ўпор. Знайшоў чым палохаць...  Праз пэўны час Наталя выйшла з спальні ўжо бяз флэшкі.

Дзесяткі разоў апісвалася хада вобшуку ў нашай літаратуры, ва ўспамінах тых зь беларускіх дзеячоў, хто здолеў перажыць зьняволеньне яшчэ ў тыя страшныя сталінскія гады. Багата што з тых часоў зьмянілася. Але калі адбываецца ператрус у тваім жытле, адное прысутнічае заўсёды – пачуцьцё бязсільля і агіды. Чужыя людзі рыюцца у тваім адзеньні, перабіраюць майкі, кашулі, трусы, калупаюцца ў тваіх кнігах, абглядаюць ўсё, як выжлы. Рэчы ў кватэры становяцца як бы не тваімі. Усё, да чаго дакранаюцца рукі аператыўнікаў, становіцца чужым. У мяне падчас вобшуку было пачуцьцё прыкрасьці і няёмкасьці, бо ўсё тое, што зараз праходзіла – аператыўнікі, ампаўцы ў нашай кватэры, увесь гэты рэзрух, які яны стваралі – адбывалася з-за мяне.

Гадоў праз шэсьць пасьля гэтай аперацыі па маім затрыманьні, у аэрапорце “Менск-2” праходзіў я рэчавы кантроль. І пасьля кабінкі, у якой стаіш з узьнятымі рукамі, пакуль яна цябе прасьвечвае, рыхтык як на выхадзе з прамзоны у калоніі, калі цябе прамацваюць кантралёры – ці не вынес ты што-небудзь з колюча-рэжучага, чакаў калі прасьвецяць мой пляцак і запраўляў у нагавіцы папругу. У гэтую хвіліну да мяне падыйшоў супрацоўнік з службы кантролю і бадзёра павітаўся са мной. Я адказаў, хаця не прызнаў яго.

– Вы мяне мабыць не памятаеце, – адказаў ён. – Я быў у групе, якая вас арыштоўвала ў 2011-м, я тады ў ДФР працаваў.

Я ня ведаў, што яму адказаць, і кіўнуў.

– Мы думалі, што вы заўважылі нашага аператыўніка, калі вы з метро каля “Акадэміі навук” выйшлі і зайшлі. Ён тады як раз каля выхада з метро стаяў адзін, затрымліваць вас пабаяўся і паведаміў нам. Ну і паганяліся тады мы за вамі, – засьмяяўся ён.

Я толькі паціснуў плячыма ў адказ. Бываюць жа такія сустрэчы.

А паўтары месяцы таму – гэта ўжо восем гадоў мінула пасьля арышту – адгукнуўся яшчэ адзін удзельнік гэтай бязьлікай, як для мяне, на той момант аператыўнай групы. І абставіны нашай сустрэчы былі яшчэ больш нечаканыя. Сёмага сьнежня ў Менску праходзіла акцыя супраць саюзнай дамовы з Расіяй, на якой, як шараговы удзельнік, быў і я.

Праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч.
Праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч на мітынгу супраць "паглыбленнай інтэграцыі" з Расіяй

Напачатку, пасьля штурханіны з апранутымі ў цывільнае міліцыянтамі, прайшоў мітынг на Кастрычніцкай плошчы. Затым дэманстранты пайшлі па праспекце Незалежнасьці ў бок Дому ўраду. Разам зь імі ішлі і мы з Валянцінам Стэфановічам. Ён нёс падабраны пасьля штурханіны бел-чырвона-белы сьцяг. Крыху наперадзе ад нас крочылі двое хлапцоў: у трэніках, красоўках, кароткіх куртках. У аднаго зь іх на спартовай шапцы-пеўніку была вытканая “Пагоня”, другі памахваў маленькім сьцяжком. І вось той, з “Пагоняй” на шапцы, павярнуўся да мяне, прыгледзеўся, а затым з запалам працягнуў руку і моцна паціснуў яе. Я адказаў, не пазнаючы яго.

– Мы вас арыштоўвалі некалі па крымінальнай справе, – паведаміў ён.

– Во як бывае, – няпэўна адказаў я. – А зараз вы дзе? Мы па розныя бакі?

– Не! – адказаў ён пасьміхаючыся ў адказ. – Мы па адзін бок!

І мы пайшлі далей.

– Ён што, ужо ў адстаўцы? – са зьдзіўленьнем спытаўся Валянцін.

– Ды непадобна. Мабыць яшчэ служыць, – абглядаючы і ацэньваючы гэтую двойку, адказаў я.

І сапраўды, гэты мой стары знаёмы, час ад часу, па хадзе нашай калоны, падыходзіў да хлопцаў у цывільным, якія, моцна не хаваючыся, стаялі з навушнікамі у вушах, і штосьці казаў ім, мабыць аддаваў указаньні. І што яго змусіла падыйсьці да мяне і павітацца, засьвяціць сябе? Ці сапраўды так запомніўся яму тады мой арышт, ці ён спантанна пасылаў сігнал негалоснай падтрымкі ў гэты сёньняшні дзень пратэсту супраць саюзу з Расіяй – ня ведаю.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: I. АРЫШТ

Ліпень 2011 года быў для мяне напружаным і трывожным. Ужо быў я выкліканы ў падатковую інспекцыю, дзе мне паказалі ксеракопіі з рахунка літоўскага банку, куды прыходзілі грошы на дзейнасьць Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства