viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Музей. Як "Беларуская хатка" пераехала з былой Захар’еўскай на цяперашнюю Рабкораўскую

2022 2022-02-16T13:56:05+0300 2022-02-16T15:10:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bel_hatka1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
"Беларуская хатка" ў двары інтэрната ўніверсітэта культуры на вуліцы Рабкораўская. Фота: Vetliva

"Беларуская хатка" ў двары інтэрната ўніверсітэта культуры на вуліцы Рабкораўская. Фота: Vetliva

Праваабаронца і літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі, які з 14 ліпеня знаходзіцца ў зняволенні па палітычна матываванай крымінальнай справе супраць "Вясны", піша ўспаміны пра музей Максіма Багдановіча, дзе ён працаваў дырэктарам з 1989 года па ліпень 1998 года. Друкуецца на "Свабодных навінах" са скарачэннямі.

06.08.2021

Пішучы пра музей Максіма Багдановіча, нельга не згадаць пра філію – "Беларускую хатку". Адчынялі яе ўлетку 1991 года. Так склалася, што адкрыццё стала генеральнай рэпетыцыяй перад прэзентацыяй экспазіцыі ў цэнтральным будынку музея ў Траецкім прадмесці.

Цікавая гісторыя "Беларускай хаткі". Дом стаяў непадалёк ад чыгункі. Крытая бляхай драўляная будыніна з двума ганкамі на дзве паловы, моцны зруб смалістых сцен плошчай каля 100 квадратных метраў. Падчас Першая сусветнай вайны яе здымаў разам з дзвюма сёстрамі Самуіл Плаўнік, які пісаў і дзейнічаў у беларускім нацыянальным руху пад псеўданімам Змітрок Бядуля.

У 1916 годзе Максім Багдановіч прыехаў з Яраслаўля на радзіму ў Менск пасля сканчэння юрыдычнага ліцэя. Змітрок Бядуля прапанаваў яму пасяліцца ў вольным пакойчыку. Максім пагадзіўся. Так у адной хаце жылі разам шэсць месяцаў маладыя, самыя таленавітыя на той час беларускія пісьменнікі – эмацыйны містык і ўдалы апавядальнік Змітрок Бядуля і мадэрновы паэт еўрапейскага кшталту, асветнік Максім Багдановіч.

Выхаваныя ў розных культурных асяродках, атрымаўшы розны ўзровень адукацыі, яны былі злучаныя адной ідэяй – Адраджэння Беларусі. Абодва надзвычай шмат для гэтага зрабілі. Абодва сталі класікамі літаратуры. Гэтае сяброўства Бядуля згадваў як найвялікшую падзею ў сваім жыцці. Незвычайнае тое суседства і для Максіма Багдановіча.

Тут ён мог пастаянна чуць ад Змітрака і ягоных сёстраў жывую беларускую мову, якой тыя валодалі дасканала. Важнай для беларусаў гэтая хата стала яшчэ і з той нагоды, што менавіта тут Максім Багдановіч напісаў культавы верш “Пагоня”. Пакладзены на музыку, ён стаў адным з беларускіх гімнаў.

У халодныя і галодныя месяцы, калі прыфрантавы Менск быў перапоўнены ўцекачамі, параненымі і хворымі жаўнерамі, Багдановіч жыў на мяжы жабрацтва. Увага і клопат Рэні і Гені не маглі замяніць догляд, які слабы здароўем Максім меў у бацькоўскай сям’і. Ягоная надзвычайная сціпласць прывяла да скрушных вынікаў. Максім захварэў на сухоты, пастаянна тэмпературыў, горлам ішла кроў. Менавіта адсюль Багдановіч быў ледзь не пад прымусам адпраўлены менскай інтэлігенцыяй у Ялту на лячэнне, дзе неўзабаве і памёр.

У першай палове 1980-х пытанне пра захаванне дома і ягоную мемарыялізацыю паставіў адзін мастацтвазнаўца, коратка напісаўшы пра яе гісторыю ў “Вячэрнім Мінску”. Гэта супала з часам стварэння музея. Дому пашанцавала. Яго захавалі і перадалі на баланс музея. Адно – перанеслі з месца, дзе ён стаяў на вуліцы Талстога і дзе пабудавалі шматпавярховік, метраў на дзвесце ў дворык інтэрната Інстытута культуры на вуліцу Рабкораўскую.

Дамок стаў бачны з Маскоўскай. Ён стаяў голы і неабгароджаны. Камунікацыі падвялі з інтэрнату, і ў гэтым была праблема, з якой мы сутыкнуліся пазней. Леанід Хадкевіч, былы дырэктар музея, дамовіўся, каб яму аддалі стаўку вартаўніка; ён начаваў у хаце, ахоўваў. Я не пераняў гэтую падпрацоўку, у хаце не было чаго красці. Неўзабаве паставілі ў доме аўтаномную сігналізацыю з магутным равуном. І пытанне аховы было вырашанае. Дом у экспазіцыйным плане назвалі "Беларускай хаткай". Так ён і фігураваў далей як філія Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Праўдзівая ж "Беларуская хатка" знаходзілася на Захар’еўскай вуліцы наўскасяк ад Чырвонага касцёла. Там збіралася і дзеяла тагачасная менская беларуская грамада: Зоська Верас, Ядвігін Ш., Лявон Заяц, Альберт Паўловіч, верагодна, і Раман Скірмунт. Праводзіў там свой вольны ад працы час і Максім Багдановіч.

09.08.2021

Нічога не засталося з былога інтэр’ера хаты з таго часу, як у ёй дружна жылі Змітрок Бядуля з сёстрамі Рэняй і Геняй ды Максімам. Таму, думаючы пра музей, усё даводзілася ўяўляць і аднаўляць. З успамінаў Змітрака – пакой Максіма Багдановіча. Шырокія пафарбаваныя масніцы, белыя сцены і зацемненыя вокны: ноч на двары, запаленая лямпа-газніца, аскетычны жалезны ложак, у куце – куфэрак для рэчаў, саматканы ходнік, некалькі кніжак, гімназічны шынель на кручку, тумбачка з лекамі… Вось і ўся мэбля. Але, калі мы расставілі і выклалі рэчы, кнігі, жалезны ложак, мяне ахапіла пачуццё, што Максім толькі пакінуў гэта ўсё і з’ехаў у Ялту.

Рэчы ў пакоі «Беларускай хаткі». Фота: Vetliva
Рэчы ў пакоі "Беларускай хаткі". Фота: Vetliva

Некаторыя рэчы для пакою – посуд, медную ступку і каменны песцік для размалвання пігулак, ложак – нашыя дзяўчаты здабылі ў старых менскіх дамах. Некалькі такіх на вуліцы каля Юбілейнай плошчы цудам захаваліся дасюль.

Мы хадзілі туды ў 1990-х з Верай і Таццянай Шубінай. Ускараскаліся па драўлянай лесвіцы на пагорак і апынуліся на старасвецкай вуліцы: на доле брук, вішні за плотам і брэх сабак. Побач будаваўся шматпавярховік, за спінаю засталася гаргара тэатра музкамедыі.

А тут мы акунуліся ў атмасферу местачковасці. На двары, куды зайшлі, пад вадасцёкам стаяла дзіўнай формы ацынкаваная балея. “Такіх ужо даўно не робяць”, – сказала Вера. Яна і Таццяна павіталіся з гаспадыняй, мы зайшлі ў дом – стары, яшчэ дарэвалюцыйны. Буфет, венскія крэслы, посуд – патрапілі ў атмасферу пачатку ХХ стагоддзя. Дзіўнае адчуванне ахапіла мяне. Ні змена ўлады, ні вайна і паваенны час, здаецца, сюды не дапялі. Тут было ўсё так, як у часы Максіма Багдановіча. Выкупілі ў гаспадыні нейкую драбязу, здаецца, тую ступку з песцікам, якая неўзабаве стала на тумбачку ў мемарыяльным пакоі Максіма ў "Беларускай Хатцы", а таксама ручную машынку для выціскання бялізны з англійскім лейблам, і вярнуліся задаволеныя ў музей.

15.08.2021

Адзін з вялікіх пакояў у "Беларускай хатцы" пакінулі пад музейную экспазіцыю і батлейку. Інфармацыю пра "Хатку", пра жыццё Максіма Багдановіча Эдуард Агуновіч прапанаваў размясціць у складнях, зробленых у форме аканіцаў. Складні мусілі быць размешчаныя на сценах. Сам жа пакой уяўляў вялікую залу з драўлянымі лавамі і сцэнаю, на якой стаяла батлейка. Драўляная, збітая з дошак скрыня з двума ўзроўнямі і каляднай зоркай наверсе. Копія старой батлейкі, якая захоўвалася ў пецярбургскім этнаграфічным музеі і была прывезеная туды напачатку ХХ стагоддзя.

Зрабіць батлеечны тэатр у "Хатцы" – вельмі ўдалая ідэя. Адна экскурсія без інтэрактыву была б занадта сумнай для наведвальнікаў, асноўная частка якіх – школьнікі.

Першым батлеечнікам стаў мой стары сябра Сяржук Вітушка. Мы яшчэ не адчынілі экспазіцыю, а Сяржук на народных вулічных святах паказваў традыцыйную народную п’есу. Адзін з паказаў быў каля Белай дачы. Батлейка нязменна выклікала гарачае захаплене.

Аднак Вітушка доўга ў музеі не затрымаўся. Неўзабаве ён ажаніўся з вілінчанкай, беларускай актывісткай, нашай сяброўкай Людвікай, і пераехаў у Вільню.

У гэты самы час у Менск перабраўся мой сябра са студэнцкіх часоў, паэт Едрусь Акулін. Я прапанаваў яму далучыцца да музейнай каманды, пайсці на загадчыка філіі ў "Беларускую хатку". Так яна знайшла свайго сапраўднага гаспадара. Наступныя дванаццаць гадоў можна смела назваць перыядам Едруся Акуліна. Ён віртуозна засвоіў батлейку, вадзіў лялькі, спяваў на розныя галасы пад гітару, захопена распавядаў пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча, кожны раз упадаючы ў тэатральна-распавядальны транс. Едрусь даглядаў і гаспадарку: абкошваў двор, падсаджваў дрэвы і кусты. У "Хатцы" збіраўся клуб аматараў паэзіі, там прайшлі дзясяткі сустрэч. Заглядваў у госці да Едруся і Анатоль Сыс. За гады працы Едрусь правёў тысячы экскурсій, быў надзейным памочнікам і маторам у музейных справах.

У 1992-м у "Хатцы" стала працаваць Наталля Акуліна, жонка Едруся, наша аднакурсніца. Яна замяніла Таццяну Шэляговіч, якая перайшла ў экскурсійны аддзел цэнтральнага музея. Наталля таксама навучылася выдатна праводзіць экскурсіі і паказваць батлейку. Праца Наталлі і Едруся была каштоўным здабыткам для музея.

Адкрыццё "Беларускай хаткі" запланавалі на лета 1991 года. Экспазіцыя рабілася; побач з музейным дваром скульптар Уладзімір Слабодчыкаў усталяваў скульптуру паэта. Дамаўляўся наконт яе вырабу Эдуард Агуновіч. Скульптура была выкананая ў выглядзе невялікай стэлы з ружовага граніту і бронзавага бюсту. Яна выглядала непрыкметнай, не кідалася ў вочы, яе мінімалізм характэрны для Слабодчыкава. Але не прахадная, адметная і ўнікальная, пасуе да характару самога Максіма, які пісаў пра сябе: “Я непрыкметны шэры чалавек”, але меў у душы жыватворчы агонь генія.

Да адкрыцця "Хаткі" заставалася два месяцы, а яна стаяла неабгароджаная. Гарадская ўправа, адказная за добраўпарадкаванне тэрыторыі, зусім не спяшалася, а можа і зусім не збіралася гэта рабіць.

Паводле рэспубліканскіх планаў святкавання сотых угодкаў з дня нараджэння Максіма Багдановіча, зацверджаных Саветам міністраў, менавіта горад адказваў за гэта. Але 1991-ы быў вельмі няпросты для Менска. Цяжкая эканамічная сітуацыя, палітычныя змены – багата якія планы не выконваліся. У 1990-м я быў абраны дэпутатам Менскага гарадскога савета. У траўні-чэрвені 1991 года пісьмова звярнуўся да старшыні гарсавета з просьбай паўплываць на кіраўніцтва будаўнічага трэсту, каб давесці прымузейную тэрыторыю да ладу. Старшыня Аляксандр Герасіменка націснуў – і праз пару тыдняў пачаліся працы.

Усе блогі Алеся Бяляцкага

Падтрымаць Алеся лістамі і паштоўкамі салідарнасці можна па адрасе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства