Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2019 годзе Дакумент
ВЫСНОВЫ
- нягледзячы на нязначнае зніжэнне агульнага ўзроўню рэпрэсій у краіне ў параўнанні з папярэднім годам, у Беларусі на працягу 2019 года не адбылося істотных сістэмных зменаў у галіне грамадзянскіх і палітычных правоў, у першую чаргу на заканадаўчым узроўні, накіраваных на якаснае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека;
- улады Беларусі не здолелі цалкам адмовіцца ад практыкі крымінальнага пераследу грамадзян па палітычных матывах. Па дадзеных ПЦ “Вясна”, на працягу года палітычна матываваны крымінальны пераслед ажыццяўляўся ў дачыненні да сямі чалавек (М. Золатавай, С. Пятрухіна, А. Кабанава, А. Павука, М. Мазько, Д. Мазько, і Д. Паліенкі), трое з якіх (М. Золатава, С. Пятрухін і Д. Паліенка) былі асуджаныя судамі да пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі;
- нягледзячы на адсутнасць новых палітвязняў, у 2019 г. у месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца прызнаны беларускай праваабарончай супольнасцю палітвязнем Міхаіл Жамчужны. Працягваюць адбываць раней вынесенае судом пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу лідары незалежнага прафсаюза РЭП Г. Фядыніч і І. Комлік. Іх пераслед быў прызнаны палітычна матываваным як беларускімі, так і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі;
- выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання, якія прайшлі 17 лістапада 2019 г., не былі прызнаныя свабоднымі і дэмакратычнымі як незалежнымі нацыянальнымі назіральнікамі, так і міжнароднай місіяй назірання за выбарамі БДІПЧ АБСЕ;
- правядзенне парламенцкіх выбараў не прывяло да істотнага росту рэпрэсій у перыяд іх правядзення, аднак у пост-выбарчы перыяд назіралася павелічэнне адміністрацыйных справаў у дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў, якія праводзіліся ў перыяд электаральнай кампаніі, а таксама ў дачыненні да ўдзельнікаў серыі акцый пратэсту супраць г.зв. «паглыбленай інтэграцыі» з Расіяй, якая прайшла ў Мінску, Гродне, Пінску, Лідзе ў снежні 2019 г.;
- у 2019 годзе па артыкуле 23.34 КаАП вынесена не менш за 162 пастановы ў дачыненні да 121 чалавека. З іх прызначаны арышт у 13 зафіксаваных выпадках. Акрамя таго, за ажыццяўленне права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў на вулічных акцыях па артыкуле 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы) да адказнасці прыцягнуты 3 чалавекі, па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства) да адказнасці прыцягнуты 16 чалавек (25 зафіксаваных выпадкаў, вялікая частка з якіх кваліфікавана адначасова і па арт. 23.4 КаАП), з іх двум прызначаны арышт. 11 чалавек (44 выпадкі) аштрафаваныя за парушэнне правілаў дарожнага руху. Такім чынам, за ажыццяўленне права на мірныя сходы, свабоду меркаванняў і іх выказванне на вулічных акцыях падвергнуты адміністрацыйным спагнаннях не менш за 151 чалавек, зафіксавана не менш за 234 выпадкі рэпрэсій;
- на працягу года былі зафіксаваныя шматлікія выпадкі пераследу блогераў і журналістаў незалежных СМІ ў сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці. Па дадзеных ПЦ “Вясна”, за 2019 год зафіксаваныя 45 фактаў адвольнага прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці 20 журналістаў і блогераў па ч. 2 арт. 22.9 КаАП. Агульная сума штрафаў за год склала 1 689 базавых велічынь — больш за 43 000 беларускіх рублёў;
- у 2019 годзе істотна не змянілася становішча з правамі на асабістую недатыкальнасць, свабоду ад катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання;
- нягледзячы на працяг дыялогу з ЕС і ПАСЕ па праблеме смяротнага пакарання і заклікі да ўвядзення мараторыя, на працягу года ў Беларусі працягвалася прымяненне гэтага віду пакарання. У 2019 г. былі вынесеныя тры новыя смяротныя прысуды, а тры ранейшыя прысуды былі прыведзеныя ў выкананне;
- на працягу года ў краіне актыўна ўжывалася прымусовая праца ізаляваных у ЛПП, «абавязаных асобаў», прыцягнутых мясцовымі выканкамамі супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў і ўстановаў, а таксама ваеннаслужачых тэрміновай службы і студэнтаў дзяржаўных ВНУ да ўборкі сельгаспрадукцыі, удзелу ў суботніках і г.д.